БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,

1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).

2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Вядомая са стараж. часоў. У 1930-я г. працавала каля 30 майстроў«паліўнікаў», якія выраблялі паліваны посуд (гаршкі, гарлачы, збаны, слоі, міскі, глякі, цукарніцы і інш.). Бешанковіцкая кераміка вылучалася простымі геам. формамі, светла-чырвоным колерам, амаль поўнай адсутнасцю дэкору (зрэдку ўжываўся геам. штамп), разнастайнымі памерамі, у залежнасці ад якіх вырабы мелі розныя назвы: 10-літровы гаршчок называўся «штука», 5-літровы — «пугар», 2,5-літровы — «пяцярык», літровы — «семярык» і г.д. 100 «штук» складалі камплект. Была пашырана вытв-сць цацак. У 1934 створана арцель, пазней — прамкамбінат (існаваў да 1945). У 1950—70-я г. промыслам займаліся асобныя майстры, сярод якіх А.​С.​Бельскі, Т.​Дз.​Балтовіч.

У.​В.​Угрыновіч.

Бешанковіцкая кераміка 1930-я г.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́ННЫЯ СТЫМУЛЯ́ТАРЫ,

рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, якія стымулююць і паскараюць працэсы рэгенерацыі тканак пры ўвядзенні іх у арганізм. Вучэнне пра біягенныя стымулятары распрацавана У.​П.​Філатавым (1933). Прэпараты, што маюць біягенныя стымулятары, рыхтуюць з тканак раслін (экстракт алоэ, кансерваваная трава расходніку — біясед, сок каланхоэ), жывёл і чалавека пасля знаходжання іх у неспрыяльных умовах (цемра, ахаладжэнне), ліманных (ФіБС) і глеевых гразяў, торфу, дзе колькасць біягенных стымулятараў абумоўлена вымерлай мікрафлорай, мікрафаунай і інш. Механізм дзеяння біягенных стымулятараў вывучаны недастаткова. Біягенныя стымулятары выкарыстоўваюць на лячэнне пры запаленчых, дэгенератыўных і атрафічных працэсах, доўга незагойвальных ранах, язвах, хваробах вачэй, экзэмах, трэшчынах і пераломах касцей, эндаметрытах, пры затрымцы паследу, бясплоднасці і інш. У жывёлагадоўлі з іх дапамогай стымулююць рост маладняку, мнагаплоднасць с.-г. жывёл, павелічэнне іх прадукцыйнасці.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЭЛРО́,

першы перспектыўны план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі Савецкай Расіі на аснове электрыфікацыі. Складзены Дзярж. камісіяй па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО) на чале з Г.​М.​Кржыжаноўскім, разгледжаны VII (снеж. 1920) і зацверджаны IX (снеж. 1921) Усерас. з’ездамі Саветаў. План прадугледжваў буд-ва 30 раённых электрастанцый (20 ЦЭС і 10 ГЭС) і рэканструкцыю дзейных. Намячалася давесці сумарную гадавую выпрацоўку электраэнергіі да 8,8 млрд. кВтгадз (супраць 1,9 млрд. кВтгадз, якія выпрацоўваліся ў Расіі ў 1913). Прадугледжвалася тэхн. пераўзбраенне ўсіх галін нар. гаспадаркі на базе макс. выкарыстання электраэнергіі. На Беларусі ў перыяд ажыццяўлення плана ГОЭЛРО ў 1927 пачалося буд-ва Беларускай ДРЭС. План ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў, у асноўным выкананы ў 1931 і да 1935 перавыкананы больш як у 2 разы.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,

адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.

Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.

Да арт. Гранульная металургія. Схема ўстаноўкі для атрымання гранул цэнтрабежным распыленнем вадкага металу: 1 — гранулы; 2 — камера распылення; 3 — вакуумныя затворы; 4 — вакуумная індукцыйная печ; 5 — аргон; 6 — кампрэсар; 7 — фільтр; 8 — кантэйнер для гранул.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВЫЯ НАКАПЛЕ́ННІ,

чысты даход (прыбытак) грамадства, які ствараецца на прадпрыемствах і рэалізуецца ў грашовай форме. Паводле формы ўяўляе сабой розніцу паміж цаной (коштам), па якой тавары або паслугі рэалізуюцца пакупнікам, і іх поўным сабекоштам. Адрозніваюць грашовыя накапленні на мікра- і макраўзроўнях. Першыя ўключаюць у асноўным прыбытак як фін. вынік дзейнасці эканамічна адасобленых суб’ектаў гаспадарання і накіроўваюцца на расшырэнне і ўдасканаленне вытв-сці, вырашэнне сац. задач. Другія аб’ядноўваюць т.зв. цэнаўтваральныя падаткі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы), якія ўносяцца ў бюджэт, а таксама абавязковыя плацяжы і адлічэнні ў пазабюджэтныя фонды (на ўтрыманне пажарнай службы, ведамаснага жылля і да т.п.). Іх выкарыстоўваюць на фінансаванне дзярж. Выдаткаў (нар. гаспадаркі, сац.-культ. расходаў, органаў кіравання і інш.) і адпаведныя мэтавыя праграмы.

В.​С.​Бас.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,

крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ГАЛ плоскі,

геаметрычная фігура, утвораная двума прамянямі (старанамі вугла), якія выходзяць з аднаго пункта (вяршыні вугла). Кожны вугал з вяршыняй у цэнтры некаторай акружнасці (цэнтральны вугал) вызначае на акружнасці дугу, абмежаваную пунктамі перасячэння акружнасці са старанамі вугла, што дае магчымасць вымяраць вугал адпаведнымі ім дугамі. Адзінка вымярэння вугла — градус або радыян.

Вугал можна разглядаць і як фігуру, атрыманую вярчэннем фіксаванага праменя вакол пункта, з якога прамень выходзіць, да зададзенага становішча. У залежнасці ад напрамку вярчэння адрозніваюць дадатныя і адмоўныя вуглы. Пад вуглом паміж дзвюма крывымі, што перасякаюцца ў адным пункце, разумеюць вугал паміж датычнымі да крывых у гэтым пункце. Гл. таксама Вертыкальныя вуглы, Двухгранны вугал, Знешні вугал, Мнагагранны вугал, Сумежныя вуглы, Цялесны вугал.

Вугал: 1 — плоскі; 2 — цэнтральны; 3 — паміж дзвюма крывымі.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,

сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.

А.​А.​Кожынава.

Вузлавое пісьмо кіпу (уверсе) і вампум.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)