ІНВЕ́РСІЯ ЛАНДША́ФТАЎ,

размеркаванне ландшафтаў па вышыні, якое не адпавядае закону вышыннай пояснасці. Найб. характэрна для раёнаў з перасечаным рэльефам тыпу нізка- і сярэднягор’яў. Можа быць выклікана інверсіяй тэмпературы, ападкаў, мясц. зменамі воднага рэжыму. У выпадку І.л. уверх па схіле фарміруюцца больш цеплалюбівыя ландшафты. Напр., у Прыамур’і ахоцкая тайга з падзолістымі глебамі змяняецца з вышынёй хвойна-шыракалістымі лясамі маньчжурскага тыпу на бурых лясных глебах.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. instructio настаўленне),

1) юрыдычны падзаконны акт, які выдаецца з мэтай растлумачэння і вызначэння парадку ўжывання закону або інш. нарматыўнага акта. У Рэспубліцы Беларусь выдаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі, ведамствамі. Найважнейшыя з іх зацвярджаюцца ўрадам, некаторыя — мін-вамі і ведамствамі разам з кіраўніцтвам прафсаюзаў.

2) Указанні тэхн. парадку (правілы карыстання якім-н. механізмам, спосабы выканання тэхнал. аперацый і інш.).

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ ((Collot) Мары Ан) (1748, Парыж — 23.2.1821),

французскі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. З 1764 вучылася ў Э.М.Фальканэ, у 1766—78 працавала разам з ім у Расіі. З 1767 чл. Пецярбургскай АМ. Аўтар шматлікіх партрэтных бюстаў, якія вылучаюцца жывасцю характарыстык (Вальтэра, каля 1770; Д.​Дзідро, 1772; Фальканэ, 1773, і інш.). Каля 1773 вылепіла мадэль галавы Пятра I для помніка яму работы Фальканэ ў Пецярбургу.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАТКЕ́ВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і ў 1935—62. Утвораны 17.7.1924 у Мазырскай акрузе (да ліп. 1930). Цэнтр — г.п. Капаткевічы. 20.8.1924 падзелены на 9 сельсаветаў. 8.7.1931 скасаваны. 12.2.1935 адноўлены, уключаў 13 сельсаветаў. З 21.6.1935 зноў у Мазырскай акр., з 20.2.1938 у Палескай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. Скасаваны 25.12.1962, тэр. далучана да Петрыкаўскага р-на.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНА́ДА,

кароткая гладкаствольная чыгунная гармата буйнога калібру ў 18—19 ст. Упершыню з’явілася ў ВМФ Вялікабрытаніі ў 1774, выраблялася на Каронскім ліцейным з-дзе (Шатландыя; адсюль назва). Выкарыстоўвалася ў карабельнай і берагавой артылерыі для вядзення агню па караблях праціўніка ядрамі або разрыўнымі снарадамі на блізкіх адлегласцях. У ВМФ Расіі з 1805. К. страцілі значэнне разам з драўляным флотам (сярэдзіна 19 ст.).

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВІК,

археалагічны помнік у правінцыі Сконе на Пд Швецыі, месца размяшчэння аднаго з буйнейшых пахавальных насыпаў у Скандынавіі. Меў 64 м у дыяметры, насыпаны над цыстай (каменная скрыня для пахавання), пліты якой упрыгожаны малюнкамі з выявамі працэсій, чалавечых фігур, калясніцы з вознікам, караблёў, коней, сякер, сонечных дыскаў. На час адкрыцця (1748) быў поўнасцю разрабаваны. Паводле стылю малюнкаў датуецца 10 ст. да н.э.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЧКО́ (Георгій Якаўлевіч) (1.1.1925, мяст. Заблудаў Падляскага ваяв., Польшча — 10.9.1977),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Сярэдняе вучылішча ваен. музыкантаў у Маскве (1946), Бел. кансерваторыю (1963, клас М.Браценнікава). З 1946 ваен. дырыжор. З 1960 артыст Дзярж. сімф. аркестра Беларусі, з 1963 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртную дзейнасць як саліст і ансамбліст, у рэпертуары пераважалі творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАЛАЎСКІ БОЙ 1942,

бой партызан 125-га атрада імя Сталіна (камандзір С.​А.​Рыжак) па знішчэнні варожага блокпаста з дотам каля раз’езда Комалава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. 19 чэрв. ў Вял. Айч. вайну. У выніку 1,5-гадзіннага бою з намнога большымі сіламі праціўніка партызаны спалілі будынак блокпаста, знішчылі танк, процітанк. гармату, 2 радыёстанцыі, 15 бочак гаручага і выйшлі з-пад агню.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН (Андрэй Рыгоравіч) (12.12.1911, в. Дуброва Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. — 5.11.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Ленінграда: 5.11.1943, калі застаўся адзін з гарматнага разліку, працягваў весці агонь; цяжка паранены, накрыў сабой скрынку з артыл. снарадамі, якая загарэлася, і цаной свайго жыцця прадухіліў выбух. Яго імем названа вуліца ў г. Нароўля.

А.Р.Корзун.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РМАК ((Cormack) Алан Маклеад) (н. 23.3.1924, г. Іаганесбург, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Кейптаўнскі ун-т (1945). З 1957 ва ун-це Тафтса ў Медфардзе (у 1968—76 праф., заг. кафедры), ЗША. Навук. працы па вымярэнні доз радыяцыі, ядзерных узаемадзеяннях, фізіцы часціц. Адзін з распрацоўшчыкаў камп’ютэрнай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Г.Хаўнсфілдам).

А.М.Кормак.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)