«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»

(«Głos znad Niemna»),

газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІТО́К,

1) суквецце, у якім спіральна закручана больш маладая частка з нераспушчанымі кветкамі. У З. ад гал. восі (галінкі), якая нясе адну кветку, ніжэй адыходзіць другая аднакветкавая вось, ад яе ў гэты ж бок — вось 3-га парадку і г.д. З. характэрны для сям. бурачнікавых (святаяннік, шчамяліца, жывакост).

2) Абароты спіралі ракавіны ў некат. беспазваночных жывёл (напр., у бруханогіх малюскаў).

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГЛЕ́ЙВАННЕ,

1) адкладанне ў вадасховішчах, азёрах, арашальных каналах і інш. водных аб’ектах з застойнай ці павольна цякучай вадой завіслых і цягненых наносаў (глею, пяску, гравію, гліны, рэшткаў раслін). На скорасць З. ўплываюць прыродныя асаблівасці вадазбору (нахілы рэльефу, характар грунтоў, разаранасць, расліннае покрыва). Інтэнсіўнае З. прыводзіць да ліквідацыі вадасховішчаў.

2) Адкладанне ў пойме паводкавых наносаў ракі або яроў.

3) Метад меліярацыі пясчаных зямель.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКУШНЯ́К (Аляксандр Якаўлевіч) (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),

артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм. акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.​Франса, «Егіпецкія ночы» А.​Пушкіна, «Тарас Бульба» М.​Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.​Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.​Дастаеўскага і інш.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,

працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.​Юкава і С.​Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.​Альварэсам у 1938.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МШЧЫНА,

частка тэр. Рус. дзяржавы, вылучаная Іванам IV Васілевічам у сувязі з апрычнінай. Цэнтр — Масква. Мела асобнае кіраванне (Баярскую думу, мясц. прыказы), войскі. У З. ўваходзілі пераважна ўскраінныя землі: пермскія, вяцкія, парубежныя і северскія гарады, Сярэдняе Паволжа, раёны Старадуба і Абаленска, вобласці Ноўгарада і Пскова, Разань, Вял. Лукі, Цвер, Уладзімір, часткова Масква. Пасля рэарганізацыі апрычніны (1572) З. і апрычныя землі паступова зліліся.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у тэктоніцы,

перамяшчэнне блокаў горных парод адносна адзін аднаго па разломе ў гарыз. напрамку. Паводле структуры змяшчальных парод вылучаюць З. левыя, правыя, згодныя, нязгодныя, папярочныя, падоўжныя і косыя. Даўж. ад некалькіх метраў да многіх соцень кіламетраў, амплітуда ад некалькіх сантыметраў да многіх соцень кіламетраў (напр., З. Сан-Андрэас у Каліфорніі цягнецца на 1000 км, з амплітудай больш за 100 км).

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЕ,

радовішча пяску ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Лукі. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі поймы р. Дняпро. Пяскі светла-шэрыя, палевашпатавакварцавыя, дробназярністыя, з лінзамі сярэднезярністых. Разведаныя запасы 13,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,9—10,1 м, ускрышы 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сценавых вырабаў з шчыльнага і ячэістага сілікатабетону.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н Ю́Р’ЕВІЧ,

князь тураўскага роду Ізяславічаў у 12 ст. Сын кн. Юрыя Яраславіча. Ва Уваскрасенскім летапісе ўпамінаецца пад 1167, у Густынскім — пад 1168. Разам з інш. рус. князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1170 дапамагаў кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. Верагодна, валодаў адным з удзелаў Тураўскай зямлі.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЬ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі сярэдневякоўя на месцы паселішча мілаградскай культуры, каля в. Івань Слуцкага р-на Мінскай. Знойдзены абломкі керамікі, жал. нажы, сярпы, наканечнікі кап’я і стрэл, бронзавыя падвескі, фібула, шкляныя пацеркі і інш. З 3-й чвэрці 1 ст. і ў 12—13 ст. гарадзішча, відаць, выкарыстоўвалася як сховішча для насельніцтва.

Касцяное дзяржанне з цыркульным арнаментам з гарадзішча Івань.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)