МЕ́ЛІХАЎ Георгій Сцяпанавіч (24.5.1908, г. Харкаў, Украіна — 22.4.1985),
украінскі жывапісец. Нар.маст. Украіны (1967). Чл.-кар.АМСССР (1979). Скончыў Кіеўскі маст.ін-т (1941), выкладаў у ім (1945—61; з 1960 праф.). Сярод твораў: «Гуцулка» (1946), «Малады Тарас Шаўчэнка ў майстэрні ў К.П.Брулова» (1947), «Дзеці» (1952), «М.Горкі на Украіне» (1957), «Франтавая вясна» (1967), «Горная дарога» (1971), «Бэз цвіце» (1974), «Музычная раніца» (1981) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВАЕ КІРАВА́ННЕ І САМАКІРАВА́ННЕ,
кіраванне справамі мясц. значэння, якое ажыццяўляецца органамі і службовымі асобамі, прызначанымі цэнтр. і інш. вышэйстаячымі органамі і падпарадкаваныя ім, а таксама выканаўчымі органамі, якія выбіраюцца насельніцтвам, і органамі мясц. самакіравання. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў вызначаюцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЕЦ (Nĕmec) Богуміл (12.3.1873, Прасек, паблізу г. Нові-Біджаў, Чэхія — 7.4.1966),
чэшскі батанік, адзін з заснавальнікаў эксперым. цыталогіі раслін. Акад. Чэшскай АН (1918). Ганаровы член с.-г.АН у Стакгольме. Скончыў Пражскі ун-т (1895), працаваў у ім. У 1901—38 дырэктар Ін-та анатоміі і фізіялогіі раслін Пражскага ун-та. Навук. працы па ўплыве розных фактараў на дзяленне клетак, поліплаідыі, трапізмах, фізіялогіі росту і апладненні ў раслін, міка- і фітапаталогіі, гісторыі батанікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАВА Валянціна Іванаўна (н. 26.5.1946, г. Хатынец Арлоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1984), праф. (1985). Скончыла Віцебскі мед.ін-т (1970), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры). Навук. працы па механізмах гнойна-септычных захворванняў, метадах дыягностыкі і лячэння імунадэфіцытных і алергічных хвароб у дзяцей.
Тв.:
Клеточные методы иммунодиагностики. Мн., 1979 (разам з Дз.К.Новікавым);
Бронхиты у детей. Витебск. 1998 (разам з П.Дз.Новікавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭСПА́НЬ,
бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер 3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.А.Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы з пач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПІ́Д (Pelopidas; каля 410 да н.э., г. Фівы, Грэцыя — 364 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 379 адзін з арганізатараў антыспартанскага дэмакр. перавароту ў Фівах. З 378 шмат разоў выбіраўся ў калегію гал.дзярж. чыноўнікаў (беатархаў) Беатыйскага саюза. Пад яго кіраўніцтвам фіванцы перамаглі спартанцаў каля Танагры (377), Тэгіры (375), Леўктраў (371). З 369 кіраваў ваен. дзеяннямі фіванцаў супраць Македоніі і тырана г. Фер Аляксандра; загінуў у бітве з ім каля Кінаскефалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМАЛІЁН,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі скульптар, цар в-ва Кіпр, які закахаўся ў выразаную ім са слановай косці статую дзяўчыны-прыгажуні Галатэі. У адказ на маленне П. багіня Афрадыта ажывіла статую. У пераносным сэнсе П. — чалавек, закаханы ў свой твор. Сюжэт «П. і Галатэя» неаднаразова выкарыстаны ў л-ры (Ж.Ж.Русо, Б.Шоу і інш.) і мастацтве (Ф.Бушэ, Э.М.Фальканэ і інш.).
Пігмаліён і Галатэя. Скульптар Э.М.Фальканэ. 1763.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́Ў,
адносна вузкая водная прастора, якая раздзяляе якія-небудзь участкі сушы і злучае сумежныя водныя басейны або іх часткі. Звычайна П. мае свой асобны гідралагічны рэжым, які залежыць ад рэжыму злучаных ім вадаёмаў або частак вадаёмаў, даўжыні, шырыні і глыбіні П. Макс. памеры: даўж. 1760 км (Мазамбікскі П. паміж Афрыкай і в-вам Мадагаскар), шыр. да 1120 км (П. Дрэйка, паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі, злучае Атл.ак. з Ціхім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,
гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.П.Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал.ч. партрэты і факсіміле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТКЕ́ВІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва каля в. Руткевічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Парк рэгулярнага тыпу з элементамі больш позняй пейзажнай планіроўкі. Пл. 5 га. Захаваліся 4 невял. тэрасы, фрагменты ліпавых прысад. Да парку прымыкае пладовы сад. У ім растуць каля 80 відаў і форм раслін: з мясц. парод — елка, ліпа, вярба, язмін садовы; з экзотаў — елка блакітная, туя зах., лістоўніца польская.