НІЗКАГО́РНЫ РЭЛЬЕ́Ф, нізкагор’е,

тып горнага рэльефу, які адпавядае самаму нізкаму ярусу гор (абсалютныя вышыні не перавышаюць 1000 м). Найчасцей утвараецца ў выніку дэнудацыі больш высокіх гор. Трапляецца ў перыферычных частках горных утварэнняў, у зонах умераных тэктанічных падняццяў; ёсць і самаст. нізкагорныя сістэмы (напр., Мугаджары ў Казахстане). Характарызуецца мяккімі круглаватымі абрысамі хрыбтоў і асобных узвышшаў, месцамі трапляюцца ўчасткі драбнасопачніка; у высокіх шыротах, дзе развіты ледавіковыя формы, набывае альпійскія рысы.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦА́ЕЎ Віктар Іванавіч (19.6.1933, г. Акцюбінск, Казахстан — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Пензенскі політэхн. ін-т (1955). З 1969 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як інжынер-выпрабавальнік). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля П. і члены экіпажа загінулі. У космасе правёў 23,8 сут.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,

спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 м (у вял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРО́СЫ,

нагрувашчванні лёду на морах. рэках і азёрах. Утвараюцца ў выніку бакавога ціску ледзяных палёў адно на адно, пры расколванні лядовага покрыва вял. таўшчыні; выш. каля 10 м, у прыбярэжнай ч. да 20 м. Сярод форм Т. вылучаюць: бар’еры, грады, рапакі, стамухі (асобныя нагрувашчванні на мелі). Т. найб. пашыраны ва Усх.-Сібірскім і Чукоцкім м., у адкрытай ч. Паўн. Ледавітага ак. На рэках Т. ўтвараюцца ў час крыгаходу.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАКА́РСТ (ад тэрма... + карст),

утварэнне прасадачных форм рэльефу і падземных пустот у пластах горных парод у выніку раставання падземнага лёду або адтайвання грунту пры павышэнні сярэднегадавой т-ры паветра. Пры Т. ўтвараюцца катлавіны з тэрмакарставымі азёрамі, аласы, западзіны, сподкі, правалы і падземныя поласці (гроты, нішы, ямы). Пашыраны ў зоне вечнай мерзлаты, зрэдку трапляецца ў раёнах з сезонным прамярзаннем глеб і грунтоў; характэрны пераважна для пераўвільготненых рэгіёнаў, дзе шмат азёр і балот.

т. 16, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Ю́НІЛЕВЕР»

(Unilever),

нідэрландска-англійская карпарацыя харч. прадуктаў. Створана ў 1929 у выніку зліцця англ. мылаварнага трэста «Левер бразерс» і нідэрландскага маргарынавага трэста «Маргарын юні». Кантралюе ў эканамічна развітых краінах каля 40% вытв-сці маргарыну і каля 20% мыйных сродкаў; выпускае харч. прадукты, мыйныя сродкі і касметычныя тавары. Аб’ём продажу 30,5 млрд. дол., чысты прыбытак 1,5 млрд. дол., у вытв-сці заняты 291 тыс. чал. (канец 1980-х г.).

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́СА (Somoza),

сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г. Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац. ўсх. ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.​С.​Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.​М.​Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.​Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.

т. 14, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНТАНІ́Т, бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША),

адбельныя гліны (гл. Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2∙nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),

дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧЫ́ХІНСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж зводным атрадам 2-й Бел. партыз. брыгады імя П.​К.​Панамарэнкі і ням.-фаш. гарнізонам на ст. Бычыха Мехаўскага р-на (цяпер у Гарадоцкім р-не) Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У ноч на 15 ліп. партызаны з боем уварваліся ў акопы і апорныя пункты ворага, разграмілі гарнізон на станцыі і тэр. былой МТС. У выніку бою чыгунка Віцебск—Невель была выведзена са строю больш як на суткі.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)