БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.

Размешчаны ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял. Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл. каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.

Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РМАТАЎ (Усевалад Яўстафіевіч) (н. 7.11.1928, в. Міцькаўка Клімаўскага р-на Бранскай вобл.),

бел. генетык і селекцыянер раслін. Чл.-кар. АН Беларусі (1970), д-р біял. н. (1968), праф. (1976). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1952). З 1955 нам. дырэктара Ін-та біялогіі АН БССР, з 1977 рэктар БСГА, у 1963—77 і з 1980 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па эксперым. поліплаідыі і гетэрозісе ў с.-г. раслін, тэорыі і метадах храмасомнай інжынерыі раслін, біятэхналогіі.

Тв.:

Экспериментальная полиплоидия и гетерозис у сахарной свеклы. Мн., 1972 (разам з М.​В.​Турбіным);

Полиплоидия и полиморфизм растений по величине клеток. Мн., 1986 (разам з Т.​І.​Лапацінай);

Тетраплоидные тритикале. Мн., 1990 (у сааўт.).

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАКНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ,

група раслін, валокны прыродныя якіх ідуць на розныя вырабы (пражу, тканіны, вяроўкі, канаты, рыбалоўныя снасці і інш.). Да іх належаць некаторыя водарасці, мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя і асабліва пакрытанасенныя. Каля 2000 відаў, выкарыстоўваюцца і культывуюцца каля 600.

Найб. важныя сямействы: мальвавыя (абутылон, або канатнік, бавоўнік, кенаф), лёнавыя (лён), ліпавыя (джут, ліпа), каноплевыя (каноплі), крапіўныя (крапіва, рамі), агававыя (агава), бананавыя (тэкст. банан). Як валакністы матэрыял выкарыстоўваюцца лубяныя і драўняныя валокны, а таксама валаскі раслін, у залежнасці ад чаго валакністыя расліны падзяляюцца на валасковыя, драўняныя і лубяныя. На Беларусі з валакністых раслін культывуюцца каноплі і лён, таксама трапляюцца дзікарослыя з родаў асака, крапіва, ліпа, пажарніца, рагоз, трыснёг, хацьма і інш.

т. 3, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУТАМІ́Н,

L-p-амід-L-глутамінавай кіслаты, C5H10O3N2, заменная амінакіслата ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў; амінакіслотны кампанент бялкоў і поліпептыдаў. У свабодным стане ў значнай колькасці ёсць у раслін, сардэчнай і шкілетных мышцах, мозгу. Важнейшае злучэнне азоцістага абмену, з дапамогай якога пераносяцца амінагрупы (пераамінаванне). Пры ўтварэнні глутаміну з глутамінавай к-ты ў раслін і многіх жывёл абясшкоджваецца таксічны аміяк. Адзін з прадуктаў першаснага звязвання малекулярнага азоту клубеньчыкавымі бактэрыямі і свабодна жывучымі азотфіксатарамі. Дае пачатак біясінтэзу шэрагу амінакіслот (трыптафану, гістыдзіну, гліцыну, аспарагіну, аланіну і інш.), пурынавых і пірымідзінавых асноў, гексозаміну, рыбафлавіну, фоліевай к-ты і інш.; можа ператварацца ў 1-кетаглутарат — прамежкавы прадукт цыкла лімоннай к-ты, які пастаўляе вуглярод на сінтэз глюкозы.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],

адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1994 з мэтай аховы ў натуральным стане ландшафтнага комплексу з участкамі клімаксавых і субклімаксавых дубовых і яловых лясоў, рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1697 га. Пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з ясенем, ільмам, вязам, клёнам, арляковыя дубровы; складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы; зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. У флоры 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 12 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы і інш. Шмат харч., лек., дэкар., тэхн., меданосных раслін, у т. л. парэчкі, маліны, хмель, ажыны, цыбуля агародная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НСКІ (Леанід Васілевіч) (н. 2.12.1937, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1965). З 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (з 1976 заг. лабараторыі, з 1980 нам. дырэктара), з 1999 гал. рэдактар час. «Ахова раслін». Навук. працы па пытаннях аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля пры інтэнсіўным земляробстве, а таксама на прысядзібных участках, калект. садах і агародах.

Тв.:

Защита растений и урожай. Мн., 1988;

Вредители и болезни сада и огорода и меры борьбы с ними на дачных и приусадебных участках. Мн., 1998 (разам з М.​І.​Пратасавым, В.​В.​Балотнікавай).

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭРЫ́ДЫЙ (ад грэч. anthēros квітнеючы),

мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. stylos слуп),

рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),

раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)