ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАІО́ЗАЎ БЕЛАРУ́СІ (ФПБ),
нацыянальны прафсаюзны цэнтр; рэспубліканскае добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафесійных саюзаў, іх галіновых і рэгіянальных аб’яднанняў і асацыіраваных членаў. Створана 5—6.10.1990 на XVII з’ездзе прафсаюзаў Беларусі, які абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут. З’яўляецца правапераемніцай Бел. рэсп. савета прафсаюзаў. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган паміж з’ездамі — савет ФПБ, у перыяд паміж пленумамі савета ФПБ — яго прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абл. аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур. Асн. прынцып фарміравання кіруючых органаў ФПБ — прамое абранне на з’ездзе. На 1.1.2002 ФПБ аб’ядноўвала 32 рэсп. галіновыя прафес. саюзы, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў і 2 прафсаюзы буйных прадпрыемстваў; агульная колькасць — больш за 4 млн. членаў. Гал. задачы ФПБ — удасканаленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, абарона працоўных і сац.-эканам. правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, распрацоўка стратэгіі і тактыкі, праграмных дакументаў прафс. руху рэспублікі. Для выканання статутных мэт ФПБ выпрацоўвае ўзгодненую пазіцыю членскіх арг-цый па прац. і сац.-эканам. пытаннях, якія закранаюць правы членаў прафсаюзаў; зыходзячы з прынцыпаў сац. партнёрства ўдзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі Ген. пагаднення з урадам Рэспублікі Беларусь, аб’яднаннямі наймальнікаў па пытаннях працы, занятасці, мед. абслугоўвання і сац. страхавання, інш. пытаннях узроўню і якасці жыцця працоўных, навучэнцаў і пенсіянераў; ажыццяўляе грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, ахове працы; прадстаўляе інтарэсы прафсаюзных арг-цый у прымірэнча-арбітражных, суд. органах пры вырашэнні калект. прац. спрэчак (канфліктаў); ажыццяўляе інфарм., арганізац. і прававое забеспячэнне дзейнасці членскіх арг-цый, міжнар. супрацоўніцтва з прафсаюзамі і іх аб’яднаннямі. Адзін з гал. кірункаў дзейнасці ФПБ — абарона канстытуцыйных і прац. правоў членаў прафсаюзаў. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны многія законы, кодэксы законаў, нарматыўныя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш. сац. праграм; ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства.
У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ і галіновых прафсаюзаў значна знізіўся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве, па сутнасці спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не здолела ажыццяўляць эфектыўнае ўзаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку функцый, якія раней выконвалі, знік шэраг пярвічных прафс. арг-цый, частка арг-цый выйшла з галіновых прафсаюзаў, некат. з апошніх — з ФПБ і г.д. Пазачарговы IV з’езд прафсаюзаў (18—19.9.2002) спыніў гэтыя працэсы, абвясціў пра аднаўленне сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і ўрадам, даў пачатак абнаўленню і ўмацаванню прафсаюзнага руху ў Рэспубліцы Беларусь пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ. На з’ездзе абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. ФПБ садзейнічае стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. ФПБ з’яўляецца членам Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі працы, супрацоўнічае з многімі прафс. цэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі. Па яе ініцыятыве неаднаразова праводзіліся міжнар. акцыі салідарнасці з працоўнымі краін блізкага і далёкага замежжа, у абарону эканам. і сац. правоў працоўных Беларусі. Пры ФПБ утвораны унітарныя прадпрыемствы «Белпрафбуд», «Белпрафсаюзкурорт» і «Беларустурыст», Бел. спарт. клуб прафсаюзаў, вышэйшая навуч. ўстанова — Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін. ФПБ выдае газ. «Беларускі час». Старшыні нац. прафцэнтра У.І.Ганчарык (1986—2001), Ф.П.Вітко (2001-02), Л.П.Козік (з 2002).
т. 16, с. 347