КУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. cumulatio павелічэнне, назапашванне),
назапашванне ў арганізме біялагічна актыўнага рэчыва (матэрыяльная К.) або выкліканых ім эфектаў (функцыян. К.). Матэрыяльная К. ўласціва рэчывам, якія запаволена выводзяцца з арганізма ці інактывуюцца ў ім. Паўторнае пападанне іх у арганізм дабаўляецца да той колькасці, якая засталася ад папярэдняга ўвядзення, што можа прывесці да інтаксікацыі. Характэрна для некат. цяжкіх металаў (ртуць), сардэчных, снатворных лекаў і інш.Функцыянальная К. бывае пры паўторным дзеянні рэчываў, якія неабарачальна парушаюць функцыі арганізма (напр., прэпараты свінцу, фосфарарган. злучэнні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),
постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСКАВА́ТЫ ЛІША́Й, псарыяз,
хранічная незаразная хвароба скуры, слізістых абалонак, пазногцяў, суставаў чалавека. Узнікненню Л.л. спрыяюць парушэнні дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі, нерв. сістэмы, псіхічныя траўмы і генет. фактары. Пачынаецца з высыпкі (вузельчыкі-папулы, укрытыя серабрыста-белымі лусачкамі), найчасцей на галаве, каленях, локцях. Вузельчыкі зліваюцца ў бляшкі розных памераў ружова-чырвонага ці чырв. колеру. Можа ўзнікаць на месцы траўмаў, здрапванняў. Цяжкія формы захворвання — пустулёзны Л.л. (гнайнічкі), артрапатычны (пашкоджванне суставаў), эрытрадэрмічны (дыфузнае пашкоджванне скуры). Лячэнне тэрапеўтычнае, вітаміны, пры неабходнасці курортатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁМАСНАЕ СТРАХАВА́ННЕ,
страхаванне, аб’ектам якога з’яўляюцца матэрыяльныя каштоўнасці: будынкі, збудаванні, абсталяванне, жылыя памяшканні, хатняя маёмасць, ураджай с.-г. культур, жывёла і г.д. Адзін з відаў М.с. — трансп. страхаванне, аб’ектамі якога з’яўляюцца трансп. сродкі і грузы, што імі перавозяцца. Гэта можа быць маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці або ў валоданні ці распараджэнні страхавальніка. Таму страхавальнікамі могуць быць не толькі ўласнікі, але і інш.юрыд. або фіз. асобы. У выпадку ўзнікнення шкоды пры М.с. выплачваецца не страхавая сума (як пры асабістым страхаванні), а страхавое пакрыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЗРО́НЫ,
асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАШЫ́ЎКАў металаапрацоўцы,
1) адна з аперацый пры коўцы і штампоўцы, пры якой у загатоўку ўціскаецца спец. інструмент (прошывень) для стварэння скразных адтулін і паглыбленняў. Для П. выкарыстоўваюць прэсы, молаты. П. можа быць падрыхтоўчай аперацыяй для працяжкі.
2) Выдаленне ўнутранай завусеніцы (плёнкі), што застаецца на загатоўках пасля штампавання пры прабіванні ў іх адтулін.
3) Металарэзны інструмент падобны на працяжку, які праштурхоўваецца праз адтуліны, што апрацоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁКО́МПАС,
самалётны радыёпеленгатар для аўтам.пеленгацыі наземных перадавальных радыёстанцый. Гэта прыёмаіндыкатарнае прыстасаванне, якое спалучана з сістэмай сачэння, мае накіраваную рамачную і ненакіраваную штыравую антэны.
У Р. адбываецца складанне сігналаў ад абедзвюх антэн і камутацыя сігналу рамачнай антэны з частатой дапаможнага ’апорнага генератара. пры гэтым напружанне на ўваходзе прыёмніка мадулюецца па амплітудзе. Пры параўнанні напружанняў на выхадах прыёмаіндыкатара і апорнага генератара выпрацоўваецца сігнал памылкі, па якім сістэма сачэння паварочвае рамку ў становішча, адпаведнае напрамку на пеленгаваную радыёстанцыю. Р. можа арыентавацца і на радыёмаяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КЛЯ (ад груз. сахлі — дом),
руская назва жылля горцаў Каўказа. С. звычайна каменныя (асабліва ў вайнахскіх народаў), глінабітныя або з саманнай цэглы, з плоскім дахам. Найб. характэрнае іх тэрасападобнае размяшчэнне на горным схіле; пры гэтым іх заднія сцены ўтвараюць схаваныя схілы гары, а дах адной С. можа служыць дваром для другой, што размешчана вышэй. Стараж. тып С. — 1-камернае жыллё без акон, з земляной падлогай, адкрытым агнішчам пасярэдзіне і дымавой адтулінай у даху. Сучасныя С. — шматпакаёвыя, з дашчанай падлогай, камінам або жал. печчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРАВА́ННЕ,
утварэнне скразной або глухой цыліндрычнай адтуліны ў дэталі або вырабе з драўніны, металу і інш.; від апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем.
Робіцца свердлам на свідравальных станках, а таксама такарных, расточных і інш. станках ці ўручную — калаўротам, дрылём ці механізаваным інструментам (электрасвердлам, электрадрылём). Можа служыць падрыхтоўчай аперацыяй (з-за адносна невысокай дакладнасці) перад расточваннем, зенкераваннем (гл.Зенкер), рассвідроўваннем (гл.Рассвідроўка), працягваннем і наразаннем унутр. разьбы. Выкарыстоўваюць лазернае С. (гл.Лазерная тэхналогія) адтулін у алмазных кругах і інш. вырабах з матэрыялаў вял. трываласці і нізкай цеплаправоднасці.