УНУТРАНЫЯ ВОЙСКІ Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Прызначаны для абароны жыцця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бяспекі і суверэнітэту Беларусі.

Сваю гісторыю вядуць ад унутр. варты, створанай у Рас. імперыі ў 1811. У 1816—64 існаваў корпус унутр. варты. У СССР папярэднікамі ўнутр. войск былі войскі Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК), войскі ўнутр. аховы Рэспублікі, войскі ўнутр. службы. Тэрмін «унутраныя войскі» з’явіўся ў 1921 (так наз. часці ВЧК, якія неслі службу ва ўнутр. раёнах краіны, у адрозненне ад пагран. войск). У далейшым назва войск мянялася ў адпаведнасці з найменнем органа, у распараджэнні якога яны знаходзіліся (ДПУ, АДПУ, НКУС, МУС). Сярод папярэднікаў унутраных войск Беларусі была канвойная каманда з добраахвотнікаў, створаная 18.3.1918 у г. Віцебск. У 1922 яна была ў падпарадкаванні Дзярж. паліт. ўпраўлення (ДПУ) і перайменавана ў асобную канвойную роту, у якую ўваходзілі каманды Полацка, Гарадка, Себежа, Оршы. У 1923 зноў называлася канвойнай камандай з дыслакацыяй у Віцебску. У 1924 перайменавана ў 7-ю асобную канвойную роту, якая ў канцы 1925 увайшла ў склад 2-й асобнай канвойнай брыгады войск канвойнай варты СССР. У 1928 сфарміраваны 5-ы канвойны полк, які дыслацыраваўся на тэр. Беларусі, у Смаленскай і Бранскай абл. Расіі. З 1931 наз. 5-ы Бел. канвойны полк канвойных войск НКУС. У 1935 на яго базе сфарміраваны 226-ы канвойны полк унутр. аховы НКУС (штаб у Мінску) і 252-і асобны канвойны дывізіён унутр. аховы НКУС (штаб у Смаленску). У жн.—вер. 1939 на базе 226-га палка сфарміравана 15-я асобная стралк. брыгада войск НКУС, якая ў снеж. 1940 перайменавана ў 42-ю асобную брыгаду. Яе воіны сумесна з ваеннаслужачымі Чырв. Арміі і пагран. войск 22.6.1941 адны з першых уступілі ў бой з ворагам, у т. л. 132-і асобны батальён НКУС у Брэсцкай крэпасці. У сак. 1942 брыгада перайменавана ў 37-ю дывізію войск НКУС. У яе ўключаны 226-ы полк канвойных войск (з ліп. 1944 дыслацыраваўся ў Мінску). У канцы 1945 у дывізію ўваходзілі таксама 240-ы, 251-ы канвойныя палкі і 2 асобныя батальёны. 6.5.1951 унутр. войскі рэарганізаваны ва ўнутр. ахову, а канвойныя войскі — у канвойную ахову МУС СССР. У сувязі са скасаваннем Мін-ва ўнутр. спраў СССР у 1960 усе часці і падраздзяленні МУС, што дыслацыраваліся на Беларусі, падпарадкаваны Мін-ву ўнутр. спраў БССР. 1.4.1960 створаны 22-і аддзел унутр. і канвойнай аховы МУС БССР, які ў пач. 1967 увайшоў у склад унутр. войск Мін-ва аховы грамадскага парадку СССР. У ліст. 1968 22-і аддзел перайменаваны ў 43-ю канвойную дывізію МУС СССР. У 1978—89 афіцэры і прапаршчыкі ўнутр. войск прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Афганістане ў якасці ваен. саветнікаў і інструктараў. Летам 1986 падраздзяленні дывізіі былі накіраваны ў раён ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС для аховы зон адчужэння. У канцы 1980-х г. падраздзяленні і часці ўнутр. войск неаднаразова накіроўваліся ў рэгіёны СССР, дзе ўзнікалі міжнацыянальныя канфлікты (Азербайджан, Арменія, Грузія і інш.).

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі са складу злучэнняў і часцей, якія дыслацыраваліся на яе тэр., на базе 43-й дывізіі створаны ўнутр. войскі Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. 3.6.1993 прыняты закон «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» (новая рэдакцыя 4.12.2003). У 1994 у склад унутр. войск уключаны штабы Грамадзянскай абароны.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8.11.1995 зацверджана структура і дыслакацыя ўнутр. войск. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 19.6.2001 «Аб унясенні дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1998 №157» прадугледжана ўстанаўленне 18 сакавіка прафесійнага свята — Дня Унутраных войск. У сваёй дзейнасці ўнутр. войскі кіруюцца Канстытуцыяй, Законам «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», інш. заканадаўчымі актамі, статутамі баявой службы ўнутр. войск і патрульна-паставой службы міліцыі, агульнавайсковымі статутамі. Арганізацыйна ў іх склад уваходзяць: органы ваен. кіравання; спец. міліцэйскія злучэнні і вайск. часці; злучэнні і вайск. часці па ахове папраўчых калоній, лячэбных папраўчых устаноў, лячэбна-працоўных прафілакторыяў, канваіраванні асуджаных і асоб, што ўтрымліваюцца пад вартай; злучэнні і вайск. часці аператыўнага прызначэння; установы і вайск. часці па забеспячэнні дзейнасці ўнутр. войск; установы адукацыі, якія рыхтуюць кадры па спецыяльнасцях ваен. профілю, вучэбныя вайск. часці. Асн. задачы ўнутр. войск: садзейнічанне органам унутр. спраў у ахове грамадскага парадку, забеспячэнні грамадскай бяспекі, рэжыму надзвычайнага ці ваеннага становішча; ахова папраўчых калоній, лячэбных папраўчых устаноў, лячэбна-папраўчых прафілакторыяў і ажыццяўленне сумесна з іх адміністрацыяй нагляду за асуджанымі і асобамі, якія ўтрымліваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях; канваіраванне і ахова асуджаных асоб, што ўтрымліваюцца пад вартай; удзел у пошуку асоб, якія здзейснілі ўцёкі з-пад варты, нагляду ў папраўчых установах, ад вайск. каравулаў у час канваіравання; ахова асабліва важных дзярж. аб’ектаў і спец. грузаў; абясшкоджванне і знішчэнне авіяц. і інш. боепрыпасаў, якія не разарваліся; правядзенне работ па праверцы паведамленняў аб устаноўцы выбуховых устройстваў, іх выяўленні, абясшкоджванні і знішчэнні на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь; удзел у тэр. абароне Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва ўнутр. войскамі ажыццяўляе міністр унутр. спраў, а непасрэднае кіраванне — камандуючы ўнутр. войскамі, які па пасадзе з’яўляецца нам. міністра МУС. Кадры для ўнутр. войск рыхтуе ф-т унутр. войск Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Камандуючыя ўнутр. войскамі МУС Рэспублікі Беларусь: К.​М.​Платонаў (1993—94), В.​С.​Агалец (1994—95), Ю.​Л.​Сівакоў (1995—99), Ю.​В.​Жадобін (1999—2003), В.​У.​Гайдукевіч (з 2003).

В.​У.​Гайдукевіч.

Воін сапёрна-піратэхнічнай групы ўнутраных войск правярае ўчастак мясцовасці на наяўнасць выбуховых рэчываў.
Воіны ўнутраных войск на занятках па пераадольванні воднай перашкоды.

т. 18, кн. 2, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСОФІЯ

Навук. даследаванні ў галіне філасофіі на Беларусі праводзяцца з пачатку 1920-х г. У 1923 створана кафедра дыялект. і гіст. матэрыялізму ў БДУ, у 1925 — кафедра гіст. матэрыялізму пры Камуніст. ун-це Беларусі. З 1922 даследаванні па філасофіі вяліся ў Інбелкульце. У 1922 у Мінску выдадзены першы ў СССР падручнік па дыялект. матэрыялізму С.​Я.​Вальфсона. З 1931 цэнтрамі філас. даследаванняў сталі створаныя на базе кафедры марксізму-ленінізму АН БССР Ін-т філасофіі АН Беларусі, філас. кафедры ВНУ. У сучасны перыяд вывучэнне актуальных праблем філас. навукі ажыццяўляецца ў Ін-це філасофіі Нац. АН Беларусі, на кафедрах філасофіі БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-та, Бел. пед. ун-та, Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканам. ун-та, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага, Гродзенскага, Магілёўскага, Віцебскага ун-таў, БСГА, Міжнар. гуманіт.-эканам. ін-та і інш.

У 1930—40-я г. даследаванні бел. філосафаў былі скіраваны на асэнсаванне магчымасці перабудовы эканам. і сац.-паліт. грамадскіх адносін на сацыяліст. прынцыпах, распрацоўку пытанняў развіцця бел. грамадства, вызначэнне адносін да культ. спадчыны мінулых эпох, вывучэнне сутнасці дыялектыка-матэрыяліст. светапогляду і метадаў пазнання рэчаіснасці (Б.​Э.​Быхоўскі, С.​Я.​Вальфсон, І.​М.​Ільюшын, У.​М.​Іваноўскі, С.​З.​Кацэнбоген і інш.). З пач. 1950-х г тэматыка філас. распрацовак пашыралася за кошт пытанняў сац.-эканам. і сац.-культ. развіцця грамадства, нац. адносін, выхавання чалавека, асабліва моладзі, аналізу тэндэнцый развіцця грамадскіх адносін, вывучэння іх структуры і зместу (Я.​М.​Бабосаў, В.​М.​Кавалгін, А.​С.​Карлюк, У.​І.​Горбач, Б.​С.​Сцяпанаў, У.​М.​Сікорскі) і інш. У 1970—80-я г. праводзіліся комплексныя даследаванні па сутнасці грамадскіх змен, якія адбыліся пад уздзеяннем навук.-тэхн. рэвалюцыі і яе дасягненняў, пытанняў фарміравання адпаведнага ладу жыцця, культуры, сац. планавання і прагназіравання. Сістэмны характар набыла распрацоўка гісторыка-філас. тэматыкі (К.​П.​Буслаў, А.​І.​Галаўнёў, М.​І.​Бароўскі, Э.​К.​Дарашэвіч, М.​С.​Купчын, Н.​М.​Махнач, А.​І.​Савасцюк) і інш. Аб’ектам аналізу сучасных даследчыкаў філасофіі сталі тэарэтыка-метадалагічныя праблемы станаўлення грамадз. супольнасці і нац.-культ. развіцця Беларусі, духоўнай культуры і гуманізацыі грамадскіх адносін, развіцця прыродных і сац. працэсаў у кантэксце глабалізацыі, пашырэння рэальных магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам, гісторыі філасофскай і грамадскай думкі.

Дыялектыка і тэорыя пазнання. Адным з гал. кірункаў навук. даследаванняў у галіне філасофіі з’яўляецца распрацоўка дыялектыкі і тэорыі пазнання, філас. метадалогіі, зместу і ўзаемасувязі катэгорый навукі, суадносін фармальнай і дыялект. логікі, форм лагічнага мыслення, сувязі філасофіі і прыродазнаўства, праблем дэтэрмінізму. Метадам пазнання рэчаіснасці, сутнасці дыялектыка-матэрыяліст. светапогляду былі прысвечаны апублікаваныя ў 1923 працы С.​Я.​Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» і У.​М.​Іваноўскага «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку і філасофію». У 1962 у Ін-це філасофіі АН Беларусі створаны спец. сектар дыялект. матэрыялізму і філас. пытанняў прыродазнаўства (у 1991 пераўтвораны ў аддзел логікі і метадалогіі навук. пазнання). Бел. вучоныя даследавалі законы і катэгорыі дыялектыкі (Г.​Ф.​Аляксандраў, У.​І.​Горбач, В.​М.​Кавалгін, Р.​А.​Левін, В.​Дз.​Марозаў, Дз.​І.​Шыраканаў, Ю.​А.​Харын і інш.), праблемы паходжання свядомасці (П.​Ф.​Пратасеня), дыялектыкі і яе ўзаемаадносін з інш. метадамі і навукамі (П.​Дз.​Пузікаў, А.​К.​Манееў, Я.​М.​Бабосаў, Л.​В.​Увараў і інш.). Пытанні навук. метадалогіі ў кантэксце пераасэнсавання ролі дыялектыкі распрацоўвалі Г.​Ф.​Аляксандраў, М.​А.​Ельяшэвіч, Б.​І.​Сцяпанаў, Ф.​І.​Фёдараў, М.​В.​Турбін, П.​Ф.​Капуцкі, В.​С.​Сцёпін.

Значныя вынікі атрыманы ў распрацоўцы праблем філасофіі і метадалогіі навукі, спецыфікі пазнання і навук. творчасці (У.​А.​Гераіменка, У.​К.​Лукашэвіч, А.​І.​Осіпаў, М.​А.​Слямнёў, Р.​А.​Смірнова), развіцця катэгарыяльнага апарату мыслення, філас. асноў логікі, рыторыкі і тэорыі аргументацыі, матэм. і кібернетычных сістэм (Дз.​І.​Шыраканаў, Ч.​В.​Дзмітрыеў, М.​І.​Жукаў, А.​П.​Хількевіч, В.​І.​Чуяшоў), логіка-гнасеалагічных праблем маст. творчасці (Ю.​А.​Гусеў), тэорыі і метадалогіі гуманіт. пазнання (Т.​М.​Тузава), дыялектыкі кіравання і ролі навук. ведаў у кіраванні грамадскімі працэсамі (Я.​А.​Крыштаповіч, А.​А.​Лазарэвіч, С.​А.​Яцкевіч), метадаў даследавання складаных прыродных сістэм (П.​А.​Вадап’янаў, Т.​А.​Гаралевіч, П.​Ф.​Ракіцкі, М.​В.​Турбін), дыялектыкі суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў чалавечай дзейнасці (М.​Ф.​Печанко, С.​А.​Радзько) і інш. Вынікі даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў калект. манаграфіях «Заканамернасці развіцця і метады пазнання сучаснай навукі» (1978), «Метадалагічныя аспекты навуковага пазнання і сацыяльнага дзеяння» (1985), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), кнігах «Дыялектыка пазнання і катэгорыя субстанцыі» Дз.​І.​Шыраканава (1974), «Сацыяльна-светапоглядныя асновы навуковага пазнання» Р.​А.​Смірновай (1984), «Навуковы метад (структура, абгрунтаванне, развіццё)» У.​К.​Лукашэвіча (1991), «Філасофія прыродазнаўства: Сав. і постсав. перыяды» Т.​А.​Гаралевіч (1996), «Гнасеолага-метадалагічныя асновы навукова-даследчай дзейнасці» У.​М.​Крукава (2003), у працах К.​А.​Аляксеевай, І.​І.​Жбанковай, Г.​С.​Славінскага, А.​У.​Самускевіча, А.​П.​Трафіменкі, В.​І.​Паўлюкевіча і інш.

У апошнія гады на Беларусі атрымаў развіццё новы філас. кірунак — даследаванні ў галіне сістэмалогіі як навукі аб заканамернасцях эвалюцыі, формах і спосабах станаўлення цэласнасці, структурнай гармоніі сістэм, кіраванні развіццём складаных сац.-эканам. і сацыяпрыродных сістэм. Вывучаюцца пытанні новага сац.-камунікатыўнага, інтэлектуальна-тэхнал., духоўна.-культ. і індывід. псіхал. ўзроўню арганізацыі быцця ў інфармацыйным грамадстве, праблемы самаарганізацыі ў прыродных і сац. сістэмах, інтэгратыўных працэсах стварэння новых якасцей з апорай на такую філас.-светапоглядную і метадалагічную базу, як сінергетыка (Э.​М.​Сарока, Ю.​А.​Харын, А.​А.​Лазарэвіч, Р.​А.​Жэбіт).

Сацыяльная філасофія. У 1920—80-я г. развівалася ў межах гіст. матэрыялізму. Бел. філосафы даследавалі дыялектыку прадукц. сіл і вытворчых адносін, ролю нар. мас і асобы ў гісторыі, прапагандавалі ідэю саюзу рабочага класа і сялянства, ленінскае вучэнне аб дзяржаве і дыктатуры пралетарыяту. У пасляваенныя гады вывучаліся характар супярэчнасцей пры сацыялізме, рухальныя сілы сав. грамадства, заканамернасці сацыяліст. будаўніцтва, праблемы развіцця міжнар. рэвалюцыйнага руху (М.​Р.​Круцько, В.​М.​Панкратаў, А.​Ф.​Яцкевіч), пытанні сцірання адрозненняў паміж разумовай і фіз. працай, сац. актыўнасці моладзі, ролі калектыву ў камуніст. выхаванні, інтэрнац. выхавання (Р.​П.​Платонаў, Т.​П.​Багданава і інш.), крытыкі зах. філас.-сацыялагічных канцэпцый (У.​М.​Сікорскі, Г.​П.​Давідзюк, І.​І.​Антановіч). Распрацоўваліся пытанні комплекснага падыходу да выхавання, вольнага часу, сямейных адносін (Л.​А.​Гуцаленка, С.​В.​Кузьмін, У.​Н.​Семянькоў, А.​А.​Тырын), духоўнай культуры і ладу жыцця (Я.​М.​Бабосаў, І.​Я.​Жыбуль, У.​М.​Калмыкоў), маральнага і ідэйна-паліт. выхавання (С.​П.​Вінакурава, У.​У.​Каклюхін, С.​Ф.​Дубянецкі, К.​А.​Баркоўская, В.​М.​Мамінаў), узаемадзеяння грамадскіх і асабістых інтарэсаў (А.​Дз.​Гусеў, В.​І.​Русецкая, А.​А.​Тырын).

Прадметам паглыбленага філас. аналізу сталі праблемы прычыннасці сац. дзеяння, сутнасці, механізмаў і форм праяўлення сац. практыкі (М.​В.​Рабаконь, Ю.​А.​Харын, А.​І.​Лойка, В.​П.​Старжынская), сац. дыялектыкі і сац. сінергіі (А.​А.​Бародзіч, М.​А.​Мажэйка), універсалізацыі, гуманізацыі і перспектыў сац. прагрэсу, супярэчлівага адзінства працэсаў глабалізацыі і рэгіяналізацыі (І.​І.​Антановіч, Ч.​С.​Кірвель, В.​М.​Новікаў), новых тэхналогій як фактару сац. дынамікі (М.​К.​Буслава, С.​А.​Яцкевіч), сац. заканамернасцей ва ўмовах сучасных трансфармацыйных працэсаў (А.​А.​Бародзіч, В.​П.​Карпінскі, Ч.​С.​Кірвель, Л.​Л.​Мельнікава, А.​А.​Раманаў). Вывучаюцца філас. і спец.-навук. аспекты праблемы свядомасці, узаемасувязі рацыянальнасці і свядомасці (Е.​А.​Аляксеева, М.​І.​Жукаў), дынамікі фарміравання навук. светапогляду, рэліг. свядомасці (Д.​І.​Савасцеева, М.​Ц.​Аўсіевіч, Л.​Я.​Землякоў, П.​М.​Савасцёнак, А.​А.​Цітавец), феномены сучаснай масавай свядомасці і масавых паводзін, сац. міфаў (Т.​М.​Алпеева, Ч.​С.​Кірвель, А.​У.​Рубанаў).

У ліку прыярытэтнага кірунку н.-д. дзейнасці бел. філосафаў стала даследаванне праблем нац. адносін, развіцця нац. традыцый і культуры, фарміравання нац. самасвядомасці, патрыятызму, адаптацыі чалавека ва ўмовах пераходнага перыяду развіцця грамадства (В.​І.​Боўш, А.​І.​Галаўнёў, А.​І.​Зелянкоў, У.​М.​Конан, І.​І.​Сярова, А.​І.​Осіпаў, С.​Ф.​Дубянецкі, С.​А.​Яцкевіч), узаемадзеяння патрэбнасцей асобы з сацыякульт. асяроддзем і сістэмай выхавання (Р.​В.​Грабеннікаў, В.​І.​Русецкая). Арганізавана комплекснае вывучэнне пытанняў станаўлення бел. дзяржаўнасці ў кантэксце сучаснага цывілізацыйнага і чалавечага развіцця (Я.​М.​Бабосаў, В.​І.​Боўш, А.​С.​Майхровіч, У.​А.​Мельнік, Я.​С.​Яцкевіч і інш.). Апубл. фундаментальныя навук. працы: «Прырода сацыяльнай рэальнасці. Быццё і пазнанне» Р.​А.​Смірновай (1992), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры»: праблема сацыяльнага функцыянавання Т.​І.​Адулы (1992), «Новыя тэхналогіі як фактар сацыяльнай дынамікі» М.​К.​Буславай (1996), «Сацыяльны прагрэс і перспектывы чалавецтва» В.​М.​Новікава (1999), «Ідэалогія. Сутнасць, прызначэнне, магчымасці» А.​С.​Майхровіча (2003) і інш.

Філасофскія праблемы чалавека. Фундаментальныя асновы філас. антрапалогіі на Беларусі былі закладзены ў 1930-я г. (С.​Я.​Вальфсон, І.​М.​Ільюшын). У пасляваенныя, і асабліва ў 1970—80-я г. даследаваліся логіка-метадалагічны (Дз.​І.​Шыраканаў), гісторыка-філас. (А.​С.​Майхровіч), сацыялагічны (К.​П.​Буслаў, Я.​М.​Бабосаў) і культуралагічны (Т.​І.​Адула, А.​І.​Галаўнёў, У.​М.​Конан) аспекты вывучэння чалавека. З 1990-х г. распрацоўваецца дыялектыка ўзаемадзеяння знешнебыційных і ўнутранапсіхал. фактараў духоўнага жыцця чалавека, вывучаюцца пытанні сістэмнага характару і канкрэтна-гіст. спецыфікі развіцця чалавека ў сучасных умовах, сац.-філас. і прыродазнаўча-навук. аспекты існавання чалавечага роду ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі (Т.​І.​Адула, А.​А.​Домжа, Л.​Я.​Крыштаповіч, А.​С.​Майхровіч, В.​А.​Паўлоўская). Выдадзена калект. манаграфія «Чалавек: філасофскія аспекты свядомасці і дзейнасці» (1989), кн. «Пошук ісціннага быцця і чалавека: 3 гісторыі філасофіі і культуры Беларусі» А.​С.​Майхровіча (1992), «Прырода і сутнасць чалавека» Б.​С.​Трыбулева (1999) і інш.

Сацыяльная экалогія. Даследаванні вядуцца з пач. 1980-х г. з улікам агульнай экалаг. сітуацыі ў Беларусі, неабходнасці выпрацоўкі пэўнай метадалогіі дзейнасці, асэнсавання стратэгіі экалаг. адукацыі і выжывання, фарміравання экалаг. свядомасці, светапогляду і культуры. Вывучаюцца актуальныя праблемы аптымізацыі адносін грамадства і прыроды, дынамікі экалагічных патрэбнасцей і механізму фарміравання экалагічных каштоўнасцей сучаснага чалавека на аснове аналізу ўплыву сацыяпрыродных і сацыяпсіхал. фактараў на свядомасць асобы (П.​А.​Вадап’янаў, А.​І.​Зелянкоў, І.​Я.​Жыбуль, Н.​Е.​Захарава, Н.​А.​Лазарэвіч, С.​П.​Анупрыенка). Даследуюцца пытанні якасці жыцця сям’і на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Беларусі, ролі аздараўленчых мерапрыемстваў сярод насельніцтва, выхавання экалаг. свядомасці, узаемасувязі дэмаграфічнага развіцця са змяненнем сац.-экалагічнага асяроддзя (В.​І.​Галь, Н.​І.​Снытко), перспектывы станаўлення духоўна-экалаг. цывілізацыі (Ч.​С.​Кірвель). Вынікі даследаванняў эколага-сац. праблем прадстаўлены ў калект. манаграфіях «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця» (1997), «Беларусь: сацыяльна-экалагічныя праблемы» (1999), «Экалогія і сацыяльнае развіццё» (2001) і інш.

У 1990 — пач. 2000-х г. выдадзены навуч. дапаможнікі, курсы лекцый, вучэбна-метадычныя комплексы, тэсты па філасофіі, аўтарамі якіх з’яўляюцца вучоныя-філосафы В.​Л.​Акулаў, Р.​І.​Бліхароў, Е.​З.​Волчак, А.​І.​Зелянкоў, Н.​К.​Кісель, І.​А.​Мядзведзева, Е.​І.​Янчук, У.​Ф.​Беркаў, У.​М.​Калмыкоў, М.​І.​Мартынаў, Л.​Г.​Краўчанка, С.​А.​Кісялёва, В.​І.​Чуяшоў, І.​І.​Таркан і інш. Апублікаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі пад рэд. М.​І.​Жукава, У.​К.​Лукашэвіча, Ю.А. Харына, А.​С.​Цернавога і інш. Выйшлі з друку «Найноўшы філасофскі слоўнік» (1999) і «Сусветная энцыклапедыя. Філасофія» (2001) пад рэд. А.​А.​Грыцанава.

Літ.:

Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;

Широканов Д.И. Взаимосвязь категорий диалектики. Мн., 1969;

Буслов К.П. Социальное единство, противоречия, ответственность. Мн., 1972;

Водопьянов П.Л. Устойчивость в развитии живой природы. Мн., 1974;

Жуков Н.И. Проблема сознания: Философ. и специально-науч. аспекты. Мн., 1987;

Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;

Лазаревич А.А. Научное знание в информационном обществе. Мн., 1993;

Кирвель Ч.С. Образы будущего: утопия и антиутопия в современном мире. Ч. 1—2. Гродно, 1994;

Лукашевич В.К. Анатомия научного метода. Мн., 1999;

Яцкевіч А.Ф. Нацыянальная самасвядомасць, культура, мова. Брэст, 2000;

Осипов А.И. Духовность. Традиция. Патриотизм. Мн., 2001;

Лепешко Б.М. Введение в философию истории. Брест, 2003.

А.​А.​Лазарэвіч, С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 18, кн. 2, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯКО́ЎСКІ Уладзімір Уладзіміравіч (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),

расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.​Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.​Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.​Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.​Чарот, М.​Грамыка, А.​Куляшоў, П.​Броўка, М.​Лужанін, У.​Хадыка, П.​Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.​Міровіч і Л.​Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, П.​Макаля, С.​Гаўрусёва, У.​Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.​Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.​Дзяркач, М.​Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.​Лужанін, Р.​Лынькоў), Т.​Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.​Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.​Вітка і Р.​Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, В.​Жуковіч, К.​Крапіва, Куляшоў, Г.​Пашкоў, М.​Танк, У.​Шахавец, А.​Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1955—61;

Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг. М., 1978;

Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;

Выбр. творы. Мн., 1952;

Кім быць? Мн., 1932;

Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;

Дзецям. Мн., 1950;

Конь-агонь. Ми., 1955;

П’есы. Мн., 1985;

Уладзімір Ільіч Ленін. Мн., 1987.

Літ.:

Крученых А. Стихи Маяковского. Выпыт. СПб., 1914;

Денисова И.В. Революция — любовь: Новатор. принципы послеокт. лирики Маяковского. 2 изд. М., 1988;

Карабчиевский Ю.А. Воскресение Маяковского. М., 1990;

Михайлов А.А. Мир Маяковского. М., 1990;

Яго Ж. Точка пули в конце: Жизнь Маяковского. М., 1993;

Скорятин В.И. Тайна гибели Владимира Маяковского: Новая версия трагич. событий, основанная на последних находках в секретных архивах. М., 1998;

Маякоўская А.А. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага: З успамінаў маці: Пер. з рус. Мн., 1957;

Маякоўскі ў Беларусі. Мн., 1957;

Агіевіч У. Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзіі // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954;

Гниломедов В. «Издалека сегодня виден подвиг ваш...» // Дружба народов. 1983. № 7;

Кенька М. Яго перакладчыкі // Братэрства, 83. Мн., 1983.

У.​В.​Гніламёдаў (У.​Маякоўскі і Беларусь).

У.У.Маякоўскі.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНІЦТВА,

1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).

2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.​І.​Герцэна і М.​Г.​Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).

2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял. утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас. сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.​М.​Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.

У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя «Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.​А.​Ішуцін і І.​А.​Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.​В.​Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш. рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.​Р.​Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».

На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв. Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел. рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш. бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час. «Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел. рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.

На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.

Літ.:

Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;

Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;

Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;

Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;

Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;

Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг. Мн., 1983.

В.​В.​Сяргеенкава, М.​В.​Біч.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́Н (Gabon), Габонская Рэспубліка (République Gabonaise),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.​Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.​Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр. партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Габона.
Да арт. Габон. Прыморская частка сталіцы г. Лібрэвіль.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які замацоўвае яе грамадскі і дзярж. лад, прававое становішча асобы, выбарчую сістэму, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзярж. улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі; юрыдычная база ўсяго дзейнага заканадаўства. Яна валодае вяршэнствам у адносінах да ўсіх іншых прававых актаў. Усе законы і падзаконныя акты дзярж. органаў павінны выдавацца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. У выпадку разыходжання якога-небудзь нарматыўнага акта з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 праведзены рэферэндум, на які былі вынесены 2 праекты абноўленай Канстытуцыі. За праект, прапанаваны Прэзідэнтам, прагаласавала 5 175 664 чал., або 70,5%, за праект Вярх. Савета — 582 437 чал., або 7,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На падставе вынікаў усенар. галасавання ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні (замацаванне прынцыпу вяршэнства права, разнастайнасці форм уласнасці, паліт. плюралізму, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам, суд. абарона грамадзянінам сваіх правоў і свабод, прызнанне прыярытэту прынцыпаў і норм міжнар. права і інш.). Канстытуцыя складаецца з прэамбулы і 9 раздзелаў, якія змяшчаюць 8 глаў і 146 артыкулаў.

У прэамбуле ў канцэнтраванай форме сфармуляваны асн. ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзярж. будаўніцтва і грамадскага развіцця: адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусв. супольніцтва, неад’емнае права на самавызначэнне, апора на шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна, забеспячэнне грамадз. згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

Раздзел I «Асновы канстытуцыйнага ладу» абвяшчае, што адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, а чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай дзяржавы і грамадства. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац. прававая дзяржава, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Замацоўвае прынцыпы раўнапраўнага існавання дзярж. і прыватнай уласнасці; ажыццяўлення дэмакратыі на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, падзелу дзярж. улады на заканад., выканаўчую і судовую; роўнасці перад законам усіх сац., нац. і іншых супольнасцей, рэлігій і веравызнанняў, дзяржаўнасці бел. і рус. моў.

Раздзел II «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўвае асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян. права на годны ўзровень жыцця, на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; права на жыццё, свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на самаст. вызначэнне сваіх адносін да рэлігіі, раўнапраўе жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства; свабоду поглядаў і перакананняў, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый; свабоду аб’яднанняў, права ўласнасці, на ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, на працу, на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне, на жыллё, на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, на суд. абарону, юрыд. дапамогу. Вызначае абавязкі грамадзян і кожнага чалавека: выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і паважаць нац. традыцыі, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроднае асяроддзе, абараняць Айчыну, праходзіць вайсковую службу. Вызначае адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай; яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.

Раздзел III «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асн. прынцыпы выбарчай сістэмы: усеагульнае, свабоднае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; забяспечвае права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты за грамадскімі аб’яднаннямі, прац. калектывамі і грамадзянамі; вызначае падставы і парадак адклікання дэпутатаў, парадак правядзення рэсп. і мясц. рэферэндумаў, адмены або змены прынятых імі рашэнняў.

Раздзел IV «Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд» вызначае статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыю, формы і метады дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання. Устанаўлівае, што Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прадстаўнічым і заканад. органам з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. органам дзярж. кіравання. Устанаўлівае структуру суд. улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, парадак фарміравання і дзейнасці Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.

Раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае кампетэнцыю, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясц. кіравання і самакіравання (мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, органаў мясц. грамадскага самакіравання і інш.), назначэння кіраўнікоў мясц. выканаўчых і распарадчых органаў.

Раздзел VI «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змяшчае нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць органаў пракурорскага нагляду і дзярж. кантролю, устанаўлівае парадак назначэння Ген. пракурора і ніжэйстаячых пракурораў, утварэння Камітэта дзярж. кантролю.

Раздзел VII «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што на тэр. Беларусі праводзіцца адзіная бюджэтна-фін., падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка. Фін.-крэдытная сістэма ўключае бюджэтную сістэму (рэсп. і мясц. бюджэты), банкаўскую сістэму (Нац. банк і інш. банкі), а таксама фін. сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян. Вызначае парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўлення агульнадзярж. расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзярж. пазабюджэтных фондаў.

Раздзел VIII «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае, што Канстытуцыя можа быць зменена рашэннем, прынятым большасцю не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Парламента. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум, калі за іх прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.

Раздзел IX «Заключныя і пераходныя палажэнні» вызначае парадак уступлення ў сілу Канстытуцыі, утварэння і фарміравання прадугледжаных у ёй дзярж. органаў. Устанаўлівае, што законы, указы і інш. акты, што дзейнічалі на тэр. Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.

Кр.:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г.: (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г. Мн., 1997.

Літ.:

Богданович П.Л., Подупейка А.А. Республика Беларусь — унитарное демократическое социальное правовое государство. Мн., 1998;

Василевич Г.А. Конституция Республики Беларусь: (Научно-практ. коммент.). Мн., 2000;

Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2002;

Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.

Р.​А.​Васілевіч, С.​Ф.​Дубянецкі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (вокладка).

т. 18, кн. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТАЛОГІЯ

Станаўленне і развіццё паліталогіі на Беларусі звязана з гіст. эвалюцыяй сусв. паліт. думкі, растучай роляй палітыка-ўладных адносін і механізмаў кіравання грамадствам. Погляды бел. мысліцеляў і асветнікаў, вучоных у галіне сац.-гуманіт. ведаў у той або іншай ступені адлюстроўвалі сусв. паліт. рэаліі: гуманіст. ідэі еўрап. краін, асаблівасці сац. ўладкавання і паліт. працэсаў у Кіеўскай Русі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі і СССР. Па меры назапашвання ведаў і асэнсавання працэсаў трансфармацыі дзяржаўнасці і барацьбы за нац. незалежнасць у бел. паліт. думцы ўдакладняліся канцэптуальныя падыходы да тлумачэння палітыкі, характару ўзаемаадносін дзяржавы з асобай і грамадствам. Унутрана ўласцівая ёй паліт. талерантнасць, успрымальнасць да хрысц. гуманіст. ідэалаў, асветніцтва, дэмакр.-вызваленчага руху абумовілі яе арганічную адаптыўнасць да агульначалавечых каштоўнасцей і накіраванасць да нац. ідэнтычнасці, самабытнасці і суверэннасці бел. народа. Гэтыя рысы ўласцівы творчасці Ф.​Скарыны, С.​Буднага, Міколы Гусоўскага, В.​Цяпінскага, М.​Сматрыцкага, А.​Філіповіча, Сімяона Полацкага, А.​Волана, Л.​Сапегі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, І.​Страйноўскага, К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, дзеячаў нац. культуры найноўшага часу. Іх сац.-паліт. погляды і практычная дзейнасць былі накіраваны на сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў дабра і справядлівасці, законнасці і правапарадку, арганізацыю грамадскага жыцця на прынцыпах сац. і нац. роўнасці, свабоды перакананняў, раздзялення ўлад, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян, у т. л. права валодання ўласнасцю.

Паліталогія як навука стала запатрабаванай бел. грамадствам толькі ў пач. 1990-х г., пасля набыцця Беларуссю статуса суверэннай дзяржавы. У 1992 групай вучоных, палітыкаў, журналістаў і бізнесменаў створаны Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1993 заснаваны Мінскі НДІ сац.-эканам. і паліт. праблем, у 1996 — Ін-т сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. Супрацоўнікі гэтых устаноў аналізуюць розныя аспекты функцыянавання паліт. сістэмы і развіцця паліт. працэсаў, іх уплыў на станаўленне дэмакр. асноў бел. дзяржаўнасці і ін-таў грамадз. супольнасці. Навук. даследаванні ў галіне паліталогіі каардынуюць Асацыяцыя паліт. навук і грамадская Акадэмія паліт. навук. Паліталогія выкладаецца студэнтам ВНУ як абавязковая дысцыпліна. У вядучых ун-тах краіны створаны кафедры паліталогіі. Выдаюцца калектыўныя (БДУ, Бел. эканам. ун-т, Гродзенскі ун-т, Бел. нац. тэхн. ун-т) і індывідуальныя (Н.​М.​Беляковіч, П.​І.​Бондар, Ю.​П.​Бондар, У.​А.​Мельнік) падручнікі і навуч. дапаможнікі па паліталогіі. Упершыню ў пед. практыцы на аснове інавацыйных тэхналогій распрацаваны і рэкамендаваны Мін-вам адукацыі Рэспублікі Беларусь вучэбна-метадычны комплекс па паліталогіі (П.​І.​Бондар, Ю.​П.​Бондар). Пры яе вывучэнні выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання (тэсціраванне, дыялог, дыскусіі, сітуацыйныя задачы, выступленні ў якасці лектара і інш.). У БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Рэсп. ін-це вышэйшай школы ажыццяўляецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі прафес. палітолагаў.

Тэарэт. праблемы паліталогіі, метадалагічныя падыходы да аналізу бел. дзярж. палітыкі даследуюць Н.​А.​Антановіч, А.​М.​Байчораў, Н.​М.​Беляковіч, П.​І.​Бондар, У.​А.​Мельнік, С.​В.​Рашэтнікаў, П.​П.​Украінец. Гісторыя і асаблівасці працэсу эвалюцыі грамадска-паліт. думкі Беларусі раскрываюцца ў працах А.​Ф.​Вішнеўскага, Т.​І.​Доўнар, У.​М.​Конана, І.​Я.​Навуменкі, С.​А.​Шалькевіча і інш. Прыярытэтным кірункам сац.-паліт. даследаванняў з’яўляецца вывучэнне перадумоў і тэндэнцый станаўлення бел. дзяржаўнасці, рэальнага ўплыву на працэсы нац. ідэнтыфікацыі дзярж.-паліт. ін-таў Кіеўскай Русі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, сав. ладу жыцця (І.​А.​Басюк, П.​І.​Брыгадзін, Ф.​В.​Круталевіч, В.​Ф.​Слука, І.​А.​Юхо і інш.). Высвятляюцца стратэгічныя задачы і праблемы сучаснай дзяржаўнасці, духоўна-каштоўнасная сутнасць нац. ідэі, альтэрнатывы пераходнага грамадства (В.​М.​Абрамава, А.​М.​Данілаў, Л.​Ф.​Заіка, В.​І.​Карбалевіч, В.​П.​Оргіш, Т.​С.​Процька, П.​Г.​Чыгрынаў і інш.).

Вопыт і ўрокі канстытуцыйнага развіцця краіны ва ўмовах паліт. трансфармацыі асвятляюцца ў працах Р.​А.​Васілевіча. Вывучаюцца паліт. асновы фарміравання прававой дзяржавы і грамадз. супольнасці, перспектывы іх усталявання ў Беларусі (А.​М.​Дзенісенка, А.​І.​Манаеў, Н.​В.​Паўлава, Г.​І.​Сцяпанаў, Т.​С.​Процька, В.​Г.​Ціхіня, В.​І.​Шабайлаў), месца і роля ў структуры дэмакратыі паліт. партый і рухаў (У.​А.​Бабкоў, А.​М.​Бадулін, А.​У.​Баранава, І.​В.​Катляроў, М.​В.​Кузняцоў), правоў і свабод чалавека (Н.​М.​Беляковіч, А.​Дз.​Гусеў, І.​І.​Катляр, Л.​Ф.​Яўменаў). Комплексна даследуюцца працэсы паліт. мадэрнізацыі на Беларусі, назапашанага вопыту дзярж. буд-ва і кіравання, сучаснай геапалітыкі. Іх вынікі адлюстраваны ў працах Я.​М.​Бабосава, У.​А.​Бажанава, П.​І.​Бондара, Ю.​П.​Бондара, В.​В.​Бушчыка, У.​П.​Вараб’ёва, Н.​П.​Дзенісюк, Л.​Я.​Землякова, А.​У.​Матусевіча, П.​Г.​Нікіценкі, С.​В.​Рашэтнікава, А.​А.​Сакалоўскага. Патрэбнасцямі сац.-паліт. пераўтварэнняў і пераадолення негатыўных з’яў у духоўна-ідэалагічнай сферы абумоўлена з’яўленне шэрагу навук. прац па ідэалогіі бел. дзяржаўнасці (Я.​М.​Бабосаў, Л.​В.​Вартанава, А.​С.​Майхровіч, У.​А.​Мельнік, В.​В.​Шынкароў, Я.​С.​Яскевіч). У калект. выданні Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» абазначаны прыярытэты і змест даследчага пошуку, канцэптуальныя падыходы да ідэалагічных мэт і задач пераходнага перыяду. У апошнія гады прадметам вывучэння становяцца праблемы эфектыўнасці дзярж. палітыкі, узровень дэмакратычнасці правячай і апазіцыйнай эліт, практыка рэалізацыі паліт. і грамадз. правоў і свабод, фактары і ўмовы, якія перашкаджаюць усталяванню прынцыпаў грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, узмацненню грамадскага кантролю ўлады.

Літ.:

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половине XVII вв. Мн., 1984;

Матусевич А.В. Политическая система: состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Тихиня В.Г. Тернистый путь к правовому государству. Мн., 1995;

Евменов Л.Ф. Тотальный кризис и права человека. Мн., 1996;

Данилов А.Н. Власть и общество: Поиск новой гармонии. Мн., 1998;

Мельник В.А. Республика Беларусь: власть, политика, идеология. Мн., 1998;

Яго ж. Политология. 4 изд. Мн., 2002;

Павлов Н.В., Степанов Г.И. Гражданское общество и правовое государство. Мн., 1999;

Решетников С.В. Политология в Республике Беларусь: теоретико-методологические и прикладные аспекты. Мн., 1999;

Государственное управление: политика в действии Мн., 2000;

Решетников С.В., Антонович Н.А. Системный подход как методология анализа публичной политики. Мн., 2000;

Бондарь П.И., Бондарь Ю.П. Политология: Учеб.-метод. комплекс. Мн., 2003;

Падокшын С.А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мн., 2003.

Ю.​П.​Бондар.

т. 18, кн. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,

звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.

Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.​Б.​Валовіча і падканцлера Л.​І.​Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш. еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.

Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр. ням., франц., лац. мовы.

Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.​Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.​Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.​Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.

Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.

Публ.:

Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.

Літ.:

Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;

Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;

Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;

Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38;

Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;

Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;

Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;

Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;

Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;

Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;

Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.

І.​А.​Юхо.

т. 15, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),

мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.

Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.​Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.​Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.

У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.​Гюго, А.​Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.​Санд, Э.​Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.​Р.​Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.​Ламарцін, А.​Мюсэ, Ш.​А.​Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.​Вордсварт, С.​Т.​Колрыдж, Р.​Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.​Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.​Байран, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.​Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.​Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.​Г.​Вакенродэр, Наваліс, Л.​Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.​Брэнтана, Л.​Арнім, Г.​Кляйст, А.​Шаміса, Г.​Гейнэ, браты Грым, І.​Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.​Леапардзі, У.​Фоскала, А.​Мандзоні (Італія), Ш.​Пецёфі (Венгрыя), А.​Эленшлегера (Данія), Э.​Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.​Радзічавіча (Сербія), Я.​Колара (Чэхія), Я.​Краля (Славакія), В.​Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.​Ірвінг, Дж.​Ф.​Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.​Хотарн, Э.​По, Г.​Мелвіл, Г.​Лангфела, Р.​У.​Эмерсан, Г.​Д.​Тора, Э.​Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.​Рылеева, В.​Кюхельбекера, А.​Адоеўскага, А.​Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.​Жукоўскага, Я.​Баратынскага, К.​Бацюшкава, І.​Казлова, А.​Пагарэльскага, Ф.​Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.​Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.​Лермантава і М.​Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.

У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел. рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.​Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.​Караткевіча, Я.​Брыля, І.​Навуменкі, А.​Карпюка і інш.

У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.

Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.​Гро. Ж.​Л.​Давід, П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Дам’е, Э.​Дэлакруа, Т.​Жэрыко, П.​П.​Прудон, Ф.​Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.​Рунге, І.​Г.​Фюслі), пейзаж (К.​Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.​Бонінгтан, Дж.​Констэбл, У.​Тэрнер) і ЗША (Дж.​Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.​Матэйка, П.​Міхалоўскі (Польшча), І.​Манес, І.​Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.​Брулова, Ф.​Бруні, Ф.​Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.​Іванава, П.​Фядотава.

На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.​Дмахоўскі, Я.​Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.​Бартэльса, Б.​Клямбеўскага, Я.​Манюшкі, Р.​Слізня, сфарміравалася творчасць М.​Э.​Андрыёлі.

У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф.​Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.​А.​Гофмана, К.​М.​Вебера (Германія), Н.​Паганіні, Дж.​Расіні (Італія), Дж.​Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.​Шапэна (Польшча), Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Дж.​Меербера (Францыя), Ф.​Ліста (Венгрыя), В.​Беліні, Дж.​Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.​Брамса (Германія), А.​Брукнера, Х.​Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.​Малера (Аўстрыя), Р.​Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.​Вярстоўскі, пазней П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.​Метнер, А.​Скрабін, Вердзі, Ж.​Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл. Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.​Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.​Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.

Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел. нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.​Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).

Літ.:

Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;

История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;

Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;

Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;

Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;

Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;

Романтизм в музыке. Мн., 1999;

Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;

Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;

Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.

М.​С.​Рагачэўская (літаратура, выяўленчае мастацтва), В.​Я.​Буйвал (бел. выяўленчае мастацтва), А.​М.​Кулагін (архітэктура), Т.​А.​Цітова (музыка).

Да арт. Рамантызм. Э.​Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.
Да арт. Рамантызм. І.​Г.​Фюслі. Жах. 1790—91.
Да арт. Рамантызм. К.​Д.​Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.
Да арт. Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)