суспензіі пігментаў у водных растворах плёнкаўтваральнікаў (карбаксілметылцэлюлозы, полівінілавага спірту, казеіну, крухмалу, камедзі і інш.). Для прыгатавання К.ф. выкарыстоўваюць неарган. (напр., вохра, сурык, ультрамарын) і арган.пігменты. К.ф. ўтвараюць сітаватыя, звычайна няводаўстойлівыя пакрыцці з малой мех. трываласцю, але выдатнымі дэкар. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць для аздаблення памяшканняў, водаўстойлівыя казеінавыя К.ф. — для вонкавых работ і атрымання мыйных пакрыццяў, маст. К.ф. (акварэльныя, гуашавыя), якія рыхтуюць на аснове плёнкаўтваральнікаў расліннага паходжання — у жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ МАДЭ́ЛЬ,
прыстасаванне для атрымання ў ліцейнай форме рабочай поласці для будучай адліўкі. Звычайна з’яўляецца часткай мадэльнага камплекта.
Ад самой адліўкі адрозніваецца спец. выступамі, якія ўтвараюць у ліцейнай форме гнёзды для ўстаноўкі ліцейных стрыжняў, а таксама прыпускамі на ўсадку сплаву пры цвярдзенні і на мех. апрацоўку. Бываюць раздымныя і нераздымныя; драўляныя, гіпсавыя, цэментныя, пластмасавыя, пенаполістырольныя, парафінастэарынавыя і металічныя.
Д.М.Кукуй.
Раздымная ліцейная мадэль са стрыжнёвымі знакамі: 1 — палова мадэлі; 2 — стрыжнёвы знак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛУЖЭ́ННЕ,
зарастанне зямельных участкаў травяністай расліннасцю. Адрозніваюць прыроднае (самазарастанне травяністай расліннасцю высечак, закінутай раллі і інш.) і штучнае З. (засяванне поля шматгадовымі злакавымі і бабовымі травамі ці травасумесямі для стварэння культ. пашы ці сенажаці для паляпшэння прыродных кармавых угоддзяў). На забалочаных мінер. і тарфяных глебах З. праводзяць пасля выканання меліярац. і культуртэхн. работ. Праводзяць З. таксама пры азеляненні населеных пунктаў, буд-ве стадыёнаў, аэрадромаў, замацаванні адхонаў дарог, дамбаў, для барацьбы супраць эрозіі глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ СВЯТЛА́,
змена ў часе паводле зададзенага закону інтэнсіўнасці светлавога патоку. Неабходна для перадачы па светлавым прамяні інфармацыі (тэлевізійнага адлюстравання, гаворкі), дляаптычнай лакацыі і далёкаметрыі.
Бывае ўнутраная (ажыццяўляецца ўздзеяннем на крыніцу святла) і знешняя (уздзеяннем на светлавы паток). Для знешняй М.с. выкарыстоўваюць мадулятары, пераважна электрааптычныя (ячэйкі Кера, элементы Покельса). З паяўленнем магутных кагерэнтных патокаў святла ад лазераў пачала ажыццяўляцца фазавая М.с., пры якой паводле зададзенага закону зменьваецца зрух фазы светлавых ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКА́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
агратэхнічны прыём, ураўнаванне і ўшчыльненне паверхневага слоя глебы каткамі. Захоўвае глебавую вільгаць, памяншае перапады т-ры, забяспечвае раўнамернае загортванне насення і найлепшыя ўмовы для ўкаранення і кушчэння раслін, прадухіляе асяданне глебы, садзейнічае назапашванню ў глебе пажыўных рэчываў у лёгказасваяльных формах, павялічвае мікрабіял. актыўнасць глебы. Праводзяць перад сяўбой (асабліва ў сухую вясну), пасля сяўбы (часцей для дробнага насення), пры агаленні вузла кушчэння азімых культур, для знішчэння ледзяной скарынкі на пасевах зімуючых культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ГІ́ЛЬЗАВА-ПАПЯРО́СНЫЯ І ГІ́ЛЬЗАВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ І ФА́БРЫКІ.
Дзейнічалі ў 1878—1914 у г. Брэст. Мелі машыны для рэзання паперы і кардону, пераплётныя і гільзавыя, станкі для вырабу гільзаў, метал. папяросныя машынкі; выкарыстоўвалі конныя прыводы і рухавікі, газава-бензінавыя і паравыя рухавікі (з 1905). Выраблялі гільзы папяросныя, у т. л. з муштукамі, гільзы для набівання папярос з маісавай паперы, кардон для муштукоў і скрынак. На кожнай мануфактуры за год выраблялася гільзаў на суму да 10—20 тыс.руб., працавала ад 16 (1885) да 200 (1892) рабочых. На кожнай ф-цы штогод выраблялі прадукцыі на суму да 26—40 тыс.руб., працавала ад 100 (1896) да 25 (1910) рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́Я АДХО́ДЫ,
разнастайныя паводле складу і фіз.-хім. уласцівасцяў рэшткі, якія ўтвараюцца ў працэсе бытавой дзейнасці чалавека. Падлягаюць выдаленню або ліквідацыі для папярэджання забруджвання навакольнага асяроддзя. У сувязі з павелічэннем аб’ёмаў бытавых адходаў з’яўляюцца крыніцай біятычнага, механічнага, хім. і інш. відаў забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршаюць яго сан.-эпідэміялагічныя, аздараўленчыя і эстэт. вартасці. Нейтралізацыя адмоўнага ўплыву бытавых адходаў звязана з распрацоўкай спосабаў іх выкарыстання як сыравіны і крыніцы энергіі для розных галін нар. гаспадаркі (напр., харч. адходы як другасныя кармы для жывёлы, рэшткі металу і паперы — сыравіна для другаснай іх вытворчасці і інш.). Ствараюцца цэнтралізаваныя сістэмы выдалення і апрацоўкі вадкіх і цвёрдых бытавых адходаў (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАКЗА́Л (ад аўта... + вакзал),
комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).
У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамя асн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. ўстановы.