НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (НТР),

карэннае, якаснае пераўтварэнне навукі, тэхнікі, сістэмы прадукц. сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытв-сці. НТР пачалася з сярэдзіны 1940-х г., яе перадумовы створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з шэрагам адкрыццяў у прыродазнаўчых навуках. Уплывае на ўсе бакі жыцця грамадства, у т. л. на яго сац. і галіновую структуру, культуру, побыт і псіхалогію людзей, змяняе ўмовы, характар і змест іх працы, уздзейнічае на экалагічную сітуацыю, дэмаграфічныя працэсы і інш. Ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукц. сілу суправаджаецца ўскладненнем яе структуры, узрастаннем ролі міждысцыплінарных і прыкладных даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак як звёнаў, што звязваюць навуку з вытв-сцю. На падставе ўкаранення вынікаў фундаментальных навук. даследаванняў на стыку шэрагу навук узніклі прынцыпова новыя галіны вытв-сці (атамная энергетыка, кібернетыка, радыёэлектроніка, валаконная оптыка, матэрыялазнаўства і інш.), ствараюцца новыя сістэмы тэхналогій — біятэхналогіі, лазернай тэхналогіі і інш. Пры НТР адбываюцца кардынальныя змены ў дачыненні да суб’ектаў вытв-сці — працаўнікоў, растуць патрабаванні да іх ведаў і прафес. падрыхтоўкі, інтэлектуальнага, кваліфікацыйнага і агульнакульт. ўзроўняў, арганізац. здольнасцей (гл. Навукова-тэхнічны патэнцыял). Інтэнсіфікацыя вытв-сці ў эпоху НТР суправаджаецца ўцягненнем у гасп. абарот асн. прыродных рэсурсаў планеты (карысных выкапняў здабываецца штогод да 150 млрд. т), што разам з індустр. забруджваннем, разбурэннем азонавага слоя, парушэннем натуральнага энергет. балансу Зямлі стварае пагрозу экалагічнай катастрофы. Не пазбаўлена супярэчнасцей і асваенне касм. прасторы (дасягненні ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца пераважна ў ваен. мэтах). Практычнае выкарыстанне ядзернай энергіі вырашае энергет. праблемы ў шэрагу краін свету (атамныя электрастанцыі, атамныя ледаколы і інш.), разам з тым назапашванне ядз. зброі ставіць пад пагрозу жыццё на Зямлі; выкарыстанне атамнай энергіі ў мірных мэтах таксама ўяўляе сабой небяспеку для жыцця чалавека (аварыя на Чарнобыльскай АЭС). Развіццё і выкарыстанне электронна-выліч. тэхнікі зрабіла рэвалюцыянізуючы ўплыў на ўсе кірункі навукова-тэхнічнага прагрэсу, садзейнічала камп’ютэрызацыі вытв-сці і кіраўніцкай працы, укараненню новых інфарм. тэхналогій (сучасны этап НТР наз. інфармацыйнай рэвалюцыяй, а грамадстваінфармацыйным грамадствам. Наяўнасць практычна па кожным з кірункаў НТР магчымасці атрымання станоўчых і адмоўных вынікаў патрабуе ў кожным канкрэтным выпадку ўлічваць навук.-тэхн. і вытв.-тэхнал. фактары і сац. складальныя НТР.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАВІКІ́,

прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас. рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв. рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.

Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.

Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).

Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.

У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт. ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.

На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.

Літ.:

Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;

Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,

апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст. н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.

На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб. стараж. жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст. н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр. бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст. н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл. Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;

Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;

Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.

В.​С.​Вяргей, А.​В.​Іоў, М.​І.​Лашанкоў, А.​Р.​Мітрафанаў.

Да арт. Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.
Да арт. Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТ, побыт,

пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,

танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДБЕРЫ ((Bradbury) Рэй Дуглас) (н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб. фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451° па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.​Хэмета і Р.​Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.

Тв.:

Бел. пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;

рус. пер. — Рассказы. М., 1975;

Память человечества. М., 1982;

Холодный ветер, тёплый ветер. М., 1983;

О скитаньях вечных и о Земле. М., 1988;

Фантастика Рея Брэдбери М., 1992;

Чикагская бездна. М., 1993.

Е.​Л.​Лявонава.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДО́ЎСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),

расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. СПб., 1899—1904;

Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;

Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;

Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.

В.​В.​Краснова.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд. т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник. Т. 1—2. М., 1964;

Братья Земганно;

Актриса Фостен. Жермини Ласерте;

М., 1972

С.​В.​Логіш.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія рэгламентуюць асновы дзярж. і грамадскага ладу краіны, сістэму і прынцыпы фарміравання і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян. У некат. замежных краінах тэрмін Дз.п. замяняецца тэрмінам канстытуцыйнае права.

У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніца Дз.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а таксама заканадаўства аб выбарах, інш. прававыя акты. Нормы Дз.п. вызначаюць паліт. і эканам. сістэму грамадства, асновы дзейнасці дзяржавы ў галіне сац. развіцця і культуры, знешняй палітыкі і абароны Айчыны, рэгулююць узаемаадносіны дзяржавы і асобы, устанаўліваюць таксама сістэму, парадак утварэння і прынцыпы дзеяння органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улады, органаў мясц. кіравання і самакіравання, фінансава-крэдытнай сістэмы, пракуратуры, дзярж. кантролю. Вызначальнае месца ў сістэме Дз.п. належаць нормам, якія замацоўваюць канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, гарантуюць абарону гэтых правоў і свабод. Дз.п. як вядучая галіна з’яўляецца асноватворнай для інш. галін права — цывільнага, прац., адм. і інш.

Існуе і навука Дз.п., якая вывучае дзяржаўна-прававыя нормы, інстытуты і адносіны ў працэсе іх узнікнення і развіцця, даследуе прыроду, сутнасць і змест Дз.п., яго прынцыпы, прадмет, крыніцы і сістэму.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)