МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),
цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым. армія Пампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.
Літ.:
Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;
Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,
горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн.ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.
Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г.кіт.ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл.Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́І, Хасманеі,
дынастыя першасвятароў іерусалімскага храма і цароў Іудзеі ў 2—1 ст. да н.э. Заснавальнік — свяшчэннаслужыцель з в. Модзін Матафія Хасманей (п. у 166 да н.э.). У 167 да н.э. ён узначаліў паўстанне супраць правіцеля дзяржавы Селеўкідаў — Антыёха IV, які намагаўся забараніць іудаізм. Матафія разбіў войскі Антыёха і вызваліў Іерусалім. Яго сыны: Іуда Макавей (адсюль назва дынастыі); Іанатан (з 153/152 першасвятар іерусалімскага храма, у 143 да н.э. паланёны і забіты сірыйцамі); Сімон (143—134 да н.э.), які дамогся поўнай незалежнасці Іудзеі. Сын апошняга Іаан Гіркан I (134—104 да н.э.) заваяваў Самарыю і прымусіў ідуміцян прыняць іудаізм, яго сын Арыстобул I быў абвешчаны царом Іудзеі [104—103 да н.э.]. Пры яго браце Александру Янаю [103—79 да н.э.] Іудзейскае царства дасягнула найб. росквіту і ўключала тэр. Палесціны і раёны за р. Іардан. У 63 рымскі палкаводзец Пампей умяшаўся ў дынастыйныя спрэчкі М., заняў Іерусалім і прымусіў іх прызнаць уладу Рыма. Б.ч. М. была ў 37 знішчана Ірадам I. М. прысвечаны «Кнігі Макавейскія» са Старога запавету, яны лічацца нац. героямі яўр. народа.
Літ.:
Иосиф Флавий. Иудейская война: Пер. с нем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
антыфашысцкае ўзброенае выступленне ў акупіраванай Варшаве 1.8—2.10.1944 у 2-ю сусв. вайну. Арганізавана і ўзначалена падпольнай Арміяй Краёвай (АК), звязанай з польскім эмігранцкім урадам у Лондане. Кіраўнікі паўстання на чале з ген. Т.Камароўскім разлічвалі, што паўстанцы здолеюць авалодаць сталіцай Польшчы непасрэдна перад наступленнем на Варшаву сав. войск, якія праводзілі ў той час Беларускую аперацыю 1944, і забяспечыць уладу прыхільнікам эмігранцкага ўрада. На выбар часу паўстання паўплывалі знешнія падзеі: змова супраць Гітлера 20.7.1944, адступленне ням.-фаш. войск да лініі Віслы, заклікі да палякаў падняць агульнае паўстанне супраць акупантаў, атрыманае камандаваннем АК у Варшаве 31.7.1944 неправеранае паведамленне аб уступленні сав. танкаў ва ўсх. прадмесце Варшавы. У першыя дні паўстання каля 25 тыс. паўстанцаў (з іх 1,5—2,5 тыс. дастаткова ўзброеных) разгарнулі вулічныя баі і занялі амаль палову цэнтр.ч. горада на левым беразе Віслы, аднак з-за недахопу боепрыпасаў былі вымушаны перайсці да абароны. Пасля далучэння цывільнага насельніцтва (найперш моладзі) і часцей Арміі Людовай паўстанне стала масавым (усяго каля 50 тыс. дрэнна ўзброеных людзей). У гэты ж час ням.-фаш. войскам удалося прыпыніць наступленне часцей Чырв. Арміі на Варшаву (1 жн.), сав. авіяцыя спыніла бамбардзіроўкі ням. пазіцый у польск. сталіцы (2 жн.). 4 жн. гітлераўцы перайшлі ў наступленне на паўстанцаў і да 9 вер. расчлянілі раёны, якія ўтрымлівалі польск. патрыёты, на ізаляваныя сектары. Ва ўмовах крызісу паўстання 14 вер.сав. часці авалодалі Прагай — прадмесцем Варшавы на правым беразе Віслы. Ноччу 16 вер.сав.войскі і 1-я Польская армія фарсіравалі Віслу, але не ўтрымаліся на яе зах. беразе. Сав. і амер.-англ. авіяцыя скідвала паўстанцам зброю, харчаванне, амуніцыю. Выкарыстоўваючы танкі, артылерыю, авіяцыю, ням.-фаш.войскі (амаль 50 тыс.чал.) на чале з ген. Э. фон дэн Бах-Зелеўскі канчаткова адрэзалі паўстанцаў ад Віслы і паступова задушылі цэнтры супраціўлення. 2 кастр. кіраўніцтва АК падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога паўстанцы атрымалі права камбатантаў, а цывільнае насельніцтва эвакуіравалася з горада. У палон трапіла каля 16 тыс. паўстанцаў, 22—25 тыс.чал. былі забіты ці прапалі без вестак. Цывільнае насельніцтва страціла 150—200 тыс.чал.Ням. 9-я армія, якая душыла паўстанне, страціла забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 26 тыс.чал. Паводле загаду Гітлера пасля эвакуацыі каля 500 тыс. ацалелых жыхароў Варшавы пачалося яе сістэм. разбурэнне.
Літ.:
Назаревич Р. Варшавское восстание, 1944 год: Полит. аспекты: Пер. с пол. М., 1989;
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 3, т. 5—6. С. 398—407;
Kunert A.K. Rzeczpospolita Walcząca: Powstanie Warszawskie, 1944: Kalendarium. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Варшаўскае паўстанне 1944. Помнік паўстанцам у Варшаве. Аўтар В.Куцма. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),
высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр.ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс.чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд.ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла група герм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ.паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленне Сав. войск на Беларусі (гл.Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк. група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс.чал., ням. бок — 117 тыс. чал.
Літ.:
Гл. пры арт.Другі фронт.
Да арт.Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1794у Польшчы, Беларусі і Літве,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.Малахоўскага, К.Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац.ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл.«Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял.франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл.Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.
На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр.ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас.войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.К.Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас.войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.В.Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс.чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял.франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АНСССР. 1953. Т. 7;
Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.Арлоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял.кн.ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКА,
горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс.ж. (1995).
Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл.Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс.чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс.ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.
Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413тэр. Г.к. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.
Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац.эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач.вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач.студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням.войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.