ВЫГО́ННАЯ (Лілія Ціханаўна) (н. 3.9.1942, г. Мары, Туркменія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). У 1964 скончыла БДУ; працуе ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе пытанні бел. фанетыкі і фаналогіі, бел. лексікалогіі. Аўтар манаграфіі «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» (1991), сааўтар прац «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Галосныя беларускай мовы» (1975), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990).

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРЫ́НІН (Міхаіл Кузьміч) (23.1.1889, г. Рослаўль Смаленскай вобл., Расія — 8.7.1955),

рускі і бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1951), прафесар. Скончыў Смаленскі ун-т (1924). Працаваў у Маскоўскім ун-це (1930—31), Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1931—37) і інш. ВНУ Масквы, Мінска, Ін-це сусв. л-ры імя М.​Горкага. Даследаваў бел. стараж. л-ру, творчасць некат. рус. пісьменнікаў.

Тв.:

Беларуская літаратура: Старажытны перыяд. Мн., 1952.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫ́ШКА (Міхась Канстанцінавіч) (8.7.1925, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 10.1.1984),

бел. мовазнавец. Брат А.К.Клышкі. Скончыў БДУ (1958). Працаваў журналістам, у 1967—81 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Аўтар першага ў бел. лексікаграфіі «Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў» (1976, 2-е выд. 1993), праілюстраванага матэрыяламі з твораў бел. пісьменнікаў, фальклору, навук., навук.-папулярных, даведачных і перыяд. выданняў.

Літ.:

Сцяпко П. Беларускі сінанімічны... // Полымя. 1997. № 4.

І.​У.​Саламевіч.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХТЫ М. ДРУКА́РНЯ,

прыватная бел. друкарня ў Вільні ў 1906—17, заснаваная друкаром і выдаўцом М.​М.​Кухтам. Мела права выдаваць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. 23.11.1906 у ёй надрукаваны 1-ы нумар бел. газ. «Наша ніва». Друкавала творы Ф.​Багушэвіча, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Буйло, Цёткі, у т. л. верш «Скрыпка беларуская», забаронены царскай цэнзурай. Выдавала бел. календары, зборнікі, спеўнікі з нотамі і інш.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам на месцы фанемы <о> гука [о]. У адрозненне ад акання О. ўласціва размежаванне пры маўленні фанем <о> і <а> ў ненаціскных складах: «вода — трава». Распаўсюджана ў паўн. гаворках рус. мовы. На Беларусі сустракаецца ў паўд. гаворках Брэсцкай і Гомельскай абл. Ў асобных гаворках Столінскага і Лунінецкага р-наў назіраецца гіпероканне — замена этымалагічнага [а] на [о]: [бозар].

Літ.:

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУЭ́ЛЬ (Софія Пятроўна) (н. 20.2.1941, в. Еськавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1988). Скончыла БДУ (1966). З 1969 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя»; заг. рэдакцый, у 1992—96 нам. гал. рэдактара. Аўтар артыкулаў па гісторыі Беларусі, адзін з рэдактараў і складальнікаў шэрагу энцыклапедычных выданняў, у т. л. гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Дзярж. прэмія Беларусі 1990 за выданне «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рабоча-сялянскі ўрад Літвы і Беларусі, гл. ў арт. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі 8/396, гл. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬГЕАЛО́ГІЯ»,

вытворчае аб’яднанне па геолагаразведачных работах Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляе комплекснае вывучэнне нетраў, пошукі і разведку радовішчаў карысных выкапняў на тэр. Беларусі.

Стварэнне бел. геал. службы ўзыходзіць да 1922 (геолагаглебавая падсекцыя ў Інбелкульце). У 1930 арганізаваны Бел. геолагаразведачны трэст, функцыі якога ў 1933 перададзены Ін-ту геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР. З 1936 геолагаразведачная служба існавала ў складзе Нар. камісарыята мясц. прам-сці БССР, пры СНК СССР (з 1938), у Маскоўскім геал. упраўленні (Бел. геал. партыя, з 1943). У 1944 арганізавана Бел. геал. ўпраўленне. З 1946 пачата планамернае вывучэнне нетраў. У 1965 у сістэме Упраўлення геалогіі пры СМ БССР створаны трэст «Белнафтагазразведка», у 1969 у яе ўвайшоў Ін-т геал. навук АН БССР (гл. Геолага-разведачны Беларускі навукова-даследчы інстытут). У 1979 Упраўленне геалогіі пры СМ БССР пераўтворана ва Упраўленне геалогіі БССР. У 1980 створана Бел. нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання ў Зах. Сібіры. З 1987 сучасная назва.

У складзе «Беларусьгеалогіі» (1995) 11 вытв. падраздзяленняў, у т. л. Беларуская геолагаразведачная экспедыцыя (у Слуцку), Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя (у Мінску), Цэнтр. геафіз. экспедыцыя (у пас. Калодзішчы каля Мінска), Геафізічная экспедыцыя (у Мінску), Мазырская нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання і інш.

Э.​І.​Свідэрскі.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНАЗО́ЎНІК,

службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).

Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).

Літ.:

Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)