ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.
Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.І.Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.М.Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.М.Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.Р.Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.У.Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.С.Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.А.Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.
З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНК БССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦК КП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр. рэвіз. камісія з 5 чл.
Кр.:
XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.
У.К.Коршук.
т. 4, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ І ДАГАВО́РЫ 1824, 1832, 1854, 1867.
Рэгулявалі пытанні двухбаковых адносін паміж Рас. імперыяй і ЗША: тэр., гандл., навігацыйныя і інш. Канвенцыя 1824 Аб вызначэнні граніцы расійскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы падпісана 17 крас. у Пецярбургу (перагаворы вяліся па ініцыятыве Расійска-амерыканскай кампаніі з 1808). Па 54°40 паўн. ш. была ўстаноўлена граніца, на Пн ад якой амерыканцы, а на Пд — рускія абавязваліся не пасяляцца; рыбная лоўля і плаванне ўздоўж берагоў па Ціхім ак. былі абвешчаны на 10 гадоў адкрытымі для суднаў абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1832 Аб гандлі і навігацыі падпісаны 18 снеж. ў Пецярбургу. У яго аснову пакладзены прынцып узаемнага спрыяння ў адносінах свабоднага заходу суднаў ЗША і Расіі ў гавані і парты, мытных збораў, пошлін і фрахтаў; жыхарам абедзвюх дзяржаў дазвалялася гандляваць усюды, дзе дапускаўся іншаземны гандаль. Дагавор прадугледжваў пашырэнне прывілеяў, якія адзін з бакоў даваў якой-н. нацыі ў галіне гандлю і навігацыі, на іншы дагаворны бок. Дзейнічаў да 1911. Канвенцыя 1854 аб марскім нейтралітэце падпісана 22 ліп. ў Вашынгтоне ва ўмовах Крымскай вайны 1853—56, была накіравана гал. чынам супраць варожых дзеянняў брыт. і франц. флоту, якія істотна шкодзілі гандлю Расіі з замежнымі краінамі, у т. л. з ЗША.
Расія і ЗША прызнавалі за суднамі ўсіх нейтральных краін права на перавозку тавараў грамадзян ваюючых краін (у т. л. Расіі), а таксама права грамадзян нейтральных дзяржаў перавозіць свае тавары на суднах ваюючых краін (гэтыя тавары ў выпадку захопу судна непрыяцелем не маглі быць захоплены або канфіскаваны і не лічыліся ваен. кантрабандай).Дагавор 1867 Аб продажы Расіяй сваіх паўночна-амерыканскіх уладанняў ЗША (гл. Вашынгтонскі дагавор 1867).
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 479-481.
т. 13, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),
лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш.). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).
А.Б.Савеня.
т. 14, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,
вызначэнне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці шляхам устанаўлення пагранічных знакаў на падставе дакументаў аб дэлімітацыі граніц. Ажыццяўляецца змешанымі камісіямі, якія ствараюцца дагаворнымі бакамі на парытэтных пачатках.
т. 6, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́НЦЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ,
адзін з відаў дагавора міжнароднага. Найчасцей К.м. з’яўляецца шматбаковым міжнар. дагаворам па пытаннях эканам., юрыд., тэхн., гуманіт. характару, а таксама дагаворам аб законах і звычаях вайны.
т. 7, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЗНЕ́ННЕ,
псіхічнае расстройства, пры якім хворы чалавек з упэўненасцю гаворыць аб тым, чаго не існуе. Бывае пры шызафрэніі, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозе і інш. хваробах псіхікі. Лечаць псіхатропнымі сродкамі.
т. 15, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МАЎ Я́БЛЫК, кадык,
анатамічнае ўтварэнне ў выглядзе прамавугольнага выступу на пярэдняй паверхні шыі ў мужчын. Складзена з пласцінак шчытападобнага храстка гартані. Назва па біблейскай легендзе аб праглынутым Адамам яблыку.
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1770—90-х гадоў, пагадненні паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй аб падзелах Рэчы Паспалітай (гл. Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).
т. 12, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́ПТ (ад лац. receptum прынятае, узятае),
пісьмовы зварот урача (на друкаваным бланку) у аптэку аб водпуску лек. сродкаў у пэўнай дазіроўцы (або прыгатаванні лек. формы з указаннем спосабу ўжывання).
т. 14, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮІСО́Н (Buisson) Фердынанд Эдуард (20.12.1841, Парыж — 16.2.1932),
французскі педагог і грамадскі дзеяч. Праф. Лазанскай акадэміі (1866—70), дырэктар пач. адукацыі Францыі (1879—96), кіраўнік кафедры педагогікі Сарбоны (з 1896). Дэпутат парламента ў 1902—24. Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні законаў 1880-х г. аб усеагульнай абавязковай бясплатнай пач. адукацыі і аб свецкай школе, а таксама школьных законаў пач. 20 ст. Адстойваў прынцыпы «адзінай школы»: роўнасць у атрыманні адукацыі і даступнасць навучання ў сярэдняй школе, якая залежала б толькі ад здольнасцей вучняў. Вял. значэнне надаваў маральнаму развіццю асобы, прызнаючы ролю рэлігіі ў выхаванні. Адзін з заснавальнікаў «Лігі правоў чалавека» і «Т-ва па вывучэнні дзіцячай псіхалогіі». Нобелеўская прэмія міру 1927.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)