САМАЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

натуральнае забруджванне навакольнага асяроддзя, выкліканае ўтварэннем небяспечных забруджвальнікаў пры фіз.-хім. працэсах або катастрафічных прыродных з’явах (вывяржэнне вулканаў, ураганы, паводкі, селевыя патокі і інш.), якія адбываюцца без прамога ўдзелу чалавека. Напр., з нетаксічных кампанентаў у прыродзе ўтвараецца ядавіты газ — фасген, з фрэонаў пры фотахім. рэакцыях у стратасферы — іон хлору, які разбурае азонавы слой. У вадаёмах за кошт адмірання расл. і жывёльных арганізмаў колькасць вуглекіслаты павялічваецца, растворанага кіслароду памяншаецца, утвараюцца ядавітыя для чалавека і жывёл рэчывы. Найб. прыкметна гэта выяўляецца ў перыяд ледаставу, а таксама ноччу летам пры моцным развіцці і адміранні мікраскапічных водарасцей. С. выклікае заморы рыб, гідрабіёнтаў.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРЫЦЯ́НЕ,

этнічная група і рэліг. абшчына (каля 400 чал.). Жывуць у гарадах Наблус (Іарданія) і Халон (Ізраіль). С. — патомкі вавілонскіх каланістаў, пераселеных у 722 да к.э. ў Самарыю, якія змяшаліся з насельніцтвам Ізраільскага царства. З Бібліі прызнаюць толькі Пяцікніжжа ў асобай рэдакцыі. Лічаць свяшчэннай гару Герызім (каля г. Наблус). З канца 6 ст. да н.э. з-за абвастрэння рэліг.-паліт. супярэчнасцей адышлі ад іудзейскай абшчыны ў Іерусаліме. У 129 да н.э. хасманейскі правіцель Гіркан I (гл. Макавеі) разбурыў храм на гары Герызім. У 36 н.э. пры Понцію Пілаце рымляне ўчынілі крывавую расправу над С. Жылі таксама ў Егіпце, Сірыі, Рыме, Грэцыі і Іране.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела),

першасныя сегменты цела, парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),

старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл. Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.​К.​Сулам (1 ст. да н.э.).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РНАВЫ ДАЎГАНО́СІК (Sitophilus granarius),

жук сям. даўганосікаў. Шкоднік зерня (асабліва жыта, пшаніцы, рысу, ячменю) і збожжапрадуктаў, пераносчык мікраарганізмаў (фузарыума, бульбяной палачкі), якія выклікаюць самаўзгаранне і псаванне збожжавых запасаў. Пашыраны паўсюдна.

Цела даўж. 2,3—3,5 мм, бліскучае, цёмна-карычневае ці чорнае, з чырв.-бурымі нагамі і вусікамі. Не здольны да палёту (заднія крылы недаразвітыя). Самкі адкладваюць яйцы ў зерне. Лічынка даўж. да 3 мм, жаўтаватая, белая, бязногая, з карычневай галавой; развіваецца ў зерні, выгрызае большую яго ч. і там акукліваецца.

Свірнавы даўганосік: 1 — імага; 2 — яйцо, адкладзенае ў зерне; 3 — лічынка ў зерні; 4 — кукалка; 5 — знешні выгляд лічынкі; 6 — зерне, пашкоджанае жукамі.

т. 14, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДАТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія маюць заспакаяльны ўплыў. Адрозніваюць С.с. расл. паходжання (прэпараты валяр’яны, сардэчніку, півоні, пасіфлоры), сінт. (прэпараты брому, напр., натрыю і калію брамід) і камбінаваныя (валакардзін, валаседан і інш.). Заспакаяльным дзеяннем у малых дозах валодаюць снатворныя сродкі, транквілізатары, сардэчныя гліказіды, нейралептыкі і інш. Зніжэнне эмацыянальнага напружання, часам лёгкі снатворны эфект пры прыёме С.с. абумоўлены ўзмацненнем працэсаў тармажэння або аслабленнем працэсаў узбуджэння ў ц. н. с. С.с. ўзмацняюць уздзеянне снатворных, абязбольваючых і інш. сродкаў, не выклікаюць прывыкання, псіхічнай і фіз. залежнасці, расстройстваў каардынацыі руху. Ужываюцца для лячэння неўрозаў, пры бяссонніцы, павышанай раздражняльнасці, спазмах страўнікава-кішачнага тракта, пач. стадыі артэрыяльнай гіпертаніі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВЫ́ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 100 м на ПдУ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля шашы Брусы—Нарач. Ружова-шэры дробназярністы граніт з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,2 м, выш. 1 м, у абводзе 11,5 м, аб’ём бачнай часткі 13 м³, маса 30 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 8 штучных паўсферычных паглыбленняў з адшліфаванымі сценкамі дыяметрам 3—4 см, глыб. 1,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРТО́РЫЙ (Квінт) (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),

рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог над рым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,

паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах. ч. паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЫ ЧА́СУ,

сігналы, якія служаць для адліку часу. Перадаюцца па радыё і тэлебачанні ў пэўныя моманты сутак. Вызначаюцца з дапамогай атамных (гл. Квантавы гадзіннік) і астр. (гл. Гадзіннік астранамічны) прылад.

Для спец. мэт (служба часу, навігацыя, геадэзія) С.ч. перадаюцца ў выглядзе груп імпульсаў, што дазваляе параўноўваць час з высокай дакладнасцю. Для праверкі звычайных гадзіннікаў у краінах СНД С.ч. перадаецца вяшчальнымі радыёстанцыямі пасылкамі з 6 імпульсаў; пачатак апошняга імпульсу супадае з пачаткам наступнай гадзіны паяснога часу. З 1972 перадаюцца ў міжнар. каардынаванай шкале атамнага часу, узгадненне якой са шкалой сусветнага часу ажыццяўляецца зрушэннем мінутнага сігналу на 1 с адначасова ўсімі радыёстанцыямі (звычайна ў канцы года).

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)