помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены падправасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНА (славен. Kranjska, ням. Krain, лац. Carniola),
гістарычная вобл. у зах.ч. Балканскага п-ва (ядро — землі ў басейне р. Сава). Падзяляецца на Верхнюю, Ніжнюю і Унутраную. У старажытнасці была населена плямёнамі кельтаў і ілірыйцаў, з канца 1 ст. да н.э. частка рым. правінцыі Панонія. У 4—6 ст.н.э. тут сапернічалі паміж сабой остготы, вестготы, гуны, лангабарды. У 6—7 ст. заселена альпійскімі славянамі (славенцамі), пазней заваявана баварамі, якія ў 970 стварылі тут маркграфства Карнія. У 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Верхняя К. ўваходзіла ў герцагства Вял. Карантанія, Ніжняя — у Славенскае маркграфства. Пазней пад уладай патрыярха Аквілеі, графаў Ціроля, аўстр. правіцеляў Бабенбергаў, у 1269—76 чэш. караля Пржэмысла II, з 1335 Габсбургаў (з 1364 К. — герцагства, потым адна з каронных зямель Габсбургаў). У 1763—1848 па чарзе ўваходзіла ў Грацкую і Люблянскую губ., у 1809—13 — франц. Ілірыйскія правінцыі. У 19 ст. цэнтр славенскага нац. руху. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) большая ч. К. паводле Рапальскага дагавора 1920 увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), меншая (Унутраная) — Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 з Італіяй уся тэр. К. ўз’яднана ў складзе Славеніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦККПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл.ЦККПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦККПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел.нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦККПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл.ЦККПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС ЭКАЛАГІ́ЧНЫ,
1) сітуацыя, якая ўзнікае ў экалагічных сістэмах (біягеацэнозах) у выніку парушэння раўнавагі пад уздзеяннем стыхійных прыродных з’яў (паводка, вывяржэнне вулканаў, засуха, ураганы, смерчы, лясныя пажары, землетрасенні і інш.) або ў выніку ўздзеяння антрапагенных фактараў (забруджванне чалавекам атмасферы, гідрасферы, глебы, разбурэнні прыродных экасістэм і комплексаў, зарэгуляванне рэк, высяканне лясоў, неапраўданая меліярацыя і інш.).
2) Напружаны стан узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай, які характарызуецца неадпаведнасцю прадукцыйных сіл і вытворчых адносін і рэсурсна-экалагічных магчымасцей біясферы. К.э. ўзнікаюць пры масавым знішчэнні (перапромысел) буйных жывёл («крызіс кансументаў»), масавым знішчэнні і нястачы раслінных рэсурсаў («крызіс прадуцэнтаў»), пагрозе глабальнага забруджвання біясферы («крызіс рэдуцэнтаў», якія не паспяваюць ачышчаць яе ад антрапагенных прадуктаў). К.э. можа быць прадухілены адпаведнымі прыродаахоўнымі і прыродааздараўленчымі мерапрыемствамі (рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, безадходныя тэхналогіі, арганізацыя ахоўных тэрыторый і інш.). Есць лакальныя К.э., напр., дэградацыя экасістэмы Аральскага мора, вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 3) У больш шырокім разуменні К.э. — фазы развіцця біясферы, у якія адбываецца якаснае абнаўленне жывога рэчыва (выміранне адных відаў і ўзнікненне другіх). К.э. бываюць таксама пры змене асяроддзя пражывання жывых істот, напр. узнікненне прамаходзячых антрапоідаў — непасрэдных продкаў чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).
Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл.Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац.АНпад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў этнаграфіі,
кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл.Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Фёдар Іванавіч) (18.6.1913, в.Вял. Стралкі Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1993),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1964), праф. (1965). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1935). У 1938 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў пад Варкутой. Вызвалены ў 1943. З 1944 выкладаў у ВНУ, у 1951—55 і з 1961 — у БДУ. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст., сучасную бел. л-ру. Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Л.М.Талстога» (1953), «Сатырычная паэзія М.А.Някрасава» (1954), «Міхась Лынькоў» (1961), «Іван Мележ» (1968), «Сучасная беларуская проза» (1970), «Лекцыі па гісторыі рускай літаратуры канца XIX — пачатку XX ст.» (ч. 1—2, 1976—80), «Літаратурныя партрэты» (1983), артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, І.Шамякіна, І.Навуменкі, ГІ.Пестрака, М.Лобана, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава і інш. Складальнік зб. «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.І.Купрын пра літаратуру» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1981) і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў: Семінарыст. Мн., 1963;
Эцюды аб прозе. Мн., 1964;
Подвиг художника: Лит. путь И.Мележа. 2 изд. Мн., 1982;
Творческий путь А.И.Куприна. [Т. 1—2]. 2 изд. Мн., 1983—87;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДЗЕРА ((Kundera) Мілан) (н. 1.4.1929, г. Брно, Чэхія),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Акадэмію муз. мастацтваў у Празе. У 1968 творы К. на радзіме забаронены. З 1975 жыве ў Парыжы. Дэбютаваў паэт. зб-камі «Чалавек — бязмежны сад» (1953), «Апошні май» (1955), «Маналогі» (1957). Тэма кахання і мастацтва ў зб-ках псіхал.-лірычных навел «Смешныя каханні» (1963), «Другі сшытак смешных каханняў» (1965), «Трэці сшытак смешных каханняў» (1968). Аўтар п’ес «Уладары ключоў» (1962; паст. ў СССРпад назвай «Паварот ключа»), «Лухта» (1969), «Якуб і пан» (1970). У раманах «Жарт» (1967), «Жыццё недзе там» (1973), «Развітальны вальсок» (1979), «Нясцерпная лёгкасць быцця» (1985, экранізацыя 1988; аб лёсе інтэлігенцыі, звязанай з паліт. падзеямі Пражскай вясны 1968), «Несмяротнасць» (1990), «Няспешнасць» (1995), «Ідэнтычнасць» (1997) спалучыў філас. змест з займальнай фабулай, узнімаў экзістэнцыяльныя праблемы парушанай камунікатыўнасці сучаснага грамадства. Сваю канцэпцыю рамана распрацаваў у эсэ «Мастацтва рамана» (1960; пашыр.выд. 1986). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Вострыкава, А.Ціхановіч, С.Сматрычэнка.
Тв.:
Бел.пер. — Трагедыя Цэнтральнай Эўропы // Фрагмэнты... 1996. № 1.
Літ.:
Вострыкава А. Жыццяпіс. Жыццёвае крэда — раманіст;
Шаблоўская І. Запрашэнне да няспешнасці // Крыніца. 1998. № 10 (47).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (Labrador ад партуг. lavrador земляроб),
паўвостраў на ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе. Пл. больш за 1,6 млн.км². Абмываецца водамі мора Лабрадор, зал. Св. Лаўрэнція, Гудзонава прал. і Гудзонава зал. Берагі на У высокія, фіёрдавыя, на Пд прамалінейныя, на Пн і З нізкія, месцамі шхерныя. Паверхня пераважна ўзгорыстая (Лаўрэнційскае ўзв.); на ПнУ — горы Торнгат (выш. да 1676 м), цэнтр. ч — Азёрнае плато выш. 500—800 м. У геал. адносінах Л. — частка Канадскага шчыта. Складзены з дакембрыйскіх парод (граніты, гнейсы, габра). З Пн на Пд цягнецца адна з найб. у свеце руданосных зон (гл.Лабрадора жалезарудны пояс). Клімат субарктычны і ўмераны, пад моцным уплывам Паўн. Ледавітага ак. і халоднага Лабрадорскага цячэння. Сярэдняя т-растудз. на Пд -12 °C, на Пн -28 °C; ліп. адпаведна 18 і 7 °C. Ападкаў ад 250 мм на Пн да 1200 мм за год на Пд. На б.ч. паўвострава шматгадовая мерзлата. Рэкі парожыстыя, шмат азёр і балот. Лесатундра і рэдкастойныя хвойныя лясы. Населена ў асн. узбярэжжа. Пушны (куніца, ліс, рысь, андатра) і рыбны промысел. Здабыча жал. руды. Гарады: Сет-Іль, Шэфервіл, Кууджуак, Лабрадор-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАПАДО́БНЫХ КУ́БКАЎ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.Паўн. і Цэнтр. Еўропы, сучаснай Польшчы, паўн.-зах. Украіны і (на познім этапе) паўд.-зах. Беларусі. Назва ад наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, знаходзілася на стадыі патрыярхату; вырабляла касцяныя і крамянёвыя прылады (сякеры, матыкі, праколкі, наканечнікі дзідаў, нажы, разцы і інш.), зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд арнаментаваны зігзагамі, касымі насечкамі, пальцавымі ўцісканнямі, адбіткамі зубчастага штампа ці шнура. Паселішчы размяшчаліся на мысах берагоў рэк ці азёр, некаторыя былі ахаваны равамі і валамі. Жытлы — невял. прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя слупавой канструкцыі памерам 5 χ 4 м; будаваліся і вял. жытлы даўж. да 80 м. Унутры іх размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на бескурганных могільніках, сустракаюцца мегалітычныя збудаванні памерамі да 130 × 15 × 3 м, з некалькімі пахаваннямі пад кожным. Ва ўсх. частцы арэала (Валынь, Брэстчына) помнікі Л.к.к. з’явіліся 3,5—2,5 тыс.г. да н.э. На думку некаторых вучоных, плямёны Л.к.к. маюць дачыненне да этнагенезу стараж. германцаў.