ЗДРАБНЯ́ЛЬНІК КАРМО́Ў,

машына для здрабнення кармоў перад скормліваннем с.-г. жывёле. Ёсць здрабняльнікі грубых кармоў (саломы, сцёблаў кукурузы і да т.п.), караняплодаў, бульбы, зялёнай масы, сіласу і інш. Здрабненне робіцца рэжучымі дыскамі, барабанамі з нажамі, малатковымі ротарамі і інш. Для здрабнення кармоў выкарыстоўваюць таксама драбілкі (зерня, саломы, сена, кукурузы ў пачатках), саломасіласарэзкі, каранярэзкі, цёркі і інш. машыны.

Здрабняльнік кармоў: 1 — загрузачны бункер; 2 — малатковы ротар; 3 — дэфлектар; 4, 7 — транспарцёры; 5 — грэбень; 6 — рэшата; 8 — мультыплікатар.

т. 7, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,

навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.

Т.А.Меляшкевіч.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,

асабліва небяспечнае дзярж. злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.

Г.А.Маслыка.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́БРЫ

(Equus),

жывёлы роду коней атр. няпарнакапытных. З сучасныя віды З.: горная (E. zebra) з 2 падвідамі; пустынная, або Грэві (E. grevyi); саванная, або бурчэлава (E. burchelli), з 4 падвідамі: уласна бурчэлава (E. b. burchelli), Чапмана (E. b. antiquorum), селауская (E. b. selousi)’, Бёмэ, або Гранта (E. b. bohme). З. квага знішчана. Пашыраны ў Афрыцы. Жывуць у стэпах і саваннах (зрэдку ў гарах) табунамі па 10—30 асобін. З. горная і пусташная ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 2,4 м, выш. ў карку да 1,4 м, даўж. хваста да 57 см, маса да 350 кг. На целе цёмныя і светлыя палосы, якія чаргуюцца паміж сабой. Грыва кароткая, прамая; хвост з кутасом доўгіх валасоў. Палігамы, нараджаюць 1—2 дзіцянят. Траваедныя. Акліматызаваны ў Асканіі-Нова.

Зебры ў Афрыцы.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́БУ

(Bos indicus),

падвід свойскай буйной рагатай жывёлы з невял. тлушчавым гарбом на карку. Пашыраны ў Азербайджане, Паўд. і Сярэдняй Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы. Гадуюць пераважна як мясную і рабочую жывёлу. Добра пераносяць засушлівы клімат, непатрабавальныя да кармоў. Гарбы па фізіял. прызначэнні аналагічныя гарбам вярблюдаў і курдзюкам сярэднеазіяцкіх авечак. Масць чорная і чырвона-пярэстая, рыжая, шэрая, бурая. Маса дарослых кароў 250—550 кг, быкоў 300—1000 кг. Гібрыды З. з буйн. раг. жывёлай пладавітыя, што выкарыстоўваюць пры стварэнні новых мясных парод.

Зебу.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр. Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.Мільеранам і Р.Вівіяні заснаваў Рэсп. сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.

В.В.Варановіч.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ВІН Якаў Давыдавіч

(1884, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 20.9.1918),

удзельнік рэв. руху. З 1904 чл. РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Вёў рэв. работу ў Баку, Бахмуце, Крывым Рогу, Горлаўцы. З 1911 вучыўся ў школе РСДРП у Ланжумо (каля Парыжа). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскім Савеце. Са жн. 1917 у Баку. 3 крас. 1918 чл. Бакінскага ВРК, нарком працы Бакінскага СНК. Пасля часовага падзення сав. улады ў Баку (31.7.1918) арыштаваны і расстраляны ў ліку 26 бакінскіх камісараў.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕК (Seebeck) Томас Іаган

(9.4.1770, Талін — 10.12.1831),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1818) і Парыжскай (1825) АН. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і оптыцы. Адкрыў з’яву тэрмаэлектрычнасці (гл. Зеебека з’ява), пабудаваў тэрмапару і выкарыстаў яе для вызначэння т-ры. Даследаваў форму сілавых ліній магн. поля, вывучаў магн. дзеянне эл. току, палярызацыю святла, выявіў палярызацыйныя ўласцівасці крышталёў турмаліну.

Літ.:

Льоцци М. История физики. Пер. с итал. М., 1970. С. 263—264.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,

узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕМАН (Zeeman) Пітэр

(25.5.1865, Зонемайрэ, Нідэрланды — 9.10.1943),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1890). Працаваў у Лейдэнскім і Амстэрдамскім ун-тах (з 1900 праф.). Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы, атамнай спектраскапіі. Адкрыў з’яву расшчаплення спектральных ліній пад дзеяннем магн. поля (гл. Зеемана з’ява). Даследаваў падвойнае праменепераламленне ў эл. полі, распрацаваў метад вызначэння каэф. паглынання эл.-магн. хваль, вызначыў аптычныя пастаянныя шэрагу металаў. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з Х.А.Лорэнцам).

Літ.:

Льоцци М. История физики. М., 1970. С. 297—299.

П.Зееман.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)