КАЛЯКВЕ́ТНІК,

лістападобныя покрыўныя органы кветкі, якія акружаюць тычынкі і песцік. У падвоенага К. (званочак) вонкавыя зялёныя лісцікі — чашачка, унутр. ярка афарбаваныя — вяночак. Просты К. складаецца з аднолькавых па афарбоўцы лісткоў (у лілеі). Бывае ярка афарбаваны, паходзіць на вяночак і наз. вяночкападобным (у цюльпана), калі К. зялёны і паходзіць на чашачку то наз. чашачкападобным (у крапівы). У некат. відаў К. адсутнічае (у вярбы, ясеня), таму кветкі наз. голымі ці бяспокрыўнымі.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́ЎСКАЯ (Таццяна Яўгенаўна) (н. 3.7.1947, Мінск),

бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1997). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1969), выкладала ў гэтым ін-це. З 1987 у Бел. пед. ун-це. Даследуе праблемы сучаснай амер. і зах.-еўрап. л-р. Аўтар манаграфій «Творчасць Ірвінга Стоўна» (1983), «Асэнсаванне мінулага ў амерыканскім гістарычным рамане XX ст.» (1993), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па гісторыі л-ры Англіі, ЗША і інш.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯ́ГА,

1) карыта, выдзеўбанае з доўгай калоды дрэва, прызначанае для вадапою свойскай жывёлы.

2) Човен у выглядзе карыта, выдзеўбаны з тоўстага камля або ствала дуба (радзей з хвоі або асіны). Адзін з старадаўніх водных трансп. сродкаў на Беларусі, якім карысталіся сяляне. Для ўстойлівасці на плаву да К. на ўзроўні воднай паверхні па баках звычайна мацавалі драўляныя брусы ці пласціны (крылы). Часам К., звязаныя парамі, трымалі на сабе паром.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЗАС (Kansas),

рака ў ЗША, правы прыток р. Місуры. Утвараецца ад сутокаў рэк Смокі-Хіл і Рэпаблікан, якія пачынаюцца на перадгорных плато Скалістых гор. Даўж. 228 км, з р. Рэпаблікан каля 1200 км, пл. басейна 158,8 тыс. км². Цячэ па Высокіх і Цэнтр. раўнінах. Веснавое разводдзе, летняя межань, высокія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 225 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — гарады Тапіка, Канзас-Сіці (у вусці).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСА́ЛТЫНГ (ад англ. Consulting кансультаванне),

дзейнасць па кансультаванні вытворцаў, прадаўцоў, пакупнікоў у галіне экспертнай, тэхн., эканам. дзейнасці: даследванне і прагназаванне рынку тавараў, паслуг і інш.; ацэнка тэхн. праектаў, распрацоўка і правядзенне маркетынгавых праграм і інш., у айчыннай практыцы — таксама пытанні стварэння і рэгістрацыі фірм розных форм уласнасці. Ажыццяўляецца незалежнымі кансультацыйнымі фірмамі ці індывід. кансультантамі пераважна ў форме кансультацыйных (кансалтынгавых) праектаў (дыягностыка, распрацоўка рашэнняў, іх рэалізацыя, ацэнка вынікаў).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРА́СТ (франц. contraste),

рэзка выражаная процілегласць. 1) Зрокавы К. — зрокавая ацэнка яркасці (асветленасці) прадмета (ці яго колеру) у параўнанні з навакольным фонам. Найменшы К., які ўспрымаецца вокам, наз. парогавым.

2) К. фатаграфічны — характарыстыка негатыўнага (ці пазітыўнага) фатаграфічнага відарысу па суадносінах яго самага светлага і самага цёмнага ўчасткаў. Для чорна-белых відарысаў вызначаецца як рознасць найб. і найменшай аптычных шчыльнасцей пачарнення і паказвае скорасць нарастання пачарнення з павелічэннем экспазіцыі.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЭ́ (Марк Майсеевіч) (н. 21.11.1939, Масква),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1997). Сын М.Ю.Канэ. Скончыў БПІ (1962). З 1964 у БПА. Навук. працы па тэхнал. праблемах забеспячэння якасці і аптымальных умоў эксплуатацыі высоканагружаных зубчастых перадач з цыліндрычнымі коламі трансп. і рабочых машын.

Тв.:

Основы научных исследований в технологии машиностроения. Мн., 1987;

Управление процессами проектирования и изготовления зубчатых передач // Вестн. машиностроения. 1997. № 11.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТА́ЕЎ (Аляксандр Юр’евіч) (н. 14.1.1954, г. Батумі, Грузія),

бел. вучоны ў галіне экалогіі і гідрабіялогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па ахове, рацыянальным выкарыстанні і кіраванні прэснаводнымі экасістэмамі, экалогіі вадаёмаў-ахаладжальнікаў, відавым складзе, біялогіі, экалогіі і прадукцыйнасці донных і перыфітонных беспазваночных, радыеэкалогіі ўнутр. вадаёмаў.

Тв.:

Дрейссена = Dreissena polymorpha (Pali.) (Bivalvia, Dreissenidae): Систематика, экология, практич. значение. М., 1994 (у сааўт.).

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 16.3.1940, г. Волагда, Расія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Ленінградскі ун-т (1967). З 1970 выкладае ў БДУ. Даследаванні па агульным мовазнаўстве, тэорыі і філасофіі мовы, камп’ютэрнай лінгвістыцы, славістыцы. Аўтар прац «Балгарская мова» (1983), «Мова як сістэма» (1992), «Ізамарфізм дзвюх сістэм (міждысцыплінарны сінтэз на базе сістэмнага падыходу)» (1994), «Руска-французскі і французска-рускі вучэбны слоўнік» (1995, у сааўт.) і інш.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПІК (Анатоль Іванавіч) (12.5.1922, в. Патрубаўшчына Беластоцкага ваяв., Польшча — 28.2.1995),

бел. вучоны ў галіне хірургіі сасудаў. Д-р мед. н. (1979), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1950). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па дыягностыцы, прафілактыцы і лячэнні інфекц. ускладненняў у пасляаперацыйны перыяд, удасканаленні неадкладнай хірург. дапамогі.

Тв.:

Ангиотензиотонография в эксперименте и клинике. Мн., 1967 (у сааўт.);

Тромбооблитерирующие заболевания артерий нижних конечностей. Мн., 1975 (у сааўт).

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)