САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.​Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Савейкаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЙГА́КІ (Saiginae),

падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 роды, 2 віды: сайгак, або сайга (Saiga tatarica), і аронга, або чыру (Pantholops hodgsoni). Аронга пашырана ў высакагор’ях Тыбета, сайгак — у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Перадкаўказзі, Ніжнім Паволжы. Жыве статкамі ў стэпах і паўпустынях, робіць сезонныя вандроўкі. Празмерным промыслам да пач. 20 ст. сайгак быў амаль вынішчаны; у выніку ахоўных мер колькасць яго пагалоўя аднавілася.

У сайгака даўж. самцоў да 146 см, выш. ў карку да 80 см (у аронга да 100 см), маса да 50 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка спіны і бакоў жаўтаватая, бруха белае. Галава вял., нос доўгі, рухавы, хобатападобны. Рогі светла-жоўтыя, паўпразрыстыя, даўж. да 40 см; самкі бязрогія. Расліннаедныя. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 дзіцянят. Аб’ект абмежаванага промыслу.

Сайгак.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РАЎ (сапр. Маркін) Аляксей Максімавіч

(19.8.1904, в. Кірылава Беднадзям’янаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія —29.11.1977),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1929). Працаваў акцёрам і рэжысёрам тэатраў Уладзівастока, Масквы, Спаска, Хабараўска, у БДТ-2. У 1947—77 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных і камедыйных роляў. Лепшым работам уласцівы вастрыня пластычнага малюнка, дакладнасць сац. і псіхал. характарыстык, жыццёвая верагоднасць: Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), доктар Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Муратаў («Зыкавы» М.​Горкага), Жавакін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Скамарох («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.​Карастылёва), доктар Эмет («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ХАСЭ́ (San José),

горад, сталіца Коста-Рыкі. Знаходзіцца на міжгорным вулканічным плато на выш. каля 1100 м, паблізу дзеючых вулканаў Ірасу і Поас. Каля 1,3 млн. ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Паліт., культ. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., металаапр., гарбарна-абутковая, тэкст., тытунёвая. 2 ун-ты. Акадэмія гісторыі і мовы. Нац. тэатр. Музеі: Нац., Туземны. Арх. помнікі калан. перыяду. Частыя землетрасенні.

Засн. ў 1738 іспанцамі. У 1755 сюды прымусова перасялілі жыхароў далін Асеры і Эрэдыя. У 1813 атрымаў гар. правы. У 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з ростам плантацый тытуню стаў цэнтрам тытунёвай вытв-сці. З 1823 сталіца Коста-Рыкі (разам з г. Картага, амаль поўнасцю разбураным вывяржэннем вулкана Ірасу).

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),

рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб. стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.

Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАХАТУ́НАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (н. 28.11.1924, Тбілісі),

расійскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1951, педагог А.​Даўжэнка). З 1951 працаваў на Далёкаўсх. студыі кінахронікі, з 1969 маст. кіраўнік вытв. аб’яднання «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1979 на Рас. цэнтр. студыі хранікальных і дакумент. фільмаў. Лепшым фільмам уласцівы праблемны падыход да тэматыкі, арган. спалучэнне розных часавых пластоў з выкарыстаннем мастацтва рэпартажных здымак. На студыі «Беларусьфільм» стварыў фільмы па ўласных сцэнарыях: «Бронзавы салдат» (1970), «Памятай!» (1972), «Дзіяна беларускіх лясоў» (сцэн. з А.​Васільевым), «Добры дзень, Беларусь!», «Адзінаццаты раунд» (усе 1973), «Шлях да Арыёна» (1974), «Вялікая вада на Брэстчыне» (1975), «Добрая зямля», «І днём, і ноччу» (1977), «Строгі рахунак» (1978), «Гарачыя травы» (1979), «Вахта памяці. Мінск—1984» (1984).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

правінцыя на Пд цэнтр. ч. Канады. Пл. 651,9 тыс. км². Нас. 990,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г. вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБЕДА́РЫ,

сарбадары (перс. — іпыбенікі), удзельнікі нар. руху ў Цэнтр. Азіі і Усх. Іране ў 14 ст. Заснавальнік руху С. — шэйх Халіфэ, які выступіў у г. Харасан з пропаведдзю шыізму супраць правіцеляў-сунітаў. Пасля забойства ў 1335 Халіфэ яго справу працягваў шэйх Хасан Джуры. Ён заснаваў асобнае рэліг. брацтва (тарыкат), падтрыманае насельніцтвам Харасана. У выніку нар. паўстання ў Харасане С. захапілі г. Себзевар, які зрабілі сваёй сталіцай (1337), потым — Нішапур і Тус. Галава С. — Веджых-ад-дзін Масуд абвясціў сябе султанам. У 1353 С. разбілі войска апошняга правіцеля Хулагуідаў дзяржавы Туга Цімура. З часам дзяржава С. ператварылася ў звычайную феад. дзяржаву, якая была знішчана войскамі Цімура ў 1381. Паўстанні С. адбыліся таксама ў Самаркандзе (1365), Кермане (1373—74) і Себзевары (1383).

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМКАВА,

вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на, на паўн.-ўсх. беразе Заслаўскага вадасховішча. Цэнтр саўгаса. За 16 км на ПнЗ ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Беларусь. 1461 ж., 482 двары (2001). Прадпрыемства па вытв-сці дзіцячых цацак «Метэор». Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 18 ст.).

Вядома з 1567 як сяло, уласнасць Станіслававічаў, Саламярэцкіх, Рэкуцяў, Хмараў. У 1800 пры панскім двары на правым беразе Вячы мост, грэбля, млын, мураваны панскі дом, драўляная каталіцкая капліца, на левым беразе ракі — цагельны з-д. У 1897 у вёсцы 419 ж., 67 двароў, хлебазапасны магазін, карчма, у маёнтку 92 ж., 8 двароў. У 1917 у вёсцы 489 ж., у маёнтку — 115 жыхароў.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКО́КУ,

востраў на Пд Японскага архіпелага, у Японіі. Пл. 17,8 тыс. км². Каля С. 300 дробных астравоў і скал (разам з імі пл. 18,8 тыс. км²). Абмываецца Ціхім ак., Унутраным Японскім м., шматлікімі пралівамі. Даўж. берагавой лініі каля 1800 км. Паўн.-зах. і паўд.-ўсх. берагі расчлянёны слаба, паўн.-ўсх. і паўд.-зах. моцна парэзаны бухтамі. Пераважаюць горы. На Пн ланцуг узгоркаў і нізкагор’яў, складзеных у асн. з гранітаў; на Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 1981 м (г. Ісідзуты), пераважна са сланцаў. Радовішча меднай руды (Бесіяма). Клімат субтрапічны, мусонны, частыя тайфуны. Ападкаў да 3000 мм за год. Вечназялёныя шыракалістыя лясы. Вырошчваюць рыс, цукр. трыснёг, цытрусавыя; сады. Рыбалоўства. Буйн. гарады: Мацуяма, Такамацу, Такусіма, Коты.

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)