ПЕРАСО́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

пераважна цеплавая электрастанцыя, размешчаная на шасі аўтамабіля, прычэпе, чыг. платформе, судне і інш. Выкарыстоўваецца ў раёнах, аддаленых ад энергасістэм.

Бываюць малой (да 10 кВт), сярэдняй (10—150 кВт) і вял. (больш за 150 кВт) магутнасці; даюць пастаянны, адно- або трохфазны пераменны ток частатой 50, 400 Гц і больш. Найб. пашыраны дызельныя электрастанцыі (магутнасць да 150 кВт) і энергапаязды з дызель-электрычнымі агрэгатамі (5—10 МВт і больш).

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СКАЎСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 250 м на Пн ад в. Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Зальвянка. Ва ўступе поймы (выш. да 5 м) ускрываюцца рэчышчавыя, поймавыя і старычныя рачныя адклады (пяскі з праслоямі торфу), якія ўтварыліся ў галацэне 8—2,7 тыс. г. назад. У іх выяўлены рэшткі раслін і жывёл. Адно з найб. дэталёва даследаваных агаленняў адкладаў галацэну.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Рыгор Сяргеевіч) (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.

Р.С.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і камунальнага сельскага унітарнага прадпрыемства. За 40 км на ПдУ ад г. Жлобін, 67 км ад Гомеля, 3 км ад чыг. ст. Салтанаўка. 1132 ж., 486 двароў (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Усясвяцкая царква (1902).

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́ЧНАЕ ВО́ЗЕРА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,23 км², даўж. 630 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны невыразныя, нізкія, пад забалочаным лесам. Берагі нізкія, часткова забалочаныя. Уздоўж зах. берага цягнецца озавая града выш. 10—15 м. Выцякае р. Нячэрская, злучае яго з воз. Тутча.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ТНІЦА,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад г. Столін, 220 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Відзібор. 1262 ж., 530 двароў (2000). З-д ліцейнага абсталявання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, швейнае атэлье, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (1875).

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Плюсы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пн ад г. Браслаў, 247 км ад Віцебска, 48 км ад чыг. ст. Друя. 266 ж., 109 двароў (2000). Піларама, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Тройцы (пач. 20 ст.).

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),

утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл. Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з раствораў полівінілхларыду, полівінілхларыду хлараванага ці супалімераў, у якіх не менш за 85% вінілхларыду. Асн. гандл. назвы валокнаў з полівінілхларыду — равіль, тэвірон, фібравіль, тэрмавіль, з перхлорвінілавай смалы — хларын, павіяцыд, з супалімераў — віньён, тэрмален. Вызначаюцца вельмі нізкай цепла- і электраправоднасцю. Не гараць, хімічна- і атмасфераўстойлівыя, устойлівыя да мікраарганізмаў. Выкарыстоўваюць для вырабу фільтраваных і негаручых драпіровачных тканін, нятканых матэрыялаў, спецадзення, цепла- і гукаізаляцыйных лямцаў, лячэбнай бялізны.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛТАРАЎШЧЫНСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчаны за 500 м на З ад в. Полтараўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 4,8 м, шыр. 2,3 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 20 м³, маса каля 53 т. Прынесены ледавіком каля 150—130 тыс. гадоў назад з тэр. Фенаскандыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)