МІХАЛЁЎ (Сцяфан Барысавіч) (н. 10.3.1926, в. Караблёва Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1974), праф. (1982). Скончыў Адэскі політэхн. ін-т (1955). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, у 1967—92 дырэктар Цэнтр. НДІ тэхнікі кіравання. Навук. працы па тэорыі стварэння аўтам. сістэм праектавання і аўтаматызацыі працэсаў кіравання вытв-сцю ў машына- і прыборабудаванні. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Автоматизация процессов подготовки производства. Мн., 1973;

Методологические основы разработки АСУ. Мн., 1975 (разам з Б.​А.​Собалевым, Я.​А.​Жаўняровічам);

Автоматизация технологической подготовки производства. Мн., 1982 (разам з С.​М.​Мірзоевым);

АСУ на промышленном предприятии: Методы создания: Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.).

С.Б.Міхалёў.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЛОТ»

(«Młot», «Молат»),

масава-палітычная газета, орган ЦК КП(б) Беларусі. Выдавалася з 18.12.1918 да 7.3.1926 на польск. мове, напачатку ў Мінску, з № 41 1919 у Вільні, з № 84 1919 у Мінску, а № 150 1919—20 у Смаленску; з 25.2.1920 да 20.2.1921 не выходзіла. Спачатку «М.» — орган ЦВК груп Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), з 30.12.1918 — орган ЦВК груп Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП) у Расіі, з 23.2.1919 — орган ЦВК КПРП і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, з 9.3.1921 — орган Польск. бюро пры Цэнтр. бюро КП(б) Беларусі, з лют. 1924 — орган Польск. бюро пры Часовым Бел. бюро ЦК РКП(б), з 3.4.1924 да 17.5.1924 — орган Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), Асвятляла пытанні грамадска-паліт. жыцця Беларусі.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МАНТ ІНЕ́РЦЫІ,

фізічная велічыня, якая характарызуе меру інертнасці цела (сістэмы цел) пры непаступальным руху. Уведзены К.Гюйгенсам (1673). Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач механікі, фізікі і тэхнікі.

М.і. сістэмы матэрыяльных пунктаў адносна восі z наз. велічыня, вызначаная роўнасцю: J z = ∑ m i h i 2 , дзе hi — адлегласць ад i-га пункта з масай mi да восі z; пры неперарыўным размеркаванні масы (напр., цвёрдае цела) J z = ∫ V ρ h 2 dV , дзе ρ — шчыльнасць цела на адлегласці h ад восі вярчэння, dV — элемент аб’ёму цела. Калі z і z′ — паралельныя восі на адлегласці d адна ад адной і вось z праходзіць праз цэнтр мас, то I z′ = I z + m d 2 (тэарэма Штайнера). Адзінка М.і. ў СІ — кілаграм-метр у квадраце.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЬНІК,

сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв. чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.

Мыльнік лекавы.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАРО́СІЯ,

гістарычная вобласць на Пн ад Чорнага і Азоўскага мораў; цяпер у складзе Малдовы, Украіны (Адэская, Мікалаеўская, Херсонская, Днепрапятроўская, Запарожская, часткова Данецкая і Луганская вобласці) і Расіі (ч. Растоўскай вобл.). Гэтыя землі ўключаны ў склад Рас. імперыі ў выніку войнаў з Турцыяй паводле дагавораў 1739, 1774, 1791, 1812. Малалюдныя стэпы Н., з якіх былі выдалены качэўнікі-нагайцы, засялялі ўкр. казакі, выхадцы з цэнтр. Расіі, каланісты з інш. краін — сербы, балгары, венгры, немцы і інш. У 1764 утворана Новарасійская, у 1802 — Екацярынаслаўская, у 1803 — Херсонская губерні. З сярэдзіны 19 ст. Н. была раёнам гандл. земляробства з развітымі капіталіст. адносінамі. Гал. гарады — Адэса, Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), Мікалаеў, Херсон. У 1920-я г. назва «Н.» выйшла з афіц. ўжытку.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Нарыца Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Заснаваны, верагодна, у сярэдзіне 18 ст. на беразе невял. рэчкі. Парк рэгулярнага тыпу, пл. каля 2 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны палац (пазней драўляны, не захаваўся), пабудаваны на месцы стараж. замка, ад якога засталіся валы і равы. На У ад яго ў бок вадаёма, які аддзяляў палац ад асн. паркавага масіву, прамавугольная тэраса з кветнікавым партэрам і групамі ясеню звычайнага. Планіровачную аснову парку складае сістэма ўзаемна перпендыкулярных ліпавых алей, з багатым кветнікавым афармленнем, баскетамі і круглымі пляцоўкамі на перакрыжаванні алей. Папярочная вось кампазіцыі падкрэслена сістэмай вадаёмаў (раней было 9). Парк моцна пашкоджаны. Захаваліся часткі алей, пляцовак, тэрас і асн. вадаёмы.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯКО́Ў (Іван Барысавіч) (1.7.1902, в. Хутаранка Гомельскага р-на — 5.10.1997),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу парт. арганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940). З 1931 на парт. рабоце, з 1940 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Цэнтр., Бранскім і Калінінскім франтах, з ліст. 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Віцебскага абкома, Аршанскага, Віцебскага гаркомаў КПБ. У 1960—71 у апараце ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—63. Адзін з аўтараў кн. «Без лініі фронту» (2-е выд., 1979).

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МПА, пампасы (ісп. pampa, множны лік pampas, з мовы індзейцаў кечуа),

субтрапічная стэпавая расліннасць, якая займае раўніны на Пд Паўд. Амерыкі. Прадстаўлена злакамі і разнатраўем. П. называюць таксама некаторыя раўнінныя тэр. ў Паўд. Амерыцы з пераважаннем аднайм. травяністай расліннасці. Уласна П. — прыродная вобласць у цэнтр. частцы Аргенціны. Акумулятыўная раўніна з лёсавым покрывам, якая паступова ўздымаецца на З, да перадгор’яў Анд. На ПдУ горныя масівы выш. да 1243 м. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300—500 мм (на З) да 800—950 мм (на У) за год. Характэрны штармавыя вятры пампера. Гал. рака — Парана. Прыродная разнатраўна-злакавая расліннасць захавалася на асобных мясцінах. П. — адзін з асн. эканам. раёнаў краіны. Вял. колькасць гарадоў; пасевы пшаніцы і кукурузы; на З — пашы.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ЎСКІ КАСЦЁЛ, касцёл Антонія Падуанскага,

помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.​Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв. вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.

В.​Р.​Кукуня.

Пастаўскі касцёл.

т. 12, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ.

Адбылася 29.11.1924 у Мінску. Каля 40 дэлегатаў ад краязнаўчых і грамадскіх арг-цый. У дакладзе Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК, дакладчык С.​Скандракоў), выступленнях У.​Пічэты, М.​Мялешкі і інш. адзначаліся дасягненні мясц. краязнаўчых арг-цый, выяўленне аб’ектаў вывучэння, папулярызацыя вынікаў даследаванняў, у т. л. выданне зб. «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28), стварэнне музея ў Оршы, вывучэнне курганоў на Мазыршчыне. Падкрэслівалася неабходнасць стварэння масавых краязнаўчых арг-цый, выдання інструктыўна-метадычнай л-ры і спец. часопіса. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыі па арганізац. пытанні і па дакладах навук. устаноў, заклікала прызнаць краязнаўства дзярж. справай, вызначыла перспектывы і метады каардынацыі краязнаўчай работы ў БССР. На Усесаюзны краязнаўчы з’езд абраны Скандракоў, Пічэта, М.​Каспяровіч, Ю.​Бібіла, М.​Каршукоў, Грыгор’еў, Б.​Самцэвіч.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)