БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Іван Кандратавіч) (6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),
бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел.літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял.абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).
Літ.:
Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Дзмітрый Канстанцінавіч) (17.7.1917, с. Пратасава Кастрамской вобл., Расія — 1985),
савецкі біёлаг. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. 1964). Скончыў Іванаўскі с.-г.ін-т (1938). У 1939—41 і 1946—58 у НДІ пушной зверагадоўлі (Масква), з 1959 дырэктар Ін-та цыталогіі і генетыкі Сібірскага аддзялення АНСССР. Навук. працы па агульнай біялогіі, генетыцы і селекцыі жывёл, тэорыі эвалюцыі, па ўздзеянні фіз. фактараў і прыручэнні дзікіх жывёл на іх рэпрадуктыўную функцыю, праблемах фотаперыядызму пры рэгуляцыі размнажэння і пладавітасці млекакормячых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (сапр.Фрайман) Міхаіл Паўлавіч
(5.3.1921, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 30.12.1992),
бел. сцэнарыст, драматург.Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1943). У 1948—76 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аўтар сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных фільмаў: «Над ракою Арэсай», «Балгарскія сустрэчы», «Мінск — горад-герой», «Пра маці можна расказваць бясконца», «Успаміны на свята Перамогі», «Дзеці Брэсцкай крэпасці»; маст. фільмаў: «Каханнем трэба даражыць» (1960), «Чорная бяроза» (1978; абодва ў сааўт.), «Апошні крок» (1984), «Спытай у памяці сваёй» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КСМАН ((Waksman) Зельман Абрахам) (22.7.1888, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.8.1973),
амерыканскі мікрабіёлаг. Чл.Нац.АН ЗША. Д-р філасофіі (1918), праф. (1930). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Сан-Францыска (1918). У 1918—58 у Роджэрскім ун-це, адначасова з 1931 у Ін-це акіянаграфіі ў г. Вудс-Хол, у 1949—58 дырэктар Ін-та мікрабіялогіі Роджэрскага ун-та. Навук. працы па глебавай і марской мікрабіялогіі, вывучэнні антыбіётыкаў. Увёў тэрміны «антыбіёз» і «антыбіётык». Вынайшаў стрэптаміцын (1944). Нобелеўская прэмія 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НЦІК (Дзмітрый Данілавіч) (23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІНАГЕ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (4.4.1904, г. Скопін Разанскай вобл., Расія — 29.10.1941),
рускі драматург. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1924). Для ранніх твораў характэрны меладраматызм, спрошчанасць і схематызм вобразаў. Вастрынёй праблематыкі, глыбінёй псіхал. аналізу вызначаюцца п’есы, створаныя ў 1920—30-я г. («Дзівак», «Страх», «Далёкае», «Салют, Іспанія!» і інш.). Развіваў жанр сац.-псіхал. драмы і лірычнай камедыі. Яго стыль адметны спалучэннем публіцыстычнасці і лірызму. У п’есах «Маці сваіх дзяцей» (паст. 1939), «Машачка» і «Напярэдадні» (паст. 1941) сац.-філас. і маральна-этычныя праблемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫ́НІЧЫ,
возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Нача, за 15 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,6 км², даўж. 1,87 км, найб.шыр. 0,43 км, найб.глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4,5 км. Пл. вадазбору 67,5 км².
Схілы катлавіны выш. да 40 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнЗ і З сплавінныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае, глыбей сапрапелістае. Моцна зарастае да глыб. 2,5 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца. Злучана пратокай з воз. Бабына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА (Галіна Барысаўна) (н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЫЛЕЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 10.5.1936, в. Юзафоўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1963), дзе працаваў з 1966. З 1994 у Бел.дзярж.эканам. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — адносіны ўласнасці і шляхі іх рэфармавання на сучасным этапе. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў па асновах маркетынгу, прадпрымальніцтва і камерцыйнай дзейнасці.
Тв.:
Экономическая теория социализма: Вопр. развития и методологии в переход. период. Мн., 1981;
Обобществление производства и развитие социалистической собственности. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў (Мікалай Якаўлевіч) (22.2.1889, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія — пасля 1945),
бел. мовазнавец, педагог. З 1913 выкладаў у навуч. установах Мінска. У 1922—28 вучоны сакратар слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, вызвалены з акадэмічнай пасады. Аўтар артыкулаў па педагогіцы, бел. л-ры, лексікаграфічных прац. Выдаў «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, з М.Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва з С.Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, з А.Бараноўскім).