ЛЫ́ЗІКАЎ (Мікалай Фядосавіч) (н. 13.12. 1920, в. Баронькі Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н., праф. (1969). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1951), працаваў у ім да 1991 (у 1959—85 заг. кафедры). Навук. працы па афтальмабленарэі нованароджаных, ускладненнях цяжарнасці і родаў.

Тв.:

Принципы ведения беременности и родов, осложненных преждевременным излитием околоплодных вод // Акушерство и гинекология. 1969. № 7;

Преждевременное отхождение околоплодных вод. Мн., 1971.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),

амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл. Нац. АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.​Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́СІНА,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Цна, на аўтадарозе Ганцавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Ганцавічы, 262 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Люсіна. 1686 ж., 582 двары (1999). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. На будынку школы мемар. дошка Я.Коласу, які ў 1902—03 працаваў у Л. настаўнікам.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПАЛІСТЫ́ЧНАЙ КАНКУРЭ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, якая даследуе рыначныя ўзаемадзеянні буйных карпарацый у галінах сучаснай масавай вытв-сці. Асн. палажэнні сфармуляваны Э.​Чэмберлінам у пач. 1930-х г. Пазней яе распрацоўвалі амер. эканамісты У.​Дж.​Баўмал, О.​Моргенштэрн, Дж.​Нейман, У.​Фелнер, англ. эканаміст Н.​Калдар і інш. М.к.т. зыходзіць з ідэі перапляцення элементаў манаполіі і канкурэнцыі на сучасным рынку, а атрыманне прыбытку разглядае як вызначальную мэту рыначнай стратэгіі фірмы. Тэорыю крытыкавалі тэарэтыкі неалібералізму, у прыватнасці чыкагскай школы паліт. эканоміі.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІН ((Martin) Арчэр Джон Портэр) (н. 1.3.1910, Лондан),

англійскі біяхімік і фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1950). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1932), працаваў у ім, пасля ў Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане. З 1965 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў г. Эйндхавен (Нідэрланды). Навук. працы па выдзяленні вітаміну Е і нікацінавай к-ты, пеніцыліну і інш. Распрацаваў метады размеркавальнай храматаграфіі: на паперы (1941) і калонкавы газавадкасны (1952). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з Р.Л.М.Сінгам).

А.Марцін.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛ ((Marshall) Альфрэд) (26.7. 1842, Лондан — 13.7.1924),

англійскі эканаміст, заснавальнік кембрыджскай школы. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1877—81 праф. Брыстольскага, у 1885—1908 — Кембрыджскага ун-таў. Гал. праца «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890) была асн. падручнікам па эканам. тэорыі ў многіх краінах свету. Даследаваў узаемадзеянні попыту і прапановы ў працэсе ўсталявання рыначнай раўнавагі і раўнаважных цэн, сфармуляваў уласцівасці крывой попыту, увёў паняцці эластычнасці попыту ад цаны, дыяграму ўтварэння цаны на скрыжаванні ліній попыту і прапановы («Маршалаўскі крыж») і інш.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКАЯ ШКО́ЛА,

прыватная навуч. ўстанова. Засн. ў Мінску ў ліст. 1908. Заснавальнік доктар Л.​З.​Гутцайт. Пачала дзейнічаць са студз. 1909. Прымаліся асобы жаночага і мужчынскага полу (пераважалі жанчыны). У 1909 было 200 навучэнцаў, у 1910—39 (пераважна яўрэі). Працавалі 9 выкладчыкаў. Курс навучання падзяляўся на тэарэт. і практычную часткі. Практычныя заняткі праводзіліся ў Мінскай яўр. бальніцы. У 1920-я г. на базе школы створана мед. вучылішча № 1, якое дзейнічае і цяпер.

Н.​Я.​Новік.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА ((Mošna) Йіндржых) (1.8.1837, Прага — 6.5.1911),

чэшскі акцёр; адзін з заснавальнікаў нац. рэаліст. акцёрскай школы. З 1856 выступаў як прафес. акцёр, гастраліраваў па Аўстрыі з перасоўнай трупай. З 1860 іграў у чэш. правінцыяльных гарадах, з 1864 — у Часовым т-ры ў Празе. Выступаў у драме, оперы, аперэце. З 1883 працаваў у пражскім Нац. т-ры, дзе прапагандаваў рэаліст. рэпертуар. Сярод роляў: Лізал («Марыша» B. і А.​Мрштыкаў), Дзівішак, Грушка («Бацька», «Вайнарка» А.​Ірасека), Цецераў («Мяшчане» М.​Горкага) і інш.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАХАЎ (Фёдар Фёдаравіч) (10.7.1914, в. Падгорная Ферганскай вобл., Узбекістан — 4.4.1998),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1957), праф. (1959). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1974). Скончыў Арэнбургскі агравет. ін-т (1937). У 1964—93 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па этыяпатагенезе, прафілактыцы і лячэнні ўнутр. незаразных хвароб с.-г. жывёлы.

Тв.:

Внутренние незаразные болезни сельскохозяйственных животных. 5 изд. М., 1976 (у сааўт.);

Незаразные болезни молодняка. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХТА ((Puchta) Георг Фрыдрых) (31.8.1798, г. Кадальцбург, Германія — 8.1.1846),

нямецкі юрыст, паслядоўнік Ф.К.Савіньі, прадстаўнік гістарычнай школы права. Выкладаў права ва ун-тах Германіі, да канца жыцця быў праф. Берлінскага ун-та, дзярж. саветнікам і членам камісіі па рэформе заканадаўства Прусіі. Працы П. прысвечаны гісторыі рымскага права, а таксама цывільнаму і звычаёваму праву. Дзяржаву і права разглядаў як параджэнне містычнага «народнага духу», асн. задачу юрыстаў бачыў у пагадненні права з «развіццём народа», перасцерагаў супраць «раптоўнага» (рэвалюцыйнага) абнаўлення феад. заканадаўства Германіі.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)