злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЧЭРКА́Р (італьян. ricercar ад ricercare расшукваць),
жанр стараж.зах.-еўрап. музыкі поліфанічнага складу, блізкі да фантазіі, папярэднік фугі. Зарадзіўся ў Італіі ў 16 ст. ў лютневай музыцы, пазней пашырыўся ў творах для скрыпкі, віяланчэлі, аргана, клавіра, інстр. ансамбля. Форма Р. складаецца з некалькіх (3—7) раздзелаў, у якіх ужываюцца імітацыі і стылявыя рысы, значныя для фугі. Шматтэмны Р. блізкі да матэта. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў Р. 16—18 ст. А.Габрыэлі, Я.П.Свелінк, Дж.Фрэскабальдзі, І.Я.Фробергер, І.Пахельбель, І.С.Бах. У 20 ст. да Р. звярталіся Ф.Маліп’ера, Б.Марціну, І.Стравінскі, Ю.Буцко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КУРА,
японская дэкар. вішня сям. ружавых. Пашырана на Д. Усходзе, у Японіі і Кітаі. Больш за 500 сартоў, выведзеных пераважна на аснове дзікіх відаў вішні дробнапілаватай (Cerasus sernilata = Prunus sermlata) і кароткашчаціністай (C. subhirtella = P. subhirtella).
Кусты або дрэвы выш. 1—20 м. Крона рознай формы (калонападобная, ніцая, раскідзістая і інш). Лісце падоўжана-ланцэтнае, вострапілаватае, вясной — пурпуровае, летам — зялёнае або аранжавае, восенню — жоўта- ці ярка-чырв., фіялетавае або карычневае. Кветкі белыя, ружовыя, часта махровыя. дыяметрам 3—5 см. Плод — касцянка, неядомы. Часам да С. адносяць усе вішні, якія маюць махровыя і ружовыя кветкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́НІКІ,
раслінныя згуртаванні з нізкарослых форм дрэў, хмызнякоў і кусцікаў (елка, лістоўніца, кедр, хвоя, бук, рабіна, бяроза, ядловец, верас і інш.), што сцелюцца па зямлі. Развіваюцца ў неспрыяльных умовах для прамаствольнага росту (нізкія т-ры, моцныя вятры, працяглае і глыбокае снегавое покрыва і інш.). Трапляюцца ў гарах, каля верхняй мяжы лесу (часта ўтвараюць цяжкапраходныя зараснікі), у тундры і лесатундры, на марскіх берагах. Працягласць жыцця ў С. большая, чым у прамастаячых дрэвавых раслін (напр., сланікавая форма хвоі звычайнай ў гарах жыве да 1000 гадоў). Падзяляюцца на сланцы — сцелістыя дрэвы, уласна С. — сцелістыя хмызнякі і сланічкі — сцелістыя кусцікі (верасоўнікі), што разам складаюць асобы морфагенетычны рад жыццёвых форм дрэвавых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),
1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.
2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТЭ́РЫЯ (італьян. osteria),
заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.
Аўстэрыя ў в. Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Агульны выгляд. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ТЛЗ»
(англ. «The Beatles»),
англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя формарок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.
Літ.:
Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,
ранняя формапаліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.Г.Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.