ВО́ДНА-МАТО́РНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на скорасць перамяшчэння па вадзе на гоначных і спарт. суднах з падвешанымі маторамі або стацыянарнымі рухавікамі; адзін з тэхнічных відаў спорту. Уключае таксама турызм на маторных суднах. Судны (адрозніваюць спарт., гоначныя, надзіманыя і інш.) класіфікуюцца ў залежнасці ад рабочага аб’ёму (літражу) рухавікоў або гранічна дапушчальнай сумарнай масы корпуса і сілавой устаноўкі. Усе тыпы і класы гоначных суднаў маюць міжнар. індэксы. Рэгіструюцца рэкорды скорасці, гонкі праводзяцца па замкнутых (кальцавых) трасах, якія пазначаны буямі; старт і фініш звычайна ў адным месцы.
Водна-маторны спорт узнік на пач. 20 ст. З 1922 дзейнічае Міжнар. саюз водна-маторнага спорту (УІМ), у 1908 спаборніцтвы па водна-маторным спорце былі ў праграме Алімпійскіх гульняў. З 1920-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы ў розных класах. З 1967 па суме лепшых вынікаў у 8—10 гонках (праводзяцца ў розных краінах) вызначаюць чэмпіёна свету па акіянскіх гонках. На Беларусі водна-маторны спорт развіваецца з 1956.
т. 4, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,
від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.
П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.
На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).
С.А.Патрыкееў.
т. 11, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́БЕТ (ад лац. debet ён павінен),
частка бухгалтарскага ўліку. У актыўных рахунках па Д. запісваецца павелічэнне, а ў пасіўных — змяншэнне аб’ектаў уліку. У разліковых рахунках па Д. адлюстроўваецца запазычанасць юрыд. і фіз. асоб дадзенаму прадпрыемству — т.зв. дэбіторская запазычанасць.
т. 6, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,
змяншэнне ступені палярызацыі святла. Назіраецца ў многіх аптычных з’явах, напр., пры рассейванні святла ў мутным асяроддзі або на матавай паверхні. Пры штучнай Д.с. палярызаванае святло змяняе стан палярызацыі ў часе, па папярочным сячэнні пучка або па спектры.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫКІ,
бел. памінальная страва. Пяклі з прэснага мучнога цеста ў форме галушкі (звычайна тры). Кожны, хто прысутнічаў на памінках, адломліваў па кавалачку (адсюль праклён: «Каб па табе гарачыкі напяклі»). Елі з сытою, цёртым макам. Вядома на Усх. Палессі.
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРКО́СМАС»,
1) савет па міжнар. супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касм. прасторы пры АН СССР (існаваў у 1966—91).
2) Сумесная праграма касм. даследаванняў краін — членаў Савета эканамічнай узаемадапамогі.
3) ШСЗ, што запускаліся з 1969 па гэтай праграме.
т. 7, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМУ́ШАЎКА,
рака ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 101 км². Пачынаецца каля в. Крываногава. Цячэ па паўн. схілах Навагрудскага ўзв., у ніжнім цячэнні па Нёманскай нізіне. Злева ўпадае р. Налібаўка.
т. 8, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЯНЕ́ТКА (ад франц. marionnette першапачаткова — назва фігурак, якія паказвалі дзеву Марыю ў сярэдневяковым лялечным тэатры),
1) тэатральная лялька, якой кіруе акцёр пры дапамозе спец. прыстасаванняў.
2) Чалавек, урад ці дзяржава, якія паслухмяна дзейнічаюць па ўказцы, па волі іншых.
т. 10, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗТАГАТА́,
другая па вышыні вяршыня горнага масіву Кангур у Кашгарскім хр. Зах. Куньлуня, на З Кітая. Выш. 7555 м. Складзена з гнейсаў і крышт. сланцаў, укрыта шматлікімі ледавікамі і снежнікамі. На схілах друзавая халодная пустыня, па цяснінах — хмызняковая расліннасць.
т. 11, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙЛЬ ((Weyl) Герман) (9.11.1885, г. Эльмсгорн, Германія — 8.12.1955),
нямецкі матэматык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1908). Праф. Цюрыхскага політэхн. ін-та (1913—30), Гётынгенскага ун-та (1930—33). З 1933 у Прынстанскім ін-це перспектыўных даследаванняў (ЗША). Навук. працы па трыганаметрычных шэрагах і шэрагах па артаганальных функцыях, тэорыі функцый комплекснага пераменнага, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, па тэорыі неперарыўных груп і іх выкарыстанні ў геаметрыі і фізіцы.
Літ.:
Яглом Н.М. Герман Вейль. М., 1967.
т. 4, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)