ЖУ́КАЎ,
малая планета № 2132. Сярэдні дыяметр 19 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 415,8 млн. км, перыяд абарачэння 4,6 г. Адкрыта ў 1975 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар Г.К.Жукава.
Літ.:
Коротцев О., Дахие М. Созвездие памяти: Косм. мемориал героев Вел. Отеч. войны. СПб., 1995.
т. 6, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РБЫШАЎ,
малая планета № 1959. Сярэдні дыяметр 9 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 415,6 млн. км, перыяд абарачэння 4,63 г. Адкрыта ў 1972 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар Дз.М.Карбышава.
Літ.:
Коротцев О., Дахие М. Созвездие памята: Космич. мемориал героев Вел. Отеч. войны. СПб., 1995.
т. 8, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАРО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (1867, Разанская вобл., Расія — 23.11.1932),
вучоны ў галіне аграноміі. Праф. (1902). Скончыў Петраградскі ун-т і Пятроўскую с.-г. акадэмію. У 1923—29 у Бел. с.-г. акадэміі. Навук. працы па расліназнаўстве, земляробстве і глебазнаўстве.
Літ.:
А.В.Ключарев // Почвоведение. 1933. № 1.
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СЕЛЬСАВЕ́Т,
нізавы орган мясцовай дзярж. улады ў СССР у 1920—30-я г., ніжэйшая форма аўтаноміі. Ствараліся ў пунктах, населеных нац. меншасцямі. У БССР у той перыяд існавалі польскія, рус., укр., лат., літ., ням. сельсаветы, а таксама яўр. нац. местачковыя Саветы (разнавіднасць Н.с.).
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НЯ,
гаспадарчая пабудова для захоўвання сена, саломы; пабудова, аналагічная адрыне. На Падняпроўі выкарыстоўвалася і як хлеў. Шырока бытуе на Беларусі, а таксама ў Смаленскай, Наўгародскай і інш. абласцях Расіі. Назва запазычана з літ. мовы — «пуне». У стараж.-бел. мове зафіксавана ў пач. 16 ст.
т. 13, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧЫ́Н (Сямён Уладзіміравіч) (н. 18.8.1941, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік, публіцыст. Канд. філал. н. (1972). Скончыў БДУ (1967). З 1985 у Ін-це л-ры АН Беларусі. У 1992—95 рэд. газ. «Европейское время». Выступае як крытык, літ.-знавец. Піша на рус. мове. Даследуе гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. (манаграфія «Лёс фельетаніста: Жыццё і творчасць Уласа Дарашэвіча», 1975; «Пісьменнікі чэхаўскай пары», т. 1—2, 1982), руска-бел. літ. сувязі (кн. «...Народ спрадвеку родны нам», 1984; «Песня пра Беларусь», 1988). Аўтар мастацка-дакумент. аповесцяў «Да мячоў ірвануліся нашы рукі» (1978, 2-е выд. 1985), «Апошні год Дзяніса Фанвізіна» (1981), артыкулаў па праблемах журналістыкі. Адзін з аўтараў «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).
Тв.:
Хроника суверенного болота..: Статьи, заметки, фельетоны. Мн., 1996.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕРЫ́ ((Valéry) Поль) (30.10.1871, г. Сет, Францыя — 20.7.1945),
французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (1925). Аўтар паэм «Юная Парка» (1917), «Марскі могільнік» (1920), «Мой Фауст» (не скончана, 1941), паэт. зб-каў «Альбом старых вершаў» (1920), «Чары» (1922), драмы «Амфіён» (паст. 1931), літ.-філас. трактатаў «Вечар з панам Тэстам» (1896), «Ліст пані Эмілі Тэст» (1924), эсэ «Уводзіны ў сістэму Леанарда да Вінчы» (1895), «Становішча Бадлера» (1924), «Я часам гаварыў Стэфану Малармэ...» (1931), «Віктор Гюго...» (1935), «Усеагульнае вызначэнне мастацтва» (1935), «Паэзія і абстрактная думка» (1939), «Сшыткі» (т. 1—29, 1894—1945; выд. 1957—61), «Паэтычныя ўспаміны» (выд. 1947). Паэзіі Валеры ўласцівыя філас.-інтэлектуальная глыбіня, насычанасць міфалагічнай сімволікай, ускладненасць сінтаксісу, моўныя навацыі.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1936;
Об искусстве. М., 1976.
Літ.:
Балашова Т.В. Французская поэзия XX века. М., 1982.
Е.А.Лявонава.
т. 3, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. Афіц. мова ўсіх араб. краін. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае 5 груп дыялектаў (іракская, сірыйская, аравійская, егіпецкая, магрыбская). Фанетыка багатая сістэмай зычных (28 фанем). Носьбітамі лексічнага значэння ў слове з’яўляюцца 3 зычныя, з якіх складаецца корань. 3 галосныя ў розных камбінацыях афармляюць граматычную характарыстыку слова: час, лад, трыванне і інш. Назоўнік і прыметнік адрозніваюцца ў залежнасці ад іх пазіцыі ў сказе. Дзеяслоў багаты формамі. У ролі службовых слоў — назоўнікі. Літ. арабская мова пачала складвацца ў 4—6 ст. у даісламскай паэзіі і ў 7 ст. ў мове Карана. Росквіту дасягнула ў эпоху арабскага халіфата (9—11 ст.). З 6 ст. арабская мова карыстаецца арабскім пісьмом.
Літ.:
Юшманов Н.В. Грамматика литературного арабского языка. 3 изд. М., 1985.
В.У.Мартынаў.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНШТЭ́ЙН (Якаў Анатолевіч) (10.11.1897, г. Бельск, Польшча — 29.10.1937),
бел. і яўр. крытык і літ.-знавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1925), вучыўся ў Камуніст. акадэміі (1926—30). У 1930—37 у Ін-це л-ры і мастацтва АН Беларусі, адначасова з 1932 праф. Мінскага пед. ін-та. 6.6.1937 незаконна арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918, як крытык з 1925. Аўтар прац «Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі», «Вынікі 15-гадовай барацьбы за марксізм-ленінізм у літаратуразнаўстве» (абедзве 1932), «Літаратурная вучоба» (1935) і інш. Рэалізм проціпастаўляў усім «антырэалістычным» кірункам. З вульгарна-сацыялагічных пазіцый разглядаў бел. дакастр. л-ру, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, літ. арг-цыі «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» абвінавачваў у бурж. нацыяналізме, варожасці да сацыялізму.
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Віктар Уладзіміравіч) (12.1.1895, г. Зарайск, Расія — 4.10.1969),
рускі мовазнавец. Акад. АН СССР (1946). Д-р філал. н. (1940). Скончыў гіст.-філал. і археал. ін-ты ў Петраградзе (1918). Дырэктар Ін-та мовазнаўства (1950—54) і Ін-та рус. мовы (1958—68), адначасова акад.-сакратар Аддз. л-ры і мовы (1950—63) АН СССР. Даследчык агульнай тэорыі і метадалогіі мовазнаўства, найважнейшых галін навукі пра рус. мову. З яго імем звязана ўзнікненне і абгрунтаванне шэрагу новых галін філал. навукі: гісторыі літ. мовы, агульнамоўнай і індывідуальнай стылістыкі, тэорыі паэт. мовы, фразеалогіі як філал. дысцыпліны і інш. Аўтар працы «Руская мова (граматычнае вучэнне пра слова)» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1951). Рэдактар час. «Вопросы языкознания» (1952—69).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Библиогр. словарь. Мн., 1977. Т. 2. С. 89—129.
т. 4, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)