ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для ачысткі, сартавання і калібравання зерня (насення) розных культур. Бываюць папярэдняй ачысткі (падрыхтоўваюць зерне да сушкі, сартавання або часовага захоўвання), першаснай ачысткі (даводзяць да нарыхтоўчых кандыцый), другаснай ачысткі (да пасяўных кандыцый) і спец. ачысткі (напр., ад цяжкааддзельных дамешкаў); стацыянарныя, перасоўныя і самаперасоўныя: простыя (раздзяляюць зерневую сумесь па адной адзнацы) і складаныя (па некалькіх адзнаках). Працуюць самастойна або ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.

З.м. маюць рабочыя органы: паветраныя сістэмы (раздзяляюць зерневую сумесь па аэрадынамічных уласцівасцях часціц), рашотныя (па таўшчыні і інш. уласцівасцях формы), трыерныя (па даўжыні), фрыкцыйныя (па трэнні слізгання і качэння), магнітныя (па шурпатасці паверхні, да якой прыліпае магн. парашок). Розная шчыльнасць часціц выкарыстоўваецца для раздзялення сумесі на пнеўматычных сартавальных сталах, пругкасць — на адбівальных сталах, колер — у фотаэлектронных рабочых органах. Пашыраны стацыянарныя і самаперасоўныя паветрана-рашотныя, паветрана-рашотна-трыерныя З.м., трыерныя блокі; насенне траў і лёну ачышчаюць ад шурпатага насення пустазелля эл.-магн. і магн. З.м. Прадукцыйнасць З.м. да 50 т/гадз.

В.​П.​Чабатароў.

Зернеачышчальныя машыны: а — ачышчальнік збожжа ОВП-20А (1 — рашотныя станы, 2, 4 — выгрузны і загрузачны транспарцёры, 3 — прыемная камера, 5 — вентылятар, 6 — інерцыйны пылааддзяляльная 7 — скрабалкавы сілкавальнік); б — насеннеачышчальная СМ-4 (1 — шнэкавы сілкавальнік, 2 — загрузачны транспарцёр; 3 — корпус з рашотамі, трыернымі цыліндрамі, вентылятарамі і інш.).

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУРА́Н»,

савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.

Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж. 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл. «Спэйс Шатл».

Да арт. «Буран»: 1 — ракета-носьбіт «Энергія»; 2 — касмічны карабель «Буран».

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч

(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),

бел. дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНК БССР. У 1940 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел. цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел. нац. к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел. нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЁРАЎ Іван Андрэевіч (24.3.1905, в. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 7.10.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Дзяржынскага (1941). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну капітан Ф. камандзір асобнага мінамётнага дывізіёна рэактыўнай артылерыі на чале першай у Чырв. Арміі эксперыментальнай батарэі, якая 14.7.1941 упершыню нанесла ўдары па ворагу з рэактыўных установак БМ-13 («кацюш») на чыг. ст. Орша і па пераправах цераз Дняпро і Аршыцу. Трапіўшы ў акружэнне, дывізіён з баямі прайшоў больш за 200 км па тылах ворага, але ў ноч на 7 кастр. ў час няроўнага бою на Смаленшчыне сав. воіны, расстраляўшы ўвесь боезапас, падарвалі сакрэтную зброю. У г. Орша створаны мемар. комплекс «Кацюша», у в. Пішчалава Аршанскага р-на пастаўлены помнік.

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ГАЗЕ́ТА»,

грамадска-палітычная газета. Заснавальнікі — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. Выдавалася з 6.5.1994 да 28.6.2002 у Мінску на бел. і рус. мовах раз у тыдзень. Асвятляла дзейнасць органаў заканад. і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь, адстойвала прынцыпы сац. справядлівасці, садружнасці слав. народаў (мела старонку «Славянскі цэнтр»), палемізавала з інш. выданнямі па пытаннях грамадска-паліт., эканам., міжнар. жыцця, расказвала аб праблемах і шляхах развіцця навукі, культуры і сельскай гаспадаркі. Публікавала аналіт. матэрыялы па праблемах экалогіі, маралі і права, рэпартажы, нарысы пра найб. значныя сац., культ. і спарт. падзеі, новыя творы бел. пісьменнікаў і інш. Мела рубрыкі: «Адзінства», «Пункт гледжання», «Фрагменты геапалітыкі», «Праўда ў вочы», «Духоўнасць», «Сыны Айчыны», «Трыбуна паэта», «Векапомнае» і інш. З газетай супрацоўнічалі бел. вучоныя, грамадскія дзеячы, творчая інтэлігенцыя і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЮ́К Фёдар Аляксеевіч (н. 28.4.1952, в. Доўгае Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1999), праф. (2001). Скончыў Бел. нац. тэхн. ун-т (1978), дзе і працуе (з 1997 нам. прарэктара, з 2001 прарэктар па навук. рабоце і вытв. дзейнасці). Навук. працы па развіцці асноў арганізацыі мікрапрацэсарных сістэм аховы і аўтаматыкі электраўстановак, па іх інфармацыйным забеспячэнні. Распрацаваў прынцыпы іх пабудовы і структурнай арганізацыі, стварыў эфектыўныя спосабы вызначэння інфарм. параметраў уваходных сігналаў.

Тв.:

Информационное обеспечение вычислительного эксперимента в релейной защите и автоматике энергосистем. Мн., 1998 (разам з У.​І.​Новашам);

Информационное обеспечение микропроцессорных защит электроустановок: Учеб. пособие. Мн., 2001;

Формирование оргональных составляющих входных сигналов в микроконтроллерных защигах // Изв. вузов и энергет. объединений СНГ. Энергетика. 1998. № 3.

т. 18, кн. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю,

падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.

Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл. Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.

Гідраўлічная здабыча вугалю: 1 — цэнтрыфуга; 2 — грохат; 3 — адстойныя бункеры; 4 — рэзервуар тэхнічнай вады; 5 — высоканапорная помпавая станцыя, 6 — гідраманіторы; 7 — драбілка; 8 — зумпф участковага вуглясоса; 9 — вуглясос гідрапад’ёму.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІ́ЦКІ Аляксандр Антонавіч (н. 15.8.1927, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це мовазнаўства імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі. Навуковыя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі. Аўтар працы «Наша родная мова» (3-е выд., 1973). Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968, кн. карт 1969), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічных ландшафтаў Беларусі» (1995), вучэбных дапаможнікаў, у т. л. «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд., 1990), «Падручнік беларускай мовы: Для самаадукацыі» (1994). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе работ па бел. лінгвагеаграфіі.

Тв.:

Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979 (з А.​І.​Жураўскім).

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ў Маскве.

Створаны ў 1991 як Цэнтр захоўвання сучаснай дакументацыі на базе дакументаў бягучых архіваў структурных падраздзяленняў ЦК КПСС, з 1999 сучасная назва. 1 500 000 млн. адзінак захоўвання за 1952 — жн. 1991. Зберагае дакументы па гісторыі паліт. партый, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. Сярод іх матэрыялы з’ездаў КПСС, пленумаў ЦК КПСС, Палітбюро і Сакратарыята ЦК КПСС, усесаюзных канферэнцый і нарад пры ЦК КПСС, структурных падраздзяленняў апарата, інфарм.-паліт. цэнтра і рэгіянальных бюро ЦК КПСС, міжнар. нарад і перагавораў з камуніст. і рабочымі партыямі. Захоўвае дакументы вышэйшых і цэнтр. органаў Кампартыі РСФСР за 1990—91, рэдакцый перыяд. выданняў ЦК КПСС, матэрыялы, рассакрэчаныя для Канстытуцыйнага суда Рас. Федэрацыі па «справе КПСС» за 1922—91. Дакументы па гісторыі КПБ знаходзяцца ў фондах Палітбюро, Сакратарыята і апарата ЦК КПСС, у фондзе-калекцыі «па справе КПСС».

Літ.:

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 205—208.

Н.​Г.​Таміліна.

т. 13, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ Аляксей Андрэевіч (24.10.1864, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 18.6.1937),

савецкі заолаг і зоагеограф. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Расійскай АН з 1923). Праф. Ленінградскага ун-та. Дырэктар Заал. музея АН СССР. Навук. працы па сістэматыцы, біягеаграфіі розных груп беспазваночных, птушак і млекакормячых. Садзейнічаў арганізацыі пры Заал. музеі пастаяннай камісіі па вывучэнні малярыйных камароў, экспедыцыі ў Сярэднюю Азію (1928), што спрыяла даследаванням у СССР па паразіталогіі.

Тв.:

Скорпионы. Вып. 1. Пг., 1917;

Фаланги // Фауна СССР. М.; Л., 1938. Т. 1, вып. 3.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)