ЖЫ́ТКАВІЦКІ ТОРФАБРЫКЕ́ТНЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1982 ў п. Чырвонае Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. на базе торфапрадпрыемства «Чырвонае» (1971). Спецыялізуецца на выпуску торфабрыкету. З 1996 разам з ВА «Беларусьнафта» вырабляе сарбенты для утылізацыі разліваў нафты на вадзе і зямлі. Сыравінная база — радовішча торфу Булеў Мох у Салігорскім і Жыткавіцкім р-нах. Пачатковыя прамысл. запасы торфу 46 800 тыс. т, на 1.1.1997—2800 тыс. т.
т. 6, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),
французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НІНГЕМ ((Cunningham) Уолтэр) (н. 16.3.1932, г. Крэстан, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1960). З 1951 у ВМС ЗША. У 1964—71 у групе касманаўтаў НАСА. 11—22.10.1968 з У.Шырам і Д.Эйзелам здзейсніў касм. палёт на караблі «Апалон-7» (праводзілася першае лётнае выпрабаванне асн. блока «Апалона»). Кіраваў групай касманаўтаў па праграме «Скайлэб». Правёў у космасе 10,83 сут (163 абароты вакол Зямлі).
т. 7, с. 585
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РСЕНА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Larsen Shelf Ice),
адзін з найбуйнейшых шэльфавых ледавікоў у Зах. Антарктыдзе. Утварае ўсх. ледзяны бераг Антарктычнага п-ва (прыморская паласа ўсх. берага Зямлі Грэяма) даўж. больш за 800 км, шыр. каля 200 км. Пл. каля 86 тыс. км². Таўшчыня лёду 150—500 м. Круглы год блакіраваны дрэйфуючымі крыгамі Уэдэла мора. Адкрыты ў 1893 нарвежскай экспедыцыяй К.Ларсена, названы ў яго гонар.
т. 9, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЭ́НДСЭТ»
(англ. Landsat, скарочанае ад Land Satellite спадарожнік для вывучэння Зямлі),
назва амерыканскіх эксперыментальных ШСЗ для даследавання прыродных рэсурсаў.
Маса 891 кг. Складаецца з блока службовых сістэм і блока з карысным грузам. Электрасілкаванне ад сонечных батарэй. Тэлекамеры забяспечваюць аптычнае раздзяленне да 30 м. Інфармацыя, што атрымліваюць пры дапамозе «Л.», выкарыстоўваецца ў геалогіі, сельскай і лясной гаспадарцы, акіянаграфіі, гідралогіі, метэаралогіі і інш. З 1972 запушчаны 4 «Л.».
т. 9, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТО́ГРАФ (ад магніт + ...граф),
прылада, якая бесперапынна рэгіструе змены зямнога магн. поля ў часе (магн. варыяцыі). Складаецца з магн. варыёметраў і рэгістравальных прыстасаванняў (частатамеры, вальтметры, патэнцыёметры з запісвальнымі вузламі, магнітафоны і інш.). Рэгіструе кампаненты магн. поля Зямлі з перыядам ад некалькіх секунд да некалькіх месяцаў і больш. Паказанні М. (на магн. стужцы і інш. магнітаграмах) апрацоўваюцца на ЭВМ. Ёсць сонечныя М. для вымярэнняў магн. поля на Сонцы.
т. 9, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОХ,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; казачны чараўнік у выглядзе барадатага чалавека. О. выскоквае з-пад зямлі да стомленага і галоднага бедняка, які прысеў на пень і моцна охнуў, корміць яго і прапануе сваю дапамогу. Дорыць герою чарадзейную табакерку, якая выконвае любыя пажаданні. Герой гэтай казкі перамагае злыя сілы і дамагаецца справядлівасці. Казкі падобнага тыпу запісаў М.Федароўскі. Сюжэт О. вядомы і інш. народам.
А.С.Фядосік.
т. 11, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЛО́Е,
грашовая выплата селяніна феадалу пры пераходзе да другога ўладальніка ў Рас. дзяржаве ў 15—16 ст. Упершыню як абавязковае П. ўпамінаецца ў Судзебніку 1497. Поўны яго памер (ад 50 кап. ад 1 руб.) сяляне плацілі пасля 4 гадоў жыцця на зямлі феадала. Памер П. «з варот» (сял. двара) павялічыў Судзебнік 1550. П. садзейнічала запрыгоньванню сялян. Пасля забароны выхаду сялянскага паступова знікла.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 11, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТРКАЎСКІ СТАТУ́Т 1496,
пастановы на карысць шляхты, прынятыя сеймам Польшчы ў г. Пётркаў-Трыбунальскі. Заканадаўча аформіў прымацаванне польскіх сялян да зямлі, пазбавіў мяшчан права валодаць шляхецкай зямлёй (гэта значыць і магчымасці пераходзіць у шляхецтва), вызваліў шляхту ад пошлін на ўвоз замежных тавараў і вываз с.-г. прадукцыі, даў ёй выключнае права вытв-сці і продажу спіртных напіткаў (т.зв. права прапінацыі). П.с. нанёс эканам. ўдар па польскіх гарадах.
т. 12, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТАЛО́ГІЯ (ад планеты + ...логія),
комплекс навук, якія вывучаюць паверхневую і ўнутр. будову, фіз. стан і хім. састаў рэчыва планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, распрацоўвае гіпотэзы і тэорыі іх утварэння і эвалюцыі. Даследаванні вядуцца апаратурай з касм. караблёў, аптычнымі назіраннямі з Зямлі і непасрэдна геал. метадамі на ўзорах парод з Месяца і метэарытах. Гл. таксама Касмагенныя мінералы, Касмагонія, Касмалогія, Касмахімія, Касмічнае землязнаўства.
Г.І.Каратаеў.
т. 12, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)