КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),

надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.

Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.

Т.​А.​Смірнова.

Да арт. Конікавыя. Конікі: 1 — зялёны, 2 — шэры.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУЛЬТУРКА́МПФ»

(ням. Kulturkampf барацьба за культуру),

пашыраная ў гіст. л-ры назва мерапрыемстваў урада О.Бісмарка супраць каталіцкай царквы і яе паліт. партыі Цэнтра, якая выражала сепаратысцкія антыпрускія тэндэнцыі (пераважна на З і ПдЗ Германіі) у 1870-я г. З ініцыятывы Бісмарка былі прыняты і дзейнічалі законы аб забароне святарам весці паліт. агітацыю (1871), пазбаўленні духавенства права нагляду за пач. школамі (1872), дзярж. кантролі за царк. справамі (1873), увядзенні грамадз. шлюбу (1875) і інш. У 1875 у Германіі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны. На польскіх землях імперыі ў ходзе «К.» была ўзмоцнена палітыка германізацыі. Пасля прымірэння Бісмарка з каталіцкім духавенствам у канцы 1870 — пач. 1880-х г. большасць законаў часоў «К.» адменена, акрамя законаў аб грамадз. шлюбе і выгнанні езуітаў.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКБРА́ЙД ((MacBride) Шон) (26.1.1904, Парыж — 15.1.1988),

ірландскі паліт. дзеяч, дыпламат, праваабаронца. Пасля пакарання смерцю бацькі за ўдзел у Ірландскім паўстанні 1916 разам з маці пераехаў у Дублін. З 1919 або 1921 да 1937 у Ірландскай рэспубліканскай арміі, потым адвакат. Заснавальнік (1946) і лідэр Рэсп. партыі Ірландыі. У 1948—51 міністр замежных спраў. Дэп. парламента (1947—58). Старшыня Амністыі міжнароднай (1961—74) і Міжнароднага бюро міру (1968—74). У 1963—70 ген. сакратар Міжнар. камісіі юрыстаў (дзейнічала з 1952 у Зах. Берліне, наглядала за станам правоў чалавека ў Герм. Дэмакр. Рэспубліцы і інш. усх.-еўрап. краінах). Выступаў за выкананне правоў чалавека, раззбраенне і рух у абарону міру. У 1974—76 камісар ААН па Намібіі. Нобелеўская прэмія міру 1974 (разам з Э.Сата).

Ш.Макбрайд.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОЧ,

цёмная частка сутак ад заходу Сонца вечарам да яго ўсходу раніцай. Разам з днём складае суткі. Працягласць (даўжыня) Н. залежыць ад геагр. шыраты мясцовасці і схілення Сонца адносна гарызонту. На зямным экватары даўжыня Н. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і — больш за 12 гадз пры адмоўным схіленні Сонца (у халодны перыяд) і менш за 12 гадз пры дадатным. Найб. даўжыня Н. ў Паўн. паўшар’і бывае ў дзень зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.), найменшая — у дзень летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.). За палярным кругам даўж. Н. зімой можа перавышаць 24 гадз (палярная Н.), на полюсах Н. і дзень доўжацца па паўгода. Самая доўгая Н. у Мінску складае 16 гадз 29 мін, самая кароткая — 6 гадз 49 мін.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІЯ ФАРМІРАВА́ННІ,

назва арганізацыйных адзінак партыз. узбр. сіл. У Вял. Айч. вайну: партызанскае злучэнне, партызанская брыгада, партызанскі полк, партызанскі атрад, партызанская група, а таксама партыз. ўзвод, рота, батальён і інш. У склад рэгулярных войск не ўваходзілі. У канцы 1941 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. СССР дзейнічала 2 тыс. партыз. атрадаў (больш за 90 тыс. чал.). Усяго ў гады вайны ў тыле праціўніка знаходзілася больш за 6200 партыз. атрадаў і падп. груп, у якіх налічвалася больш за 1 млн. чал. На Беларусі ў 1941—44 дзейнічала 213 брыгад, якія аб’ядноўвалі 997 атрадаў, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну). П.ф. ўтрымлівалі і кантралявалі да 60% акупіраванай тэр. Беларусі (гл. Партызанская зона).

т. 12, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ЭСКІВЕ́ЛЬ ((Pérez Esquivel) Адольфа Марыя) (н. 26.11.1931, Буэнас-Айрэс),

аргенцінскі скульптар, праваабаронец. Скончыў Нац. школу выяўл. мастацтваў у Буэнас-Айрэсе (1956), у 1956—71 выкладаў у ёй і ў Нац. ун-це г. Ла-Плата. Адзін са стваральнікаў (1971) праваабарончай хрысц. арг-цыі «Служба ў імя міру і справядлівасці ў Лац. Амерыцы», з 1974 яе ген. сакратар. Адзін з заснавальнікаў арг-цыі «Пастаянная асамблея ў абарону правоў чалавека». За праваабарончую дзейнасць праследаваўся ў час кіравання ў Аргенціне ваенных (1976—83), у 1977—78 зняволены. Са снеж. 1987 старшыня Міжнар. лігі барацьбы за правы і вызваленне народаў. Каардынатар Экуменічнага руху за правы чалавека. Для яго скульптурных твораў характэрна ўвасабленне матываў дакалумбавай Амерыкі. Нобелеўская прэмія міру 1980.

А.Перэс Эсківель.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫ ДОЖДЖ,

з’яўленне шматлікіх метэораў за кароткі прамежак часу. Адбываецца пры сустрэчы Зямлі з метэорным патокам.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНІК,

службовая асоба ў ВКЛ, якая збірала пошліну (мыта) з купцоў за ўвоз і вываз тавараў.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛУТА́,

вадасховішча ў Беларусі, у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. За 26 км на Пн ад г. Лунінец, за 3 км на ПнЗ ад в. Велута. Створана ў 1976. Пл. 7,6 км², даўж. 3,4 км, шыр. 2,8 км, сярэдняя глыб. 3,4 м. Аб’ём вады 31 млн. м³. Берагі спадзістыя, пясчаныя, параслі хмызняком. Наліўное, напаўняецца са Стрыжэўскага канала і р. Цна пры дапамозе помпавай станцыі. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,

вартасць (кошт) матэрыяльных даброт, створаных грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год) і прызначаных для задавальнення ўсёй сукупнасці патрэб. Характарызуе ўзровень эканам. развіцця грамадства. У натуральна-рэчыўнай форме складаецца са сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання, у вартаснай — з нанава створанай вартасці (нацыянальны даход) і кошту сродкаў вытв-сці, спажытых у вытв. працэсе (фонд пакрыцця). У статыст. практыцы вызначаецца т.зв. заводскім метадам, як і валавы абарот прадпрыемства.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)