ДЭ́БІШ (Васіль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Брат А.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе ў Брэсце. Друкуецца з 1987. Аўтар зб. вершаў «Белыя птахі» (1992), «Лісты да Марыі» (1996). У лірыцы Д. — рамант. свет чалавека, любоўныя перажыванні героя («Ліст да Марыі», «След вашых губ на крышталі», «Любіў. Ды ты не зразумела»), асэнсаванне духоўных крыніц жыцця народа, роднай гісторыі («Вільня», «Багрымава жалейка», «Апошняя ноч К.Каліноўскага»). Звяртаецца і да нац. міфалогіі. Распрацоўвае жанры трыялета, квантэмы.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАНЭ́ ((Delaunay) Рабер) (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),
французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.
т. 6, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.
т. 6, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУВЭ́ ((Jouvet) Луі) (24.12.1887, г. Кразон, Францыя — 16.8.1951),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. Праф. (1934). Сцэн. дзейнасць пачаў у «Тэатр дэз Ар» (1911). Працаваў у т-рах «В’ё каламб’е» (з 1913), «Камедыя Елісейскіх палёў» (з 1922, з 1924 і кіраўнік), «Атэней» (з 1934). Сярод лепшых роляў: Кнок («Кнок» Ж.Рамэна), Дон Жуан, Тарцюф (аднайм. п’есы Мальера), Меркурый, Гектар («Амфітрыён 38», «Траянскай вайны не будзе» Ж.Жыраду). Ставіў п’есы тагачасных драматургаў, у якіх узнімаў актуальныя тэмы жыцця грамадства. З 1932 здымаўся ў кіно. Сярод фільмаў: «Гераічная кермеса», «На дне», «Паўночны атэль» і інш.
т. 6, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (1810, Магілёўская губ. — 23.11.1856),
расійскі эканаміст. статыстык. Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1829). З 1831 працаваў у камісіі М.М.Спяранскага па складанкі Збору законаў Рас. імперыі. З 1845 у Кіеве на стат. рабоце. Распрацаваў сістэму стат. паказальнікаў для вывучэння з’яў грамадскага жыцця, а таксама праграму даследавання прадукц. сіл Расіі. Пры вывучэнні сац. з’яў прытрымліваўся канцэпцыі падзелу грамадства на асобныя класы і групы, неабходнасці забеспячэння росту нар. дабрабыту. Аўтар прац «Аб крыніцах і выкарыстанні статыстычных звестак» (1846), «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1852).
т. 6, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ФЕАДО́СІЯ ПЯЧЭ́РСКАГА»,
адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.
А.Ф.Коршунаў.
т. 6, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАР’Я́Н (сапр. Аракелян) Стафан
(16.9.1890, с. Каракліс, Арменія — 15.10.1968),
армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1909. У зб. апавяданняў «Сумныя людзі» (1918), апавяданнях і аповесцях 1918—25 паказаў духоўны свет суайчыннікаў, складаныя сац. працэсы тагачаснасці. Гераічнаму мінуламу Арменіі прысвяціў гіст. трылогію «Цар Пап» (1944), «Армянская крэпасць» (1959), «Вараздат» (1968). Аўтар аўтабіягр. рамана «Гісторыя аднаго жыцця» (т. 1—2, 1934—38). Пераклаў на арм. мову раман Л.Талстога «Вайна і мір», творы І.Тургенева і інш. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі М.Татур, М.Гіль.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУАНАДО́НТЫ (Iguanodontidae),
сямейства вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў; продкі качканосых дыназаўраў. 5 родаў. Рэшткі вядомы з ніжнемелавых адкладаў Зах. Еўропы, Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыкі, на З Паўн. Амерыкі і Аўстраліі.
Памеры да 10 м. Самцы і самкі адрозніваліся памерамі. Маглі хадзіць на 2 і на 4 лапах. Чэрап падоўжаны, з невял. вачніцамі. Зубы двухрадныя, як у сучасных ігуанавых яшчарак. Першы палец кісці ператвораны ў шып і выкарыстоўваўся, верагодна, для збору ежы і абароны. Жылі вял. групамі. Вялі паўводны або водны спосаб жыцця. Расліннаедныя.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 7, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),
аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз. алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНІЦЫЯ́ЦЫІ (ад лац. initiatio выкананне таінства, пасвячэнне),
пасвячальныя абрады ў родавым грамадстве, звязаныя з пераводам моладзі ва ўзроставы клас дарослых мужчын і жанчын. Вядомы з глыбокай старажытнасці, мелі на мэце падрыхтоўку юнакоў і дзяўчат да вытв., грамадскага і сямейнага жыцця. Звычайна суправаджаліся трэніроўкамі, рознымі выпрабаваннямі, часам нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Некат. з абрадаў І., якія страцілі першапачатковае значэнне, учыняліся над асобамі больш маладога ўзросту, напр., абразанне ў дзяцей у рэліг. рытуале іудаізму і ісламу. Да І. належаць хрышчэнне ў хрысціян, ускладанне свяшчэннага шнура ў індуістаў. і інш.
т. 7, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)