НАВІ́ЦКІ (Яўген Гаўрылавіч) (15.8.1912, в. Копцевічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.10.1997),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую лётна-тэхн. школу, Мікалаеўскую школу марскіх лётчыкаў (1933). У Вял.Айч. вайну з 1941 у ВМФ, удзельнік баёў пад Ленінградам, у Прыбалтыцы, Усх. Прусіі, Усх.Германіі. Нач. парашутна-дэсантнай службы штурмавога авіяпалка Балт. флоту капітан Н. здзейсніў 61 баявы вылет на штурмоўку варожых войск і караблёў, затапіў карабель, 4 транспарты, 6 катэраў, кананерскую лодку, шмат ваен. тэхнікі ворага. Да 1946 у Сав. Арміі, да 1973 у грамадз. авіяцыі і на парт. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЧАСОПІСЫ,
часопісы, якія асвятляюць пытанні гісторыі, у т. л. тэарэтычныя, і спец.гіст. дысцыплін (археалогіі, этнаграфіі і інш.). Выдаюцца навук. ўстановамі, ВНУ (пераважна універсітэтамі), гіст. т-вамі і асацыяцыямі, музеямі, архівамі, асобнымі гісторыкамі. Падзяляюцца на навук., навук.-папулярныя і папулярныя, паводле зместу — на універсальныя (прысвечаны сусв. гісторыі) і спецыялізаваныя (гісторыя асобных краін ці рэгіёнаў). З’явіліся ў 19 ст. ў Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Расіі і інш. краінах у сувязі са станаўленнем гісторыі як навукі. Найб. вядомыя замежныя гістарычныя часопісы: у Вялікабрытаніі «The English historical review» («Англійскі гістарычны агляд», з 1886), «History» («Гісторыя», з 1912); у Германіі «Historische Zeitschrift» («Гістарычны часопіс», з 1859), «Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte» («Квартальнік сучаснай гісторыі», з 1953); у Францыі «Revue historique» («Гістарычны агляд», з 1876), «Annales. Ekonomies, sociétés, civilisations» («Аналы. Эканоміка, грамадства, цывілізацыі», з 1929); у ЗША «The American historical review» («Амерыканскі гістарычны агляд», з 1895); у Польшчы «Wiadomości archeologiczne» («Археалагічныя весці», з 1873), «Kwartalnik historyczny» («Гістарычны квартальнік», з 1887), «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд», з 1905), «Wojskowy przegląd historyczny» («Ваенна-гістарычны агляд», з 1956); у Расіі «Отечественные архивы» (з 1923), «Вопросы истории», «Вестник древней истории» (з 1937), «Военно-исторический журнал», «Новая и новейшая история» (з 1957), «Отечественная история» (з 1957); на Украіне «Український історичний журнал» (з 1957). У Беларусі выдаюцца «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны агляд», «Спадчына».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ФРОНТ,
тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш.Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.
Літ.:
Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;
Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ.М., 1989.
Да арт.Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т «СВАБО́ДНАЯ ГЕРМА́НІЯ»
(НКСГ; Nationalkomitee «Freies Deutschland»),
кіруючы орган руху ням. антыфашыстаў у 2-ю сусв. вайну. Засн. па ініцыятыве ЦККамуніст. партыі Германіі і з дазволу сав. улад 12—13.7.1943 на ўстаноўчай канферэнцыі ў г. Краснагорск (Маскоўская вобл.) ням. эмігрантамі і ваеннапалоннымі ў складзе 38 чал. Прэзідэнт к-та ў 1943—45 паэт Э.Вайнерт, у ліку членаў к-та І.Р.Бехер, В.Пік, В.Ульбрыхт. У сваіх газетах, лістоўках, радыёперадачах (на фронце і праз гукаўзмацняльнікі) заклікаў вайскоўцаў вермахта і герм. народ усімі магчымымі сродкамі змагацца супраць гітлераўскага рэжыму, спыніць баявыя дзеянні дзеля дасягнення «ганаровага міру», стварыць новую Германію на свабодных, мірных і незалежных пачатках; праводзіў таксама антыфаш. агітацыю ў сав. лагерах для ням. ваеннапалонных. Непасрэдна на фронце меў групы ўпаўнаважаных і давераных асоб пры сав. арміях, карпусах, дывізіях, а таксама пры некаторых партыз. злучэннях. З вер. 1943 узаемадзейнічаў з антыфаш. Саюзам нямецкіх афіцэраў. Замежныя арг-цыі к-та існавалі ў Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі, Грэцыі, Мексіцы, ЗША. У сак.—ліп. 1944 2 групы к-та дзейнічалі на тэр. Беларусі (Баранавіцкая, Вілейская, Мінская вобл.). НКСГ самараспусціўся 2.11.1945 пасля ўтварэння ва Усх.Германіі блока антыфаш.-дэмакр. партый. У 1985 у Краснагорску створаны Мемарыяльны музей ням. антыфашыстаў.
Літ.:
За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГДЭБУРГ (Magdeburg),
горад на УГерманіі. Адм. ц. зямлі Саксонія-Ангальт. 270,6 тыс.ж. (1994). Важны вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Эльба, паблізу перасячэння з ёй Сярэднегерм. канала і канала Эльба—Хафель. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, прыладабуд., эл.-тэхн., вытв-сцьхім. абсталявання, металаапр., хім. (мінер. ўгнаенні, ядахімікаты), фармацэўтычная, лакафарбавая, гарбарна-абутковая, швейная, харчасмакавая. Мед. акадэмія. Культурна-гіст. музей. Б.ч. помнікаў архітэктуры разбурана ў 1945, адноўлены: раманская царква (11—13 ст.), гатычны сабор (13—16 ст.), барочная ратуша (17 ст.) і інш.
Упершыню згадваецца ў 805. З 968 цэнтр Магдэбургскага архіепіскапства (засн.Атонам I), важны пункт хрысціянізацыі і германізацыі палабскіх славян. У 1188 першы з еўрап. гарадоў атрымаў права на самакіраванне — Магдэбургскае права. Адыгрываў значную ролю ў Ганзе. У 1524 у М. праведзена Рэфармацыя. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 амаль поўнасцю разбураны (май 1631, аднаўляўся з 1646). З 1680 у Брандэнбургска-Прускай дзяржаве, яе найбуйнейшая крэпасць. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 адм. і буйны прамысл. цэнтр прускай прав. Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны (1945) стары горад разбураны на 90% (аднаўляўся з 1952). З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, у 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (у 1952—90 адм. цэнтр аднайм. акругі). З 28.10.1990 адм. цэнтр зямлі ФРГ Саксонія-Ангальт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭН (Dresden),
горад на УГерманіі, на р. Эльба. Адм. ц. зямлі Саксонія. 519,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 600 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: эл.-тэхн. (трансфарматары, халадзільнікі, цеплатэхн. і вакуумнае абсталяванне), радыёэлектронная (асабліва паўправаднікі), прылада-буд., аптычная (вытв-сць кіна- і фотаоптыкі), паліграф., трыкат., швейная, абутковая, мэблевая, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, піваварная, шакаладная і інш.), дакладнае машынабудаванне (рэнтгенаўскія апараты, кіна- і фотаапаратура), вытв-сць станкоў, рачных суднаў, хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Традыцыйная вытв-сць фарфоравых і шкляных вырабаў. Тэхн.ун-т. Цэнтр ядз. даследаванняў.
Першапачаткова вёска палабскіх славян (наз. Дрэздзаны). Горад засн. ў 1216 у ходзе герм. каланізацыі, з 1403 меў гар. правы. З 1485 рэзідэнцыя герцагаў альберцінскай лініі саксонскага княжацкага роду Ветынаў. Месца заключэння Дрэздэнскага міру 1745. Акупіраваны прускімі войскамі (1756—59) і значна разбураны ў Сямігадовую вайну 1756—63. З 1806 сталіца Саксоніі. У перыяд напалеонаўскіх войнаў каля горада адбылася Дрэздэнская бітва 1813. Значныя сац. хваляванні ў час рэвалюцый 1830, 1848—49 і рэв. крызісу 1923 у Германіі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны бамбардзіроўкамі англа-амер. ВПС. З мая 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. У 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі, з 1990 — аб’яднанай ФРГ.
Аблічча Д. вызначаюць паркі (палацава-паркавы ансамбль Пільніц, 1720—24; арх. М.Д.Пёпельман) і масты цераз Эльбу, што злучаюць Стары горад з Новым, забудаваным пераважна ў 19—20 ст. У Старым горадзе захавалася адносна правільная сярэдневяковая сетка вуліц з цэнтр.пл. Постплац. Замак (засн. каля 1200, пабудаваны ў 15—19 ст.) разам з прылеглай сярэдневяковай і барочнай забудовай стварае ядро «Фронту Эльбы» (тэрасу Бруля). Сярод інш. славутасцей барочны палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22, арх. Пёпельман), царква Гофкірхе (1738—56, арх. Г.К’яверы), будынак Дрэздэнскай карціннай галерэі і інш. Амаль цалкам адноўлены пасля 2-й сусв. вайны. Музеі: Дрэздэнская карцінная галерэя, гіст. музей, Збор фарфору «Зялёны звод» (калекцыя саксонскіх ювелірных вырабаў), Музей нар. мастацтва і інш.
Дрэздэн. Панарама горада.Да арт.Дрэздэн. Б.Белота. Плошча Новага рынку ў Дрэздэне. 1749—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1954—59.
1) Нарада 26.4—21.7.1954 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, КНР, СССР і Францыі. Разглядала пытанні мірнага ўрэгулявання ў Карэі і Індакітаі. План аднаўлення адзінства Карэі прадугледжваў правядзенне свабодных агульнакар. выбараў у Нац. сход, вывад з краіны замежных войск. ЗША і іх саюзнікі адмовіліся прыняць план, і пытанне аб Карэі не было ўрэгулявана. 20 ліп. падпісана пагадненне пра спыненне ваен. дзеянняў у В’етнаме, устанаўленне часовай дэмаркацыйнай лініі па 17-й паралелі і тэрмінах адводу ад яе войск краін, якія ваявалі, аб вывадзе з тэр. Лаоса і Камбоджы франц. войск. На тэр. В’етнама, Лаоса, Камбоджы забаранялася ствараць ваен. базы, а дзяржавам уваходзіць у ваен. саюзы. У 1955 адбыліся выбары ў Камбоджы, у 1958 — у Лаосе, выбары ў В’етнаме ў 1956 сарвалі ЗША, якія ў 1961 пачалі вайну супраць народаў Індакітая.
2) Нарада 18—23.7.1955 кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, пытанне аб еўрап. бяспецы, аб развіцці кантактаў паміж Усходам і Захадам. Зах. дзяржавы выступілі за аб’яднанне Германіі шляхам ліквідацыі ГДР і ўключэння аб’яднанай краіны ў ваен.-паліт. групоўку зах. дзяржаў. СССР выступіў супраць, падкрэсліўшы, што на тэр.Германіі існуюць 2 самаст. дзяржавы з розным грамадскім і дзярж. ладам. Сав. прапанова аб узяцці СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй на сябе абавязку не ўжываць першымі ядз. зброю была адхілена.
3) Нарада 27.10—16.11.1955 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Сав. дэлегацыя адхіліла план зах. дзяржаў аб аб’яднанні Германіі і скасаванні ГДР, унесла прапановы па еўрап. бяспецы і раззбраенні (паступовае скарачэнне ўзбр. сіл да ўзгодненых узроўняў, забарона выкарыстання ядз. зброі і інш.). Рашэнні па пытаннях раззбраення і кантактах паміж Усходам і Захадам прыняты не былі.
4) Нарада 11.5—20.6.1959 і 13.7—5.8.1959 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі і кантролю над раззбраеннем, развіццё кантактаў паміж Усходам і Захадам. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя адмовіліся прыняць сав. прапанову аб стварэнні дэмілітарызаванага вольнага горада — Зах. Берлін, але дасягнута дамоўленасць аб часовым статусе Зах. Берліна (агаворвалася колькасць узбр. сіл 3 дзяржаў, неразмяшчэнне на яго тэр. атамнай і ракетнай зброі, парадак доступу ў Зах. Берлін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
сустрэча кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі [старшыня СНКСССР І.В.Сталін, прэзідэнт ЗША Г.Трумэн, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У.Чэрчыль (28 ліп. яго замяніў новы прэм’ер-міністр К.Р.Этлі)], якая адбылася 17.7—2.8.1945 у г.Патсдам. Мэта — вырашыць гал.міжнар. праблемы, што ўзніклі ў сувязі з разгромам гітлераўскай Германіі. Канферэнцыя разглядала пытанні пасляваен. мірнага ўрэгулявання ў Еўропе і ў тым ліку парадак падрыхтоўкі мірных дагавораў з пераможанымі краінамі. З гэтай мэтай быў створаны пастаянны орган — Савет міністраў замежных спраў у складзе прадстаўнікоў краін — пастаянных чл. Савета Бяспекі ААН (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая). Гал. месца ў рабоце канферэнцыі заняло герм. пытанне. Германія разглядалася як адзінае эканам. і паліт. цэлае. У адносінах да яе дзяржавы-пераможцы вырашылі праводзіць у перыяд акупацыі ўзгодненую палітыку, сутнасць якой была ў дэмілітарызацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі краіны. Канферэнцыя пастанавіла ліквідаваць герм.манапал. аб’яднанні як небяспечны ачаг мілітарызму і перавесці ўсю прам-сцьГерманіі на мірныя рэйкі. На канферэнцыі канчаткова ўзгоднена сістэма чатырохбаковай акупацыі Германіі; вырашана, што рэпарацыйныя прэтэнзіі кожная дзяржава задаволіць шляхам канфіскацый у сваіх зонах акупацыі (ЗША і Вялікабрытанія перадавалі СССР 25% канфіскаванага ў іх зонах прамысл. абсталявання). Герм. флот краіны-пераможцы падзялілі паміж сабой пароўну. П.к. вырашыла важныя тэр. пытанні: аб перадачы СССРг. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з прылеглымі раёнамі, а Польшчы — яе карэнных зямель на У ад рэк Одэр (Одра) і Нейсе (Ныса), б.ч. былой Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага г. Данцыг (Гданьск). Ням. насельніцтва з Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі высялялася ў Германію. Прынята рашэнне пра арышт і аддачу пад суд гал.ваен. злачынцаў (гл.Нюрнбергскі працэс). Сав. дэлегацыя пацвердзіла гатоўнасць СССР уступіць у вайну супраць Японіі. 26 ліп. ЗША, Вялікабрытанія і Кітай падпісалі Патсдамскую дэкларацыю 1945 аб асн.паліт. прынцыпах капітуляцыі Японіі. Вынікі П.к. мелі вял. значэнне для пасляваен. мірнага ўрэгулявання.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1979. Т. 10. С. 475-185;
Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971;
История дипломатии. 2 изд. М., 1975. Т. 4. С. 664—691.
І.А.Літвіноўскі.
Да арт.Патсдамская канферэнцыя 1945. І.В.Сталін, Г.Трумэн і У.Чэрчыль у перапынку паміж пасяджэннямі Патсдам. Ліпень 1945.