цэнтральны орган кроваўтварэння, размешчаны ў губчатым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біял. аховы арганізма і косцеўтварэння. У чалавека К. м. паяўляецца на 2-м месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на 3-м месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на 5-м — функцыянуе як асн. кроваўтваральны орган. Маса К. м. ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9% ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі. Адрозніваюць чырвоны К. м. (захоўваецца ўсё жыццё, яму належыць гал. роля ў кроваўтварэнні, у чалавека складае каля 1,5% масы цела) і жоўты К. м. (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене).
У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны К. м. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах трубчастых касцей ён замяняецца жоўтым К. м. Спелыя клеткі крыві з К. м. праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні кроваўтварэння. К. м. выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей. Даследаванне К. м. дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. З дапамогай клетак К. м., узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТу біялогіі,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін, займае бакавое становішча па восі парастка і выконвае функцыі фотасінтэзу, транспірацыі і газаабмену. Складаецца з ліставой пласцінкі і чаранка (калі яго няма, Л. наз. сядзячым). Зверху і знізу пакрыты эпідэрмай з кутыкулай, часам з разнастайнымі валаскамі. Пад эпідэрмай знаходзіцца некалькі слаёў зялёнай тканкі (хларэнхімы), дзе адбываюцца асн.фізіял. працэсы — фотасінтэз і дыханне раслін. Праводзячыя пучкі праходзяць па жылках Л.: па драўніне (ксілеме) ад каранёў паступае вада і раствораныя ў ёй пажыўныя рэчывы, па лубе (флаэме) у інш. органы адцякаюць прадукты фотасінтэзу. Памеры Л. пераважна 3—10 см, але бываюць да 20 м (некат. пальмы). Часам відазмяняюцца ў калючкі, вусікі, лускавінкі або рэдукуюцца. Адрозніваюць простыя (з адной пласцінкай) і складаныя (з некалькімі пласцінкамі, што размешчаны перыста ці пальчата на агульнай восі). Форма Л. — характэрная адзнака віду і адлюстроўвае прыстасаванасць да пэўных экалагічных умоў — вільготнасці, асвятлення і інш. Працяг жыцця — ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў (напр., у лаўра 3—4, у елкі Шрэнка да 30 гадоў). Лістапад бывае паступовым ці амаль адначасовым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАДА́ (Янка) (Іван Мікітавіч; 13.5.1879, в. Задзвея Баранавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 19.11.1943),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны ін-т (1903). У 1905—06 у арміі, знаходзіўся на Маньчжурскім фронце. У 1907—11 працаваў ветэрынарам у Мінскай губ., адначасова выкладаў у Мар’інагорскім с.-г. вучылішчы. Быў чл.Бел.сацыяліст. грамады, з 1914 публікаваўся на с.-г. тэмы ў час. «Саха». У 1-ю сусв. вайну на фронце, вайск. ветэрынар. З 1917 уключыўся ў бел.нац.-вызв. рух. Старшыня прэзідыума Усебеларускага з’езда 1917, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). У 1918 чл.ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1919—20 уваходзіў у Часовы Бел.нац.к-т, прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1921—25 навук. супрацоўнік, заг. б-кі Інбелкульта, выкладчык Мінскага бел.пед. тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Мінскага ветэрынарна-заатэхн. тэхнікума (1923—24). У 1925—29 дацэнт Бел.с.-г. акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 навук. супрацоўнік Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З пач. 1930 жыў у Мінску. Аўтар прац па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі. 4.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яраслаўль. 27.12.1941 паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА,
форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКША́НСКІ (Юльян) (1824, б. маёнтак Тупальшчына, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобласці — 4.4.1863),
удзельнік нац.-вызв. руху, публіцыст. У час вучобы ў Віленскай гімназіі ўстанавіў сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі. У 1842 за хаванне забароненай л-ры сасланы ў Разанскую губ. У 1846 вярнуўся на радзіму. Аўтар «Адозвы да смаргонскіх сялян» (1847), у якой заклікаў сялян выступіць супраць памешчыкаў. Арыштаваны і засуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў да 1858 у Нерчынску. Удзельнік паўстання 1863—64, на радзіме арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў. Загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі. У в. Плябань Маладзечанскага р-на на магіле помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),
род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах. Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.
Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЭ́ЙКА (Сяргей Адамавіч) (9.7.1912, в. Каласоўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл., паводле інш. звестак мяст. Усць-Дзвінск каля Рыгі — 14.9.1937),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1930). Працаваў літ. рэдактарам у Бел.НДІ прамысловасці, з 1932 у Камісіі па складанні слоўнікаў Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1933 арыштаваны і высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там у 1937 арыштаваны зноў і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Рамантычная паэма «Смарагды кроз» (апубл. 1990) — роздум пра шляхі развіцця роднага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРА́ЛА (Захар Якаўлевіч) (2.2.1906, в. Раўнаполле Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 14.9.1993),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1934). Настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 зняволены на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Горкаўскай вобл. на лесараспрацоўках. Вызвалены ў 1940, рэабілітаваны ў 1958. Удзельнік Айч. вайны. У 1945—73 выкладчык Мар’інагорскага с.-г. тэхнікума. Друкаваўся з 1925. У 1929 пад псеўд. Захар Бульбянік выдаў зб. «Смех і радасць вёскі» (гумарыст. вершы, частушкі). Аўтар зб-каў лірыкі, жартаў і гумарыстычных вершаў «Цвітуць кветкі», «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), «Ружы і крапіва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАНКІ́ ((Blanqui) Луі Агюст) (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),
французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл.Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).