галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.
Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл.Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл.Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш.Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн.драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі і Бел.тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.
Літ.:
Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;
Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІУ́Э (Niue),
уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд.ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс.чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб.выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс.га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр. пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст.вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́САКА,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Осака. 10 609 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1998). Другі (пасля Токіо) па велічыні і эканам. значэнні горад Японіі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Унутр. Японскім м. (больш за 40% экспарту краіны). Міжнар. аэрапорт Ітамі. Гандл.-фін. цэнтр; фондавая, рысавая, бавоўнавая біржы, банкі. Прам-сць: цяжкая, у т. л.вытв-сць сталі, пракату, вырабаў з каляровых металаў; дакладнае машынабудаванне, судна-, энерга-, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць радыётэхн. абсталявання; тэкст. (тонкія шарсцяныя і баваўняныя тканіны, трыкатаж), хім. (гумавыя, сінт., лакафарбавыя вырабы), харч. (рыбакансервавая, мукамольная, цукровая і інш.), фармацэўтычная, дрэваапр., паліграф., цэм., шкляная, керамічная. Метрапалітэн. Ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў і музыкі, горада, яп.маст. рамёстваў і інш. Планетарый. Шматлікія каналы, паркі Наканосіма і Тэнодзі і ландшафтны сад Кэйтаку-эн. Арх. помнікі: храм Сітэнодзі (6 ст., перабудаваны ў 1623), сінтаісцкі храм Тэмангу (10 ст., перабудаваны ў 1901), замак (1586, рэстаўрыраваны ў 1931) і інш.
У старажытнасці на месцы О. існавала паселішча Наніва. У 5—9 ст. у ім была часовая рэзідэнцыя яп. імператараў. З часам развілася ў партовы горад. У 1583—86 правіцель Японіі Хідэёсі Таётомі пабудаваў у О. крэпасць (разбурана ў міжусобнай вайне ў 1615, адбудавана ў 1620—30) і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй У 17—19 ст. буйны горад, важны гандл. цэнтр Японіі. З канца 19 ст. тут развіваецца тэкстыльная, з пач. 20 ст. — цяжкая прам-сць. У пач. 20 ст. О. — адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну часткова разбураны амер. авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАВЫ ВЕК,
перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял. значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр.Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр.Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр.Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).
На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл.Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз.вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал.вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр.паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э.тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусі — лужыцкай культуры.
Літ.:
Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд.вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах - Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА,
апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.
З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г. прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл.Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).
На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.
Літ.:
Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;
Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;
Беларусы: У 8 т. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Salix),
род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.
Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАРА́ (Ankara),
Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расіі. Утворана 27.9.1937. Пл. 24,7 тыс.км². Нас. 911,6 тыс.чал. (1994), гарадскога 62%. Цэнтр — г.Арол. Найб. гарады: Болхаў, Ліўны, Мцэнск.
Прырода. Вобласць размешчана ў цэнтр. частцы Усх.-Еўрапейскай раўніны, у межах Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (пераважныя выш. 220—250 м, найб. 278 м), парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда, буд. матэрыялы (вапнякі, гліны, пяскі, мергелі, мел), буры вугаль, фасфарыты. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -9 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 570—580 мм за год. Рэкі: Ака (з прытокамі Зуша, Неруч, Цон і інш.), на ПдУр. Сасна (з прытокамі Цім, Кшэнь), на ПдЗ — Наўля і Няруса (прытокі Дзясны). Пераважаюць вышчалачаныя чарназёмы, на ПнЗ шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Мяшаныя лясы (бяроза, дуб, асіна, клён, ясень, хвоя і елка) з хмызнякамі займаюць каля 8% плошчы. Стэп узараны, захаваліся невял. ўчасткі. Па далінах рэк заліўныя лугі.
Гаспадарка. Асноўныя галіны вытв-сці: машынабудаванне (тэхнал. абсталяванне для тэкст., гарбарна-абутковай, шкляной, харч. прам-сці, аўтагрэйдэры, аўтапагрузчыкі, цэнтрабежныя помпы, прылады, выліч. машыны, гадзіннікі, радыёдэталі і інш.), металургія (вытв-сць стальнога пракату), хім. (пластмасы, гумаватэхн. вырабы), мікрабіял., лёгкая (абутковая, швейная і трыкат.), харч. (цукровая, мясная, масла- і сыраробная, крухмала-патачная, спіртава-гарэлачная і інш.) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, шкло і інш.). Пасевы збожжавых: пшаніцы, жыта, аўса і ячменю. Вырошчваюць грэчку, цукр. буракі, каноплі, зернебабовыя і кармавыя культуры. Развіты бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля, мяса-сальнае свінаводства, мяса-воўнавая авечкагадоўля, птушкагадоўля. Племянная конегадоўля (арлоўскія рысакі). Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Курск, Бранск—Арол—Ліпецк, аўтадарогі Масква—Арол—Сімферопаль, Арол—Бранск—Смаленск; нафтаправод «Дружба».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.