АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНКСССР
(АДПУ),
орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВКСССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АРГЕНЦІ́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1982, Фалклендская вайна,
ваенныя дзеянні паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй у крас.—чэрв. 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы і в-аўПаўд. Георгія. Спасылаючыся на свае гіст. правы, Аргенціна 2—3 крас. высадзіла дэсант на Фалклендскія а-вы і Паўд. Георгію. Англ. гарнізон (каля 100 чал.) і губернатар а-воў былі высланы на радзіму. У адказ брыт. ўрад разарваў адносіны з Аргенцінай і адправіў да Фалклендаў ваен. эскадру (каля 40 баявых караблёў з 10 тыс. марскіх пехацінцаў). Міжнар. намаганні па мірным вырашэнні канфлікту пацярпелі няўдачу. У выніку баявых дзеянняў (канец крас. — май) патоплены аргенцінскі крэйсер «Хенераль Бельграна» і англ. эсмінец «Шэфілд». 21 мая пачаўся штурм Фалклендскіх а-воў. 15 чэрв. аргенцінскія войскі капітулявалі. Аргенціна страціла 1300 чал., Англія — 250 забітымі і 300 параненымі. Вялікабрытанія стварыла на а-вах ваен.-паветр. і ваен.-марскую базы з 7-тысячным гарнізонам. Паражэнне Аргенціны прывяло да звяржэння ўлады ваенных у краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс.сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер.войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
Да арт.Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.Крэмер. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,
антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах.ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс.чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп.войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Ліс». Вядомы з 1499. Напачатку праваслаўныя, з пач. 17 ст. католікі. У 19—20 ст. валодалі маёнткамі Калюжыца (Бярэзінскі р-н), Волма (Дзяржынскі р-н), Дзевялтова і інш.Найб. вядомыя:
Юхна, дваранін каралеўскі (1-я пал. 16 ст.); Пётр, падкаморы віленскі; Адам, староста краснасельскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1639); Уладзіслаў, войскі, суддзя земскі мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1684, 1688); Тэадор Антоній, стольнік і падстароста судовы мінскі, староста падусвяцкі, кашталян мінскі, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1682, 1686, 1691, 1701, 1709); Уладзіслаў Тадэвуш, мечнік мінскі, староста рушоўскі, сеймавы пасол, дэпутат Гал.літ. трыбунала (1711, 1717, 1722, 1726); Матэвуш, суддзя земскі мінскі (1778); Юзаф, пісар гродскі мінскі (1788), прадвадзіцель дваранства Мінскага пав. (1795—1800, 1802—08); Станіслаў, барысаўскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1797—1802); Антон, ігуменскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1805—08); Апалінарый, мінскі павятовы прадвадзіцель дваранства (1814—17); Валенцій Мельхіёравіч, гл.Ваньковіч В.М.; Ян Валенцьевіч, гл.Ваньковіч Я.В.; Мельхіёр, гл.Ваньковіч М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),
1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл.Рэйхсвер).
2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.Рэдэр, у 1943—45 К.Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн.чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).
Літ.:
Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв.танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл.Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав.войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл.Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял.Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв. — жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав.войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 км за суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц.войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав.войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».