ПЕРАКА́Т,
мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.
т. 12, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРВ,
сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.
т. 4, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ КАМІНТЭ́РНА.
Засн. ў 1940 на базе Віцебскага чыгуналіцейна-машынабудаўнічага завода. У час Вял. Айч. вайны эвакуіраваны ў г. Саратаў (Расійская Федэрацыя). Адноўлены ў 1946. Да 1986 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць цэхі: кавальска-нарыхтоўчы, ліцейны, мех. (2), зборачны, інструментальны, рамонтна-мех., энергацэх, зубарэзны ўчастак. Асн. прадукцыя (1996): універсальныя і спец. зубаапрацоўчыя паўаўтаматы і аўтаматы для аўтам. ліній, тавары шырокага ўжытку.
т. 4, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Барысаўскім р-не Мінскай вобл., за 2 км ад р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса «Новае жыццё». За 42 км ад Барысава, 130 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Навасады. 1627 ж., 737 двароў (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, урачэбны ўчастак, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Каля Аздзяцічаў — гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганныя могільнікі.
т. 1, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ ПУНКТ, у тэктоніцы,
участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл. Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВА-ЭКСПЛУАТАЦЫ́ЙНАЯ СЛУ́ЖБА (ЖЭС),
жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак (ЖЭУ), пярвічнае звяно жыллёвай гаспадаркі, якое ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду. ЖЭС уваходзяць у склад жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных аб’яднанняў (ЖРЭА) або вытв. аб’яднанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ВАЖКГ) раённых (гарадскіх) выканкомаў і ажыццяўляюць сваю дзейнасць на прынцыпах гасп. разліку. Эксплуатацыяй ведамаснага жыллёвага фонду займаюцца жыллёва-камунальныя канторы, якія таксама ўваходзяць у сістэму жыллёвай гаспадаркі.
А.Дз.Сідарэнка.
т. 6, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НА стратэгічная,
аператыўнае аб’яднанне вайск. атрадаў Сав. Расіі ў 1918. Уведзена Вышэйшым ваен. саветам у сак. 1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай паводле Брэсцкага міру 1918 (ад Фінскага зал. да Курска). Падзялялася на ўчасткі атрадаў. Атрады, што займалі лінію на тэр. Беларусі, уваходзілі ў Заходні ўчастак атрадаў заслоны. У канцы 1918 — пач. 1919 участкі атрадаў сталі базай для ўтварэння армій і франтоў.
т. 6, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЦІ́НА (франц. courtine),
1) асобны ўчастак лесу, парку, сквера; група дрэў, кустоў ці травяністых раслін у ландшафтным парку.
2) Група драўнінна-хмызняковых раслін аднаго віду ў мяшаным лесанасаджэнні ці група элітных дрэў, пакінутых пасля высечкі лесу ў якасці крыніц аднаўлення расліннасці; штучныя насаджэнні для замацавання грунту на горных схілах, каля крыніц, па берагах рэк і інш. 3) Частка крапаснога вала паміж двума бастыёнамі.
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІРЫ́НТ (ад грэч. labyrinthos) у садова-паркавым мастацтве, квадратны або круглы ў плане ўчастак парку з мудрагелістым размяшчэннем дарожак, аформленых шпалерамі ці баскетамі. Звычайна ў цэнтры меў пляцоўку з фантанам. Пашыраны ў рэгулярных парках Еўропы стыляў рэнесансу і барока. На Беларусі вядомы ў 17—18 ст. (паркі «Альба» пад г. Нясвіж, у гарадах Карэлічы і Крычаў, Бачэйкаўскі парк і інш.).
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКА-ВАРША́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА.
Пабудавана паводле царскага ўказа ад 15.2.1851 за кошт казны. Праектная працягласць 1280 км. Праходзіла праз Гатчыну, Лугу, Пскоў, Востраў, Дзвінск, Вільню, Гродна, Беласток. Уводзілася ў эксплуатацыю ўчасткамі. На 1-м участку Пецярбург—Гатчына (45 км) адкрыты рух восенню 1853. У пастаянную эксплуатацыю ўведзена 15.12.1862. На тэр. Беларусі ўключала ўчастак Парэчча—Гродна—Ласосна (каля 30 км).
Б.І.Жывіца.
т. 12, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)