тэктанічная ўпадзіна ў Зах. Азіі, у Ізраілі, Сірыі і Іарданіі. Даўж. з Пн на Пд каля 200 км, шыр. да 25 км. У межах Гхора — даліна р. Іардан, Тыверыядскае воз. і Мёртвае м., узровень якога на 395 м ніжэй узроўню акіяна (на яго беразе самае нізкае месца на сушы Зямлі). Упадзіна акаймавана стромкімі спадзістымі схіламі выш. 1000—1400 м. Клімат і расліннасць паўпустынныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),
міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭ́РА (ісп. caldera літар.вял. кацёл),
круглая ці авальная ўпадзіна на вяршыні вулкана са стромкімі, часта ступеньчатымі схіламі. У дыям. дасягае 10—20 км, глыб. да соцень метраў. Адрозніваюць К. абрушвання, якія ўтвараюцца пры асяданні вяршыні вулкана ў выніку выкідаў з яго матэрыялу пры вывяржэннях (напр., К. вулкана Маўна-Лоа на Гаваях), і выбухныя, якія ўзнікаюць пры магутных выбухах газаў у жарале вулкана (К. вулкана Кракатаў у Інданезіі).
плоская замкнёная ўпадзіна на У Казахстана. Даўж. больш за 700 км, выш. 342 (узровень воз. Балхаш) — 600 м над узр. м. Утварылася ў выніку прагіну, які запоўнены рачнымі пясчанымі адкладамі. Уключае на Звоз.Балхаш, на У азёры Сасыкколь і Алаколь, на Пд пясчаныя масівы Таўкум, Муюнкум і інш. Ападкаў 135—200 мм за год. Пануюць пустынныя і паўпустынныя ландшафты. Перавеяныя пяскі ўтвараюць грады (выш. да 30 м), паўзарослыя саксаулам, джузгунам, палыном, салянкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСА́РСКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная ўпадзіна ў сістэме Гісара-Алая, у Таджыкістане, паміж паўд. ускраінай Гісарскага хр. і паўн. ўскраінамі гор Бабатаг, Каратау і інш.Даўж. каля 115 км, шыр. да 20 км, выш. ад 700 да 1000 м. Арашаецца р. Кафірніган з прытокамі і водамі Вял. Гісарскага канала. Пасевы бавоўніку, кунжуту, пшаніцы. Садоўніцтва. На схілах гор да выш. 1200—2000 м субтрапічныя стэпы, хмызнякі і шыракалістыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У Гісарскай даліне — г. Душанбе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬДА (ням. Mulde літар. карыта) у геалогіі, чашападобная разнавіднасць сінклінальнай складкі або тэктанічная ўпадзіна ізаметрычнай ці авальнай формы. Памеры М. ад некалькіх дзесяткаў метраў да соцень кіламетраў. Вылучаюць: М. накладзеныя, што запоўнены адкладамі, якія залягаюць паката або гарызантальна рэзка нязгодна з дыслацыраванымі горнымі пародамі (часта змяшчаюць буравугальныя радовішчы); М. асядання — зніжэнне паверхні над падземнымі горнымі вырабаткамі або ў выніку распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў; М. ўціснутыя — прагінанне паверхні над ачагамі гразевых вулканаў; М. кампенсацыйныя — паніжэнні ў надсалявых адкладах вакол саляных купалаў у сувязі з адтокам пластычнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́Р, Данакіль,
тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім.т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (назва ад п-ва Лабрадор у Канадзе),
мінерал класа сілікатаў, падгрупы плагіяклазаў, алюмасілікат кальцыю і натрыю, (Ca, Na)[(Al, Si)AlSi2O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Зярністыя агрэгаты або правільныя пласціністыя крышталі, часта з падвоенымі зросткамі. Колер шэрых адценняў да чорнага, часам бясколерны. Характэрна ірызацыя ў ярка-блакітных, чырвона-карычневых, жоўтых, зялёных колерах. Бляск шкляны да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,7 г/см³. Паходжанне магматычнае. Пародаўтваральны мінерал, амаль поўнасцю складае лабрадарыт. На Беларусі трапляецца ў крышт. фундаменце ў складзе габра, дыябазаў, базальтаў валынскай серыі верхняга дакембрыю (Брэсцкая ўпадзіна). Выкарыстоўваецца як дэкар.-абліцовачны матэрыял, ірызуючыя «вочкі» — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,
тэктанічная міжгорная ўпадзіна на ПнЗ Венесуэлы і часткова (на ПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс.км². Акружана хрыбтамі Андаў, на Пн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °C — найвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў на Пд 1500 мм, на Пн 500 мм за год. Паўд.ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, на Пн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.