СЮІ́ТА (франц. suite літар. — рад, паслядоўнасць),
1) інструментальнымуз. твор шматчасткавай цыклічнай будовы, які складаецца з адносна самаст. кантрастных частак, аб’яднаных агульнай маст. задумай. Ад санаты і сімфоніі адрозніваецца больш простай муз. драматургіяй і структурай, адсутнасцю рэгламентацыі колькасці і паслядоўнасці частак, а таксама сувяззю з песняй і танцам.
2) Харэаграфічная кампазіцыя з некалькіх танцаў, самаст. твор або ў складзе балетнага спектакля.
Вытокі С. ў супастаўленні павольнага і хуткага танцаў, вядомых са старажытнасці. С. рознага віду існуюць з 16 ст., у т. л. пад назвай дывертысмент, партыта, серэнада. У 17—18 ст. складалася з асн. (алеманды, куранты, сарабанды, жыгі) і інш. танцаў, а таксама нетанц. частак (арыя, прэлюдыя і інш.). З 19 ст. ствараюцца арк. нетанц. С. (П.Чайкоўскі), а таксама праграмныя («Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава). Вядомы С., якія складаюцца з музыкі опер, балетаў, а таксама музыкі да тэатр. пастановак.
У бел. музыцы найб. шматлікія і разнастайныя С. для сімф. аркестра (М.Аладаў, А.Клумаў, Р.Пукст, Я.Цікоцкі), у т. л. праграмныя («Песні міру» У.Алоўнікава, «Піянерская сюіта» Г.Вагнера, «Забавы» В.Войціка, «Палеская сюіта» Я.Глебава, «Карнавальная сюіта» Я.Дзягцярыка», «Калядныя забавы» Р.Суруса, «Кірмашовыя замалёўкі» Л.Шлег і інш.); для аркестра бел.нар. інструментаў (В.Іваноў, Э.Зарыцкі, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, «Раёк» А.Мдывані, «Батлейка» В.Помазава, «Мінская сюіта» К.Цесакова і інш.); для асобных інструментаў з сімф. аркестрам (Мдывані, Падкавыраў і інш.) і камернага, стр. аркестра, рознага складу ансамбляў, эстр. аркестра. Значнае месца займаюць С. для хору, салістаў і аркестра (Вагнер, І.Кузняцоў, Мдывані, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, Сурус, Цесакоў, У.Чараднічэнка, Шлег і інш.), а таксама на аснове твораў інш. жанраў: балетаў (Вагнер, Глебаў, В.Залатароў, Кандрусевіч), аперэты (Сурус), музыкі да спектакляў драм. т-раў, кінафільмаў (Ю.Бяльзацкі, Глебаў, Дз.Лукас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЕРЦЮ́РА (франц. ouverture ад лац. apertura адкрыццё, пачатак),
1) інструментальны ўступ да муз.-тэатр. (опера, балет, аперэта), вак.-інстр. (араторыя, кантата), інстр. (сюіта) твораў, а таксама да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Увасабляе абагульненыя ідэйна-маст. сэнс, вобразы або характар твора. Звычайна грунтуецца на асн.муз. матэрыяле, часам самастойная.
Узнікла ў Італіі як уступ да оперы («Арфей» К.Мантэвердзі, 1607). Тэрмін «У.» вядомы з 2-й пал. 17 ст. У 17 ст. сфарміраваліся яе ўстойлівыя тыпы: італьян. (хуткая — павольная — хуткая ч.), франц. (павольная — хуткая — павольная ч.); у 18 ст. сцвердзілася ў санатнай форме. Узмацненне вобразна-тэматычных сувязей з операй, узбагачэнне муз. драматургіі і форм спрыялі далейшаму развіццю У. Сустракаюцца У. складанай 3-часткавай і варыяцыйнай формы імправізацыйнага тыпу: наз. уступ, інтрадукцыя, прэлюд і інш. (уступ да опер «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, «Барвовы золак» К.Цесакова). Характэрна таксама для балетаў, музыкі да спектакляў драм.т-ра, аперэт.
2) Самастойная арк. п’еса ў санатнай форме, звычайна праграмнага тыпу. Узнікла на аснове канцэпцыйных драматургічна завершаных оперных У. Як канцэртны твор сцвердзілася ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў («Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона).
Праграмныя У. блізкія да сімфанічнай паэмы, фантазіі, карціны («Рамэо і Джульета» П.Чайкоўскага, «Дума пра пагранічніка Лагоду» М.Аладава, «Эпітафія І.Ф.Стравінскаму» А.Мдывані і інш.). Узбагачэнню сімфанізму спрыялі У. на нар. тэмы («Камарынская», іспанскія уверцюры М.Глінкі), святочныя У. У бел. музыцы вядомы У. для арк.бел.нар. інструментаў (В.Войцік, Я.Глебаў, В.Іваноў, Мдывані, М.Чуркін і інш.), ансамбля нар. інструментаў (Р.Бутвілоўскі, Э.Зарыцкі, А.Чыркун, Л.Шлег, М.Шнейдэрман і інш.), духавога (Ю.Бяльзацкі, Я.Дзягцярык, Р.Сурус, Шнейдэрман) і эстр. (Глебаў, Бутвілоўскі, У.Прохараў, Сурус) аркестраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,
разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл.Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.Мяскоўскі, І.Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.
На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв.«Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.Аладаў, Ю.Бяльзацкі, Дз.Лукас, П.Падкавыраў, С.Палонскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.Абеліёвіч, У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, А.Гураў, У.Дамарацкі, Я.Дзягцярык, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, Э.Казачкоў, С.Картэс, А.Клеванец, І.Кузняцоў, І.Лучанок, А.Мдывані, У.Палуэктаў, У.Прохараў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, Р.Сурус, В.Сярых, К.Цесакоў, Л.Шлег і інш.
Літ.:
Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НЬ,
горад, сталіца Татарстана, у Расійскай Федэрацыі, на левым беразе р. Волга, каля ўпадзення р. Казанка. 1085 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак, рачны порт, аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды авіяц., маторабуд., ЭВМ, медыка-інструментальны, газавай апаратуры і інш.), хім. і нафтахім. (каўчук, кінафотаплёнка), лёгкая (футравая, гарбарная і інш.), харчовая; вытв-сць будматэрыялаў. 11 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1804), кансерваторыя.
Засн. ў 1177 волжскімі балгарамі. З канца 13 ст.пагран. крэпасць (наз. Булгараль-Джадзід ці Новы Булгар) на ПнЗБалгарыі Волжска-Камскай. У 13—14 ст. сталіца Казанскага княства. У 1399 зруйнавана войскам маск. князя Юрыя Дзмітрыевіча. З 15 ст.эканам. і ганда. цэнтр Сярэдняга Паволжа, сталіца Казанскага ханства. У 1552 заваявана войскам Івана IV Грознага і далучана да Расіі. З 1708 губ. горад. У 1714 узнікла першая мануфактура (суконная), у 1718 — адміралцейства (дзейнічала да 1827). У ліп. 1774 горад узяты штурмам атрадамі Е.І.Пугачова і спалены. У Вял.Айч. вайну ў горадзе размяшчаліся эвакуіраваныя з зах. раёнаў СССР прадпрыемствы, установы, людзі, у т. л. з Беларусі.
У цэнтры горада — крэмль са сценамі і вежамі (16 ст., рэканструяваны ў 17 і 19 ст.), Благавешчанскім саборам (1562, дойліды Поснік Якаўлеў, І.Шырай), дазорнай вежай Сююмбекі (канец 17—1-я пал. 18 ст., падмурак, магчыма, 16 ст.; выш. 58 м), губернатарскім палацам (сярэдзіна 19 ст., арх. К.А.Тон і В.Морган; цяпер будынак Вярх. Савета Татарстана). Сярод інш.арх. помнікаў: Петрапаўлаўскі сабор (1723—26 з 6-яруснай званіцай; цяпер планетарый), дом Міхляева (пач. 18 ст.), мячэць Марджані (1766; элементы рус. барока, матывы тат. арнаменту); у стылі класіцызму — Казанскі ун-т (гал. будынак 1825, арх. П.Г.Пятніцкі; б-ка, анатамічны т-р, абсерваторыя, 1830-я г., арх. М.П.Карынфскі). Пасля 1960-х г. створана пл. Свабоды з будынкам т-ра оперы і балета імя М.Джаліля; пабудаваны стадыён, рачны вакзал, цырк, канцэртная зала кансерваторыі, гасцініца «Татарстан», Музей выяўл. мастацтваў Татарстана і інш. На берагах рэк Казанка і Волга развіваецца адм. і грамадскі цэнтр горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́ТА (італьян. cantata ад лац. canto спяваю),
буйны вакальна-інструментальны шматчасткавы твор урачыстага ці лірыка-эпічнага характару, асобныя часткі якога аб’яднаны агульнай тэмай, сюжэтам. Звычайны склад выканаўцаў К. — спевакі-салісты, хор, аркестр. Выканальніцкім складам, структурай, адсутнасцю сцэн. дзеяння К. набліжаецца да араторыі, але адрозніваецца ад яе менш развітым сюжэтам, больш сціплымі памерамі.
Узнікла ў пач. 17 ст. ў Італіі, да 2-й пал. 18 ст. развівалася ў свецкай і духоўнай формах (І.С.Бах). Пазней зацвердзілася як канцэртны жанр (у творчасці П.Чайкоўскага, С.Танеева, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ю.Шапорына, Г.Свірыдава, К.Орфа і інш.).
У бел. музыцы жанр К. інтэнсіўна развіваўся ў разнастайных паводле формы і зместу рэчышчах. З 1920-х г. ва ўсёй гісторыі жанру прасочваецца традыцыя ўвасаблення грамадска значных тэм («Дзесяць год» М.Аладава, «Песня волі» і «Босыя на вогнішчы» Т.Шнітмана). Героіка-патрыят. вобразы знайшлі глыбокае ўвасабленне ў К. «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы» А.Багатырова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.Семянякі, «Памяці герояў» Р.Суруса. Гісторыя роднага краю, жыццё народа вызначылі вобразны змест К. «Па шляху барацьбы і перамог» Аладава, «За праўду ўстанем» Я.Глебава, «Палі стэпавыя» І.Кузняцова, «Курган» І.Лучанка, «А хто там ідзе?» Р.Пукста, «Забыты Богам край» С.Бельцюкова. К. для дзяцей стварылі У.Алоўнікаў, П.Падкавыраў, С.Картэс, Сурус, Л.Шлег, В.Войцік, Н.Усцінава і інш.Нац. рысы найб. яскрава выяўлены ў К., непасрэдна звязаных з нар. песеннасцю («Беларускія песні» Багатырова, «Казацкія песні» Войціка, «Вянок» Л.Захлеўнага, «Беларускі край» А.Мдывані, «Наш край» Ф.Пыталева, «Трава-мурава» Шлег, «Сваток» Суруса, «Лірычная кантата» Г.Гарэлавай, «Вясковыя святы» В.Кузняцова, «Песні Белай Русі» А.Хадоскі). Паглыбленым псіхалагізмам вобразнага ладу вылучаюцца К. «У год сусветнага пажару» і «Тысяча гадоў надзеі» Гарэлавай, «Начны матылёк» Бельцюкова, «Гукавыя прасторы» і «Euphonia» В.Кузняцова. Па жанравых прыкметах да К. набліжаюцца некат. творы, вызначаныя аўтарамі як паэма, балада і інш.
Літ.:
Хохловкина А.А. Советская оратория и кантата. М., 1955;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Белорусская музыка 1960—1980 г.Мн., 1997;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцтвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОНЕЧНАЯ РАДЫЯЦЫЯ.
Найважнейшай энергет. крыніцай фарміравання клімату з’яўляецца сонечная радыяцыя. Яна вызначае інтэнсіўнасць развіцця фіз.-геагр. працэсаў, што адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы. Колькасць радыяцыі вызначаецца становішчам Беларусі паміж 56° і 51°паўн. ш., залежыць ад вышыні сонца над гарызонтам у розныя сезоны года, працягласці дня і воблачнасці. Працягласць дня залежыць ад шыраты месца і па-рознаму змяняецца на працягу года. Зімой працягласць дня ў напрамку з Пд на Пн памяншаецца, а летам, наадварот, павялічваецца. У дні раўнадзенстваў (21 сакавіка і 23 верасня) вышыня сонца роўная 90° — 23,5°. Гадавыя велічыні сумарнай радыяцыі на тэр. Беларусі складаюць 3500 МДж/м² на Пн і 4100 МДж/м² на Пд (85—97 ккал/см²). У напрамку на Пд гэтая велічыня паступова павялічваецца. У ліпені — самым цёплым месяцы — сумарная радыяцыя прыкладна ў 9 разоў большая, чым у самым халодным месяцы — студзені. Летам пераважае прамая сонечная радыяцыя (складае 50—52% ад сумарнай), зімой — рассеяная радыяцыя (складае 70—80% ад сумарнай). Гадавыя сумы рассеянай радыяцыі змяняюцца ў межах ад 2100 МДж/м² на Пд да 1900 МДж/м² на Пн. Моцным фактарам, што ўплывае на паступленне сонечнай радыяцыі, з’яўляецца воблачнасць. Ад воблачнасці залежыць велічыня прамой радыяцыі. У пахмурнае надвор’е яе паступленне зусім прыпыняецца, аднак рассеяная радыяцыя пры гэтым павялічваецца. Так, у Мінску прамая радыяцыя складае 38% ад той колькасці, якая магчыма пры бязвоблачным небе. Воблачнасць абумоўлівае павелічэнне рассеянай радыяцыі і з’яўляецца істотным фактарам міжгадавых ваганняў сонечнай радыяцыі. За інструментальны перыяд назіранняў у асобныя гады мінім. сумы прамой, рассеянай і сумарнай радыяцыі ў Мінску складалі адпаведна 1175, 1824, 3000 МДж/м², а макс. — 2204, 2275 і 4174 МДж/м². Воблачнасць вызначае працягласць сонечнага ззяння. Сярэдняя гадавая працягласць сонечнага ззяння змяняецца ад 1750 гадзін на Пн да 1870 гадзін на Пд, што складае 40% ад магчымага пры адсутнасці воблакаў. У астатні час сонца закрыта воблакамі і да зямлі прыходзіць толькі рассеяная радыяцыя. Максімум працягласці сонечнага ззяння назіраецца ў чэрвені (265—290 гадзін), мінімум — у снежні (25—30 гадзін). На цёплае паўгоддзе прыпадае каля 80% гадавой працягласці сонечнага ззяння. Частка сумарнай радыяцыі, якая спажываецца зялёнымі раслінамі на фотасінтэз, і з’яўляецца фотасінтэтычнаактыўнай радыяцыяй (ФАР). Гадавая сума ФАР на Беларусі змяняецца ад 1900 МДж/м² на Пн да 2200 МДж/м² на Пд. Доля спажывання ФАР для фотасінтэзу невялікая. Звычайныя аграфітацэнозы засвойваюць усяго 1% яе, а найбольш прадуктыўныя — 4—5%. Радыяцыйны баланс на ўсёй тэр. краіны дадатны. У сярэднім за год ён складае 1500—1800 МДж/м², паступова нарастаючы з ПнУ на ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс.ж. (1998).
Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял.кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.В.Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-тКПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. З вер. 1939 у Брэсцкай вобл.БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.В.Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс.ж. (1995).
Паводле В.М.Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскае ваяв., уласнасць Я.Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт.Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл.Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс.ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял.Айч. вайну 2.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс.сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс.ж.
У Барысаве лясная і дрэваапр.прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр.прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч. галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш.Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ І МЕТАЛААПРАЦО́ЎКА,
комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт. прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн.шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн.шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).
На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр.з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял.Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн.вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап. сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.
Літ.:
Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.