ДРЭПАНАКЛА́ДУС (Drepanocladus),

род брыевых імхоў сям. амблістэгіевых. Вядома 40 відаў. Большасць з іх пашырана ў халодных і ўмераных зонах. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца балотныя — Д. глянцаваты (D. vemicosus) і Д. сагнуты (D. aduncus); у вадаёмах пашыраны Д. Зентнера (D. sendtneri), Д. бяскольцавы (D. exannulatus) і Д. плаваючы (D. fluitans); Д. кручкаваты (D. uncinatus) расце ў хвойных і мяшаных лясах. Торфаўтваральнікі.

Адна- і двухдомныя лістасцябловыя імхі. Дзярнінкі звычайна бліскучыя, буйныя, зялёныя, жаўтавата-зялёныя, карычневыя, чарнаватыя. Сцябло ляжачае да прамастойнага. Лісце цэльнакрайняе ці пілаватае. Каробачка са спорамі на прамой ножцы, цыліндрычная, сагнутая; вечка з дзюбай або бародаўкай.

Дрэпанакладус кручкаваты: а — расліна, б — ліст.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],

катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.

Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНУ́ЗІЯ (ад грэч. synusia сумеснае знаходжанне, згуртаванне),

прасторава і экалагічна адасобленая ч. расл. згуртавання (фітацэнозу), якая складаецца з відаў раслін адной або некалькіх экалагічна блізкіх жыццёвых форм. Паняцце «С.» ўвёў ням. геабатанік Х.​Гамс (1918), які з батанікамі швед. Э.​Дзю Рые і эст. Т.​Ліпмаа распрацавалі т.зв. метад С., згодна з якім С. — зыходны аб’ект вывучэння расліннасці. С. адрозніваюцца ў марфал., фларыстычных, экалагічных і фітацэнатычных адносінах. У лясах умеранага пояса трапляюцца дзесяткі С., у т. л. ярусныя (дрэвы, кусты, кусцікі), эпіфітныя (лішайнікі, імхі, водарасці на ствалах), эпіфальныя (паразітычныя грыбы на лісці), эпіксільныя (грыбы на адмерлай драўніне), унутрыглебавыя (мікраарганізмы) і інш.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́ПАГАС (Galápagos),

Чарапашыя астравы, архіпелаг Калон, група з 16 вял. і больш за 50 малых астравоў у Ціхім ак., паблізу ад экватара, на З ад Паўд. Амерыкі. Правінцыя Эквадора. Найб. а-вы: Ісабела, Фернандзіна, Сан-Сальвадор, Санта-Крус і Сан-Крыстобаль. Пл. 7,8 км². Нас. 6,1 тыс. чал. (1992). Галапагас — астравы вулканічнага паходжання з патухлымі і дзеючымі вулканамі. Выш. да 1707 м. Клімат экватарыяльны, пасатны, сухі. Абмываюцца астравы халодным Перуанскім цячэннем; сярэднегадавая т-ра 23 °C. Да выш. 220 м саванны з калючымі хмызнякамі, участкі пустынь, вышэй — вільготныя імхі, лішайнікі, папараці. У фауне шмат рэліктаў і эндэмікаў: гіганцкія чарапахі, яшчаркі ігуаны, фрэгаты, фламінга, пеліканы і інш. Нац. парк. Галапагас.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],

раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.

Т.​М.​Міхеева.

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́СКІЯ ТРЫ ВЯЛІ́КІЯ КАМЯНІ́,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997), каля в. Пліса Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Першы валун (на ПнУ ад вёскі) шэрага гнейсу даўж. 3,8 м, шыр. 1,7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 8,9 м, аб’ём 8,4 м³, маса каля 23 т. Другі валун (на ПдЗ) шаравата-ружовага граніту рапаківі даўж. 3,4 м, шыр. 2,2 м, выш. 2 м, у абводзе 8,8 м, аб’ём 13,6 м³, маса каля 35 т. Трэці валун (на З) рудавата-шэрага граніту даўж. 3 м, шыр. 2,5 м, выш. 1,9 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 14,3 м³, Maca каля 35 т. На яго паверхні растуць імхі і лішайнікі 9 відаў, з іх 7 рэдкія. Валуны прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з ПдУ Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,

прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАХВО́СТКІ, калембалы (Collembola),

атрад (клас) першаснабяскрылых насякомых. Вядомы з дэвону (каля 400 млн. г. назад). 2 падатр., каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай (імхі тундры і тайгі, стэпы, лугі) і трапічнай зонах. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі сям. аніхіўрыд, бязвусікавых, гіпагаструрыд, ізатамід, смінтур, энтамабрыід. Найб. пашыраны Н. вадзяная (Podura aquatica), ізатома зялёная (Isotoma viridis) і інш. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, на водных раслінах, паверхневай плеўцы стаячых вод, у гнёздах птушак і інш. Глебаўтваральнікі.

Даўж. да 2, зрэдку да 10 мм. Разнастайныя па форме і афарбоўцы цела. Вочы з 1—8 фасетак, у некат. (глебавыя формы) адсутнічаюць. Вусікі 4—6-членікавыя. Брушка сегментаванае (да 6 сегментаў), заканчваецца скакальнай вілкай. Ротавыя органы грызучыя, колюча-сысучыя. Сапрафагі, фітафагі, драпежнікі. Некат. віды жыццяздольныя пры нізкай т-ры, могуць трапляцца на снезе ў вял. колькасці, што надае яго паверхні афарбоўку.

С.​Л.​Максімава.

Нагахвосткі: 1 — ізатома зялёная; 2 — вадзяная.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр. сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50° паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.

Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.

Да арт. Канадская біягеаграфічная вобласць (характэрныя прадстаўнікі фауны): 1 — дрэўніца хваёвая; 2 — краншнэп эскімоскі; 3 — юнко буры; 4 — ціран; 5 — казарка канадская; 6 — янот-паласкун; 7 — дзікабраз паўночнаамерыканскі (паркупін); 8 — кадзьяк; 9 — каза снежная.

т. 7, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)