ЖУКО́ВІЧ Васіль Аляксеевіч (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.​Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.​Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.​Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.​Міцкевіча, А.​Фета, С.​Ясеніна. Т.​Шаўчэнкі, Л.​Украінкі, І.​Франко, П.​Грабоўскага, У.​Сасюры, Л.​Кастэнкі, І.​Няходы, Т.​Каламіец, П.​Маха, Э.​Межэлайціса, П.​Мацева і інш.

І.​У.​Саламевіч.

В.А.Жуковіч.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМЕ́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог жывёлагадоўлі і пастухоў, гандлю і прыбытку, вястун алімпійскіх багоў, апякун юнацтва і атлетаў, праваднік душ мёртвых у царства Аіда, пасрэднік паміж жыццём і смерцю, багамі і людзьмі, сын Зеўса і Маі. Атрыбуты Гермеса — залатыя крылатыя сандалі і жазло, яго сімвал — гермы, якія ставілі на дарогах з Афін. Гермес хітры і спрытны, заўсёды знаходзіць выхад з цяжкага становішча, учыніў мноства подзвігаў. Міф пра Гермеса — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (насценныя дэкарацыі ў доме Лівія, скульптуры Праксіцеля, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, Я.​Тынтарэта, П.​П.​Рубенса). У рым. міфалогіі Гермесу адпавядае Меркурый.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЦІН Леанід Мацвеевіч (н. 16.6.1948, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). Выкладчык мінскіх дзіцячых муз. школ № 5 (з 1977), № 6 (з 1984). Працуе ў сімф., вак.-сімф., камерна-вак. і камерна-інстр. жанрах, піша музыку для дзяцей. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1973, 1982), сімф. паэма (1978), кантаты «Памяць» на словы Р.​Тармолы і Л.​Дайнекі (1973) і «Песні юнацтва» на словы Э.​Агняцвет (1975), саната для фп. (1977), паэма «Галасы адыходзячых» для духавога аркестра (1994), вак. цыкл «Песні беларускага Палесся» на нар. тэксты для барытона і нар. аркестра.

Р.​М.​Аладава.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВАЯ́Н Размік Нікагосавіч (н. 3.7.1940, в. Мец Парні Спітакскага р-на, Арменія),

армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1964). Друкуецца з 1964. З 1994 старшыня СП Арменіі. Аўтар кніг вершаў і паэм «Мой свет» (1963), «Праз цені» (1967), «Рэквіем» (1969), «Соты» (1973), «Гарачыя пліты» (1978), «Медная ружа» (1983), «Выбранае» (1987), «Эпас юнацтва», «Каменная падушка» (абедзве 1989) і інш., у якіх шматграннае адлюстраванне духоўнага свету суайчыннікаў, асэнсаванне іх праблем і пошукаў, беражлівыя адносіны да традыцый класічнай арм. л-ры, багацце новых паэт. формаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1985. На бел. мову асобныя творы Даваяна пераклаў Р.​Барадулін.

С.​Арзуманян.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́САЎ Сяргей Рыгоравіч (парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАВА Ірына Анатолеўна (н. 17.12.1940, Мінск),

бел. мастак. Дачка А.В.Волкава, унучка В.В.Волкава. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1993). Работы ў каляровай літаграфіі «Рамонкі», «Півоні», «Восень» (1989), станковыя лісты «Наша Радзіма» (1991); афорты «Юнацтва Палесся» (1981), трыпціх «Ратамка» (1990); акварэлі «Дзіцячыя цацкі», «Кветкі на падаконніку» (1969), «Беларускі лён і руская гжэль» (1975), «Цюльпаны» (1980) і інш. Аформіла дыяфільмы «Каток — залаты лабок», «Заяц-хвалько», «Мілавіца», «Ад А да Я», «Дундзік у гасцях у беларускіх сяброў» і інш.

І.Волкава. Беларускі лён і руская гжэль. 1975.

т. 4, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК Іван Іванавіч (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),

бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял. Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пракоф’ева, А.​Суркова, Л.​Украінкі, М.​Нагнібеды, Т.​Масэнкі, Я.​Райніса, М.​Ханінава, З.​Нуры, П.​Нэруды, І.​Давыдкава і інш.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ Святлана Міхайлаўна (н. 26.8.1935, Мінск),

бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.​Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.

Тв.:

Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;

Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЕ́ЎСКАЯ Ніна Васілеўна (н. 4.12.1938, г. Любань Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1963), Мінскую вышэйшую парт. школу пры ЦК КПБ (1980). Працавала ў час. «Промышленность Белоруссии» (1970—78), у выд-ве «Юнацтва» (1980—84), у 1985—92 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1955. Асн. тэмы творчасці — жыццё сучаснага горада і вёскі, вайна і мір, праблемы абавязку, маралі, адказнасці, грамадз. свядомасці сучасніка. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Агата» (1970), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989), «Арніка» (1993), кнігі для дзяцей «Ляці, верабейка» (1969).

Тв.:

Надзеевіч. Мн., 1983;

Трывожна шумяць ясакары. Мн., 1993.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Вячаслаў Мікалаевіч (н. 4.4.1929, г. Іванава, Расія),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1953). Да 1989 працаваў уласным карэспандэнтам газ. «Пионерская правда» па Беларусі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове для дзяцей і юнацтва. Аўтар дакумент. аповесцей «У разведку ішоў хлапчук» (1959), «Хто запаліў касцёр» (1962), «Валодзеў фронт» (1975), «Бачу бераг» (1980), сцэнарыяў дакумент. кінафільмаў «Пакараны ў 41-ым» (1967), «На краі свету на сваім караблі» (1970), «Карабель прыняў імя» (1977, усе «Беларусьфільм») і інш.

Тв.:

Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з І.​В.​Марозавым).

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)