КУ́РЭССААРЭ (Kuressaare),

горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс. ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.

Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́АРА (Хары Альбертавіч) (2.3.1900, Эхаверэ Тартускага пав., Эстонія — 2.5.1968),

эстонскі археолаг і гісторык. Акад. АН Эст. ССР (1957). У 1930—42, 1944—50 праф. Тартускага ун-та, з 1947 заг. сектара археалогіі і этнаграфіі Ін-та гісторыі АН Эст. ССР. Асн. працы М. прысвечаны жал. веку Прыбалтыкі, этнагенезу яе насельніцтва, гарадзішчам Эстоніі, узнікненню класавага грамадства ў Прыбалтыцы, яе гіст.-культ. абласцям і раёнам.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НСА ((Panso) Вальдэмар) (30.11.1920, Талін — 27.12.1977),

эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Эстоніі (1968). Нар. арт. СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.​Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.​Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.​Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.​Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.​Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.​Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.​Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.​Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;

Удивительный человек. М., 1972.

Р.​І.​Баравік.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РБАЛА,

гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.

У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «СПАРТА́К».

Засн. ў 1924 як кандытарскае прадпрыемства «Прасвет» па выпуску карамелі, цукерак, ірысу, мармеладу, з 1925 і халвы. У 1930—31 на яго аснове пабудаваны кандытарскі камбінат «Спартак». У Вял. Айч. вайну разбураны. У крас. 1944 аднавіў дзейнасць. У 1970—72 рэканструяваны. З 1993 сучасная назва. Асн. цэхі: карамельны, цукерачна-шакаладны, вафельны, бісквітны, патачны. У 1996 выпушчана 17 313 т кандытарскіх вырабаў. Супрацоўнічае з фірмамі Ізраіля, Ірландыі, Эстоніі, Украіны.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́ЕЎ (Арсен Аляксеевіч) (10.12.1910, в. Блеўчыцы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.4.1989),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў ваен. школу ў Пухавічах (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Ленінградскім, 1-м Прыбалт., 2-м і 1-м Бел. франтах, удзельнік прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Пскоўскай вобл., баёў у Эстоніі, Латвіі, Усх. Прусіі. Камандзір гаўбічнай батарэі ст. лейтэнант Н. вызначыўся ў 1945 у баях за Берлін. Да 1971 на сав., парт. і гасп. рабоце.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́БЕ ((Vabbe) Адольф) (Адо) Георгіевіч (19 3.1892, г. Тапа, Эстонія — 20.4.1961),

эстонскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Эстоніі (1946). Вучыўся ў студыі А.​Ажбе (Мюнхен, 1911—13). Выкладаў у Вышэйшым маст. вучылішчы імя К.​Мягі (1940—41), маст. ін-це (1944—50) у Тарту, праф. (1938). У творчасці прыкметны ўплыў імпрэсіянізму і футурызму: «У кавярні» (1918), «Рачны порт» (1938) і інш. Працаваў у галіне кніжнай графікі: «Чалавек і сфінкс» І.​Барбаруса (1919), «Песня песняў» Саламона (1932) і інш.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НАНАЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (23.1.1906, г.п. Бобр Крупскага р-на Мінскай вобл. — 10.5.1972),

Герой Сав.

Саюза (1945). Скончыў ленінградскія хіміка-тэхнал. ін-т (1937), Вышэйшую афіцэрскую бранятанк. школу (1951). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім, 1-м Бел. франтах. Удзельнік абароны Ленінграда, баёў у Эстоніі, Польшчы, Германіі. Камандзір танк. батальёна К. вызначыўся ў студз. 1944 у Ленінградскай вобл. і пры вызваленні г. Скернявіцы (Польшча). Да 1959 у Сав. Арміі.

М.​Дз.Конанаў.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́РНУ (Pärnu),

горад у Эстоніі, на р. Пярну, пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў. Вядомы з 13 ст., у рус. летапісах — Пернава. Да 1917 афіц. назва Пернаў. 54,2 тыс. ж. (2000). Марскі порт і рачная прыстань. Чыг. станцыя. Прам-сць: рыбная, дрэваапр., харч., лёгкая. Маш.-буд. з-д і інш. Драм. тэатр. Музеі: краязн., мемарыяльны паэтэсы Л.​Койдула. Прыморскі кліматычны і гразевы курорт. Турбаза. Арх. помнікі: Чырвоная вежа (14 ст.), Талінскія вароты (17 ст.), ратуша (19 ст.).

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)