балота ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Сэрвач і Вузлянка. Нізіннага (45%), вярховага (40%) і пераходнага (15%) тыпаў. Пл. 13,9 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 9,2 тыс.га. Глыб. торфу да 7,3 м, сярэдняя 2,6 м. У балоце запасы бітумінознага і падсцілачнага торфу, мергелю (магутнасць да 4 м). На асушаных землях вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры, на неасушаных расце лес з хвоі, елкі, бярозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ЎНІК (Nasturtium),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТАЦЬ (Caltha),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі — Л. балотная (C. palustris, нар. назвы лота, латацень, жоўты кураслеп, мядзведжая лапка). Трапляецца на забалочаных лугах, у алешніках, вадзе.
Шматгадовыя травы з тоўстым, уверсе галінастым сцяблом. Лісце цэласнае, сэрца або ныркападобнае. Кветкі жоўтыя ці белыя з простым калякветнікам. Плод — шматлістоўка. Некат. віды ядавітыя. Лек., фітанцыдныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙНІК (Maianthenum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — М. двухлісты (M. bifolium). Трапляецца на сухой пясчанай глебе ў хваёвых і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см з тонкім паўзучым карэнішчам. Сэрцападобнае лісце (2—3) у верхняй ч. сцябла, чаргаванае, збліжанае. Кветкі дробныя, белыя, духмяныя, у верхавінкавай гронцы. Плод — чырв. ягада, ядомая. Лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІЯ (Molinia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНУ́ШКІ (Chrysosplenium),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 55 відаў. Пашыраны ў нетрапічных абласцях Паўн. паўшар’я і ва ўмераным поясе Паўд. Амерыкі. На Беларусі М. звычайныя (Ch. alternifolium, нар. назвы грыжавая трава, пухлінавая трава, залацянка, сабачая мята) трапляюцца ў вільготных і забалочаных месцах, па берагах рэк.
Шматгадовыя травы. Лісце чаргаванае ці супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі дробныя, зеленаватыя або жаўтаватыя ў шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),
расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш.Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́ТКІ, календула (Calendula),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Цэнтр. Еўропе. На Беларусі культывуюць Н. лекавыя (C. officinalis) і палявыя (C. arvensis).
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя. Лісце простае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі жоўтыя або аранжавыя ў кошыках на доўгіх адзіночных кветаносах. З Н. лекавых атрымліваюць няшкодны харч. фарбавальнік жоўтага колеру для сыроў і тлушчу. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Е́ЛЬНІК (Monotropa),
род кветкавых раслін сям. вертляніцавых. 1 від — П. звычайны (M. hipopitys). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі — па ўсёй тэрыторыі. Трапляецца ў хваёвых, радзей у яловых лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гнёздападобным, моцна разгалінаваным карэнішчам з мікарызай. Сцёблы выш. да 30 см, сакаўныя, белаватыя або жоўта-карычневыя. Лісце лускападобнае, чаргаванае. Кветкі ў паніклай гронцы, правільныя, белыя ці жаўтаватыя. Плод — каробачка. Меданосныя расліны.