РЭНЕГА́Т (позналац. renegatus ад лац. renego адракаюся),
чалавек, які здрадзіў сваім перакананням і перайшоў у лагер праціўніка; таксама адступнік, які адрокся ад сваёй веры.
т. 14, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТРАГРА́Д (ад лац. retrogradus які ідзе назад),
праціўнік сацыяльнага і культурнага прагрэсу, чалавек з адсталымі поглядамі, якога наз. таксама рэакцыянерам (напр., доказ рэтраграда, рэтраградскі погляд).
т. 14, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛІПУ́Т, карлік,
чалавек вельмі маленькага росту. Тэрмін запазычаны з рамана Дж.Свіфта «Падарожжа Гулівера» (1726), у якім апісана фантастычная краіна, населеная маленькімі людзьмі. Гл. Карлікавы рост.
т. 9, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВІ́З (франц. servise ад servir накрываць стол),
поўны набор сталовага ці чайнага посуду з агульным маст. афармленнем. Звычайна разлічаны на пэўную колькасць чалавек (напр., чайны С.).
т. 14, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАКА́Л (цюрк. літар. белая барада),
у цюркскіх народаў пры першабытнаабшчынным ладзе галава роду, старэйшына; з развіццём феадалізму — прадстаўнік патрыярхальна-феад. знаці. Пазней аксакал — выбарны стараста, паважаны чалавек.
т. 1, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),
адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб. стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл. Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).
Л.І.Цягака.
т. 1, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НСА ((Panso) Вальдэмар) (30.11.1920, Талін — 27.12.1977),
эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Эстоніі (1968). Нар. арт. СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
Тв.:
Рус. пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;
Удивительный человек. М., 1972.
Р.І.Баравік.
т. 12, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́Ц (італьян. pagliaccio ад paglia салома),
1) камічны персанаж старадаўняга нар. італьян. тэатра.
2) Клоун у цырку, балагане.
3) У пераносным сэнсе — чалавек, які крыўляецца, вядзе сябе, як клоун.
т. 12, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАДЗІШЧА́НСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1895—1905 у в. Калодзішчы (цяпер пас. Калодзішчы ў Мінскім р-не). Вырабляла розныя лесаматэрыялы. На фабрыцы дзейнічаў паравы рухавік. У 1900 працавала 30 чалавек.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУ́ДА ІСКАРЫЁТ (ад стараж.-яўр. Іш Карыёт — чалавек з Карыёта),
у Новым запавеце адзін з 12 вучняў (апосталаў) Ісуса Хрыста, які прадаў свайго настаўніка за 30 сярэбранікаў. У пераносным сэнсе — здраднік.
т. 7, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)