МЕНГЛІ́-ГІРЭ́Й, Менглы-Герай (?—1515),
крымскі хан [1468—1515]. З дынастыі Гірэяў, сын Хаджы-Гірэя, заснавальніка Крымскага ханства. Пры М.-Г. адбылося канчатковае аддзяленне ханства ад Залатой Арды. З 1473 у саюзе з Маскоўскай дзяржавай супраць ВКЛ і Польшчы, ажыццявіў шэраг набегаў на іх тэрыторыю (гл. Клецкая бітва 1506). У 1475 прызнаў васальную залежнасць ад Турцыі. Вёў войны з Залатой Ардой, у 1502 нанёс ёй канчатковае паражэнне. Рэарганізаваў дзярж. апарат, у 1502—03 перанёс сталіцу ханства з Салхата (Стары Крым) у Бахчысарай. З 1512 саюзнік ВКЛ і Польшчы.
т. 10, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУРСА́НА (1722—57),
адзін з уладарных князёў Айрацкага ханства, дзеяч антыманьчжурскага вызв. руху ў Манголіі ў 1750-я г. Пасля няўдалай спробы захапіць ханскі прастол у 1754 уцёк у Пекін. Маньчжурскія войскі пад выглядам дапамогі Амурсана ў 1755 акупіравалі і ліквідавалі ханства. Падмануты Амурсана ў 1755 далучыўся да стыхійнага антыманьчжурскага руху і стаў яго правадыром. Пацярпеўшы паражэнне, у 1757 уцёк у Расію.
т. 1, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сібірскі юрт, гл. Сібірскае ханства
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗІ́Р-ШАХ (Мухамед Афшар) (22.10.1688, Дэрэгёз, Іран — 20.6.1747),
шах Ірана [1736—47]. Паходзіў з цюркскага племя афшар. З 1726 на службе сефевідскага шаха Тахмаспа II, узначальваў паспяховую барацьбу супраць афганцаў і туркаў. У 1732 скінуў Тахмаспа II, у 1736 абвясціў шахам сябе. У выніку серыі захопніцкіх войнаў стварыў вял. імперыю, у склад якой ўвайшлі Закаўказзе, Афганістан, Хівінскае ханства і Бухарскае ханства. У 1739 захапіў і разрабаваў г. Дэлі — сталіцу Магольскай імперыі. Загінуў у выніку змовы ханаў, незадаволеных яго палітыкай.
т. 11, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЭ́І, Гіраі,
дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.
І.Б.Канапацкі.
т. 5, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,
народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.П.Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.—лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.
т. 7, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ ПО́ЛЕ,
гістарычная назва тэр. паміж Донам, верхняй Акой і левымі прытокамі Дзясны і Дняпра. Аддзяляла Рус. дзяржаву ад Крымскага ханства. Асвоена ў 16—17 ст. рус. сялянамі, якія ўцякалі ад феад. эксплуатацыі і дзярж. павіннасцей.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНІ́С ХАРЭЗМІ́, Шыр-Мухамед Авазбій-аглы (1778, Харэзм, Узбекістан — 1829),
узбекскі паэт і гісторык. Прыдворны хівінскага хана Ільтузара, па даручэнні якога напісаў гісторыю Хівінскага ханства — «Райскі сад шчасця». У ёй вял. фактычны матэрыял пра гісторыю, побыт і звычаі ўзбекаў. Аўтар мноства невял. вершаў любоўнага складу — газелей.
т. 11, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙМА́К,
1) у манг. і цюрк. народаў першапачаткова вялікая ці малая група роднасных сем’яў, якія вялі сваё паходжанне ад аднаго продка і качавалі на адной тэрыторыі; пазней (у манголаў) буйны феад. ўдзел, ханства.
2) Адм.-тэр. адзінка (раён) у Бураціі і на Алтаі.
3) Асн. адм.-тэр. адзінка Манголіі.
т. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХМЕ́Д II, Мехмет II (Mehmet) Фатых (Заваёўнік)
[30.3.1432, г. Эдырне, Турцыя — 3.4 (альбо 3.5). 1481],
турэцкі султан [1444; 1451—81]. Ажыццяўляў шырокую заваёўніцкую палітыку. 28.5.1453 захапіў Канстанцінопаль (з гэтага часу наз. Стамбул), спыніўшы існаванне Візант. імперыі. Заваяваў Сербію (1459), Марэю (1460), Трапезундскую імперыю (1461), Боснію (1463), в-аў Эўбея (1471), Албанію (1479), падпарадкаваў Крымскае ханства (1475). Пры ім складзены першы збор законаў Асманскай імперыі. Падтрымліваў развіццё гарадоў, будаўніцтва і мастацтва.
т. 10, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)