ДЭПАРТА́МЕНТ (франц. département),
1) асноўная адм.-тэр. адзінка ў Францыі і шэрагу інш. краін.
2) У Рас. імперыі і ў некат. замежных краінах Д. — аддзел вышэйшай адм. або суд. установы; адм. падраздзяленне ў апараце некат. міжнар. арг-цый (напр., ААН).
3) У некаторых дзяржавах, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, — назва ведамства, мін-ва; дзяржаўны Д. — мін-ва замежных спраў ЗША’.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́НС (франц. avance),
грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗУБАЎРАЧЭ́БНАЯ ШКО́ЛА,
прыватная навуч. ўстанова. Існавала ў 1907—16. Мела 1-ы разрад і падпарадкоўвалася МУС. Прымаліся асобы з 17 гадоў пасля заканчэння 6 класаў сярэдняй агульнаадук. навуч. установы. Тэрмін навучання 2,5 года. Вучэбны курс падзяляўся на тэарэт. частку і практычныя заняткі. Вывучаліся: хімія, фізіка, анатомія, фізіялогія, гісталогія, агульная паталогія, хірургія, дыягностыка і тэрапія, пламбіраванне і гігіена зубоў, пратэзная тэхніка.
Н.Я.Новік.
т. 10, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Аляксей Андрэевіч) (4.10.1769—3.5.1834),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Генерал (1807), граф, давераная асоба пры дварах Паўла I і Аляксандра I. З 1808 ваен. міністр, з 1810 старшыня ваен. дэпартамента Дзярж. савета. Ролю вышэйшай дзярж. установы набыла ўласная яго імператарскай вялікасці канцылярыя, якой у 1812—25 кіраваў Аракчэеў. З 1815 меў вызначальны ўплыў на Аляксандра I. Праводзіў рэакц. палітыку паліцэйскага дэспатызму і грубай ваен. сілы (гл. Аракчэеўшчына).
т. 1, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Антон Якаўлевіч) (18.3. 1821, г. Слуцк Мінскай вобл. — 25.4. 1898),
расійскі ўрач; адзін з заснавальнікаў аперацыйнага акушэрства і гінекалогіі ў Расіі. Праф. (1858). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1848). Працаваў у ёй (у 1858—76 заг. кафедры). З 1871 дырэктар Пецярбургскай радзільнай установы. Навук. працы па хірургіі, анатама-гісталагічных і фізіял. даследаваннях жаночых палавых органаў. Выканаў першую ў Расіі аперацыю па выдаленні яечніка. Заснавальнік час. «Журнал акушерства и женских болезней».
т. 8, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАДНА́Я ДАПАМО́ГА,
грашовая сума, якая выплачваецца наймальнікам работніку пры спыненні з ім прац. дагавору. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь выхадная дапамога ў памеры тыднёвага заработку выплачваецца ў сувязі з прызывам або паступленнем работнікаў на ваен. службу, пры аднаўленні работніка на рабоце і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Пры спыненні прац. дагавору ў сувязі з ліквідацыяй прадпрыемства, установы, арг-цыі, спыненнем дзейнасці прадпрымальніка, скарачэннем штату выплачваецца выхадная дапамога ў памеры, не меншым за трохкратны сярэднямесячны заработак.
т. 4, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАШТА́ТНЫ РАБО́ТНІК,
асоба, якая выконвае для прадпрыемства, установы ці арг-цыі разавыя работы вызначанага віду (напр., кансультацыі ўрача ў мед. установах, работы па экспертызе, рамонце інвентару ці памяшканняў і да т.п.). Прац. адносіны з П.р. афармляюцца пісьмовым пагадненнем, дагаворам, нарадам-заказам і інш. дакументамі. Аплата працы П.р. робіцца па нормах і расцэнках, якія існуюць для аналагічных работнікаў штатнага (спісачнага) складу. На большасць П.р. пашыраюцца і інш. нормы прац. заканадаўства і сац. страхавання.
т. 11, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),
воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.
т. 6, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАНАЧА́ЛЛЕ,
1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.
2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.
т. 1, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,
від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)