асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАТРО́ПНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, уласцівасці якіх (мех., фіз. і інш.) неаднолькавыя па розных напрамках унутры гэтых матэрыялаў (гл.Анізатрапія). Да анізатропных матэрыялаў адносяцца монакрышталі, валакністыя і плёначныя матэрыялы, жалезабетон, пластмасы са слаістымі напаўняльнікамі (гетынакс, тэксталіты, шкло- і вугляпластыкі і інш.), кампазіцыйныя матэрыялы. Выкарыстанне анізатропных матэрыялаў скарачае расход матэрыялаў і паляпшае якасць канструкцый. Напр., трансфарматары са стрыжнямі з анізатропнай тэкстураванай сталі прыкладна на 20—40% лягчэйшыя за трансфарматары са стрыжнямі з гарачакачанай звычайнай сталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЖНІЦА,
тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 16—17 ст. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на 2 ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку гал. фасада асвятляліся вокнамі — 3 высокімі прамавугольнымі і 1 круглым. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС НЕРВО́ВЫ,
хваля ўзбуджэння, якая распаўсюджваецца па нервовым валакне. У аснове І.н. ляжаць электрахім. рэакцыі. Узнікае пры раздражненні рэцэптараў, нерв. валакна ці цела нерв. клеткі (нейрона).
Забяспечвае перадачу інфармацыі ад перыферычных чуллівых нерв. канчаткаў да нерв. цэнтраў унутрыц. н. с. і ад яе да выканаўчых органаў — шкілетнай мускулатуры, гладкіх мышцаў унутр. органаў, сасудаў, залоз знешняй і ўнутр. сакрэцыі. Распаўсюджваецца са скорасцю ад 0,5 да 120 м/сек. Галоўнае праяўленне І.н. патэнцыял дзеяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КАН (франц. cocon),
ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫ́ЎДА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 50 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жавускія, Лапы, Манюшкі, Сяніцкія, Сухадольскія, Хмары, Чарноцкія. У блакітным полі выява сярэбранай падковы, унутры якой залаты крыж, на падкове — другі крыж без аднаго канца. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба з сярэбранымі крыжамі, з 5 страусавымі пёрамі ў клейнодзе і інш. З’явіўся, верагодна, у 16 ст. як варыянт герба «Любіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
фактары вонкавага асяроддзя, у аснове дзеяння якіх ляжаць уплывы жыццядзейнасці адных арганізмаў на другія і на нежывое асяроддзе. Разам з абіятычнымі фактарамі і антрапагенным уздзеяннем на прыроду фарміруюць умовы жыцця мікраарганізмаў, раслін, жывёл, уплываюць на колькасць жывых арганізмаў і іх дынаміку. Дзеянне біятычных фактараў выяўляецца ўзаемаўплывам жывых арганізмаў, напр. узаемадзеянне драпежніка і ахвяры, паразіта і гаспадара, унутры- і міжвідавая канкурэнцыя, насякомае-апыляльнік і кветкавая расліна і інш. Сувязі паміж біятычнымі фактарамі ляжаць у аснове фарміравання трафічных ланцугоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГА́МІЯ (ад аа... + ...гамія),
тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕРО́ІД (ад а... + грэч. nēros вільготны + eidos від),
прылада для вымярэння атм. ціску. Асн. дэталь — метал. скрыначка, унутры якой вакуум. Пры павышэнні ціску яна сціскаецца, што праз злучаную з ёю спружыну выклікае зрушэнне стрэлкі на шкале. Адчувальнасць да 10 Па. Для атрымання сапраўднага значэння ціску ў паказанні анероіда ўводзяць папраўкі, якія вызначаюцца пры параўнанні з данымі ртутнага барометра. Выкарыстоўваецца таксама як вышынямер (напр., у авіяцыі; шкалу анероіда градуіруюць у метрах).