БАРАДУ́ЛІН Рыгор Іванавіч (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЬЕ́Ф (франц. relief ад лац. relevo узнімаю),
сукупнасць форм зямной паверхні, разнастайных паводле абрысаў, памераў, паходжання, узросту і гісторыі развіцця. Формы Р. могуць быць дадатныя, або выпуклыя (горы, узвышшы, узгоркі), і адмоўныя, або ўвагнутыя (катлавіны, яры, рачныя даліны). Паводле маштабаў развіцця вылучаюць планетарныя формы Р. (мацерыкі, ложа акіянаў), мегарэльеф (горныя сістэмы, раўніны, упадзіны акіянаў), макрарэльеф (горныя хрыбты, міжгорныя ўпадзіны), мезарэльеф (узгоркі, яры), мікрарэльеф (стэпавыя сподкі, карставыя варонкі), нанарэльеф (тэрмітнікі, купіны, кратавіны).
Р. увесьчас эвалюцыяніруе, формы ўтвараюцца, відазмяняюцца, разбураюцца, пахаваны або часткова захоўваюцца ў выглядзе рэліктаў былых геал. эпох. Залежыць ад характару, тыпу і ўзросту горных парод і асн.геал. структур, тэктанічнага развіцця, клімату, гідралаг. і гідрагеал. умоў, хуткасці і асаблівасцей разбурэння ці растварэння парод, пераносу і назапашвання адкладаў. Утвараецца і зменьваецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных працэсаў і экзагенных працэсаў. Эндагенныя рухі літасферных пліт і мацерыкоў, землетрасенні, векавыя падняцці і апусканні зямной кары, вулканічныя працэсы ў спалучэнні з уздзеяннем сіл сонечнага і месячнага прыцягнення і ’вярчэння Зямлі ўтвараюць буйныя структурныя (морфаструктура) няроўнасці Р. сушы і дна Сусв.ак. Узвышаныя тэр. характарызуюцца значнымі абс. і адноснымі вышынямі, стромкасцю схілаў і глыбінямі расчлянення, узрастаннем гравітацыйных працэсаў, дэнудацыі, эрозіі. Экзагенныя працэсы, абумоўленыя прамяністай энергіяй Сонца, утвараюць больш дробныя формы Р. (морфаскульптура), якія прыводзяць да згладжвання, выраўноўвання Р. Горы разбураюцца, расчляняюцца, набываюць рысы выпрацаванага, дэнудацыйнага і структурна-дэнудацыйнага Р. На фарміраванне Р. (асабліва ў гарах) уплываюць таксама гравітацыйныя працэсы, якія адбываюцца пад уздзеяннем сілы цяжару (лавіны, абвалы, асыпкі, апоўзні). Перавага экзагенных разбуральных працэсаў прыводзіць да пераўтварэння горных краін у хвалістыя дэнудацыйныя раўніны (пенеплены). Тэрыторыі, якія паніжаюцца, паступова нівеліруюцца, укрываюцца адкладамі, што зносяцца з больш узвышаных мясцін. На нізінных тэр. утвараецца акумулятыўны Р. са згладжанымі рысамі, увагнутымі схіламі, нязначнымі вышынямі (раўніны, нізіны). Р. садзейнічае дыферэнцыяцыі ландшафтаў і сам зазнае ўплыў занальнасці геаграфічнай і вышыннай пояснасці. Важныя асаблівасці Р. наяўнасць мацерыкоў, дзе абсалютныя вышыні да 1000 м складаюць 21,3%, раўніннага мацерыковага шэльфа, апушчанага пад узровень воднай паверхні акіяна да 100—200 м (зрэдку да 350—400 м); мацерыковага схілу з нахіламі ад 2—5 да 25° і глыб. да 1500—2000 м, ложа акіяна, дзе на глыбіні 4000—5000 м прыпадае 23,3%, 3000—6000 м — 53%. Агульная амплітуда верт. расчлянення Р. Зямлі амаль 20 тыс.м (г.Джамалунгма — 8848 м, глыбакаводны Марыянскі жолаб — 11022 м). У выніку актыўнага дзеяння экзагенных працэсаў паверхня сушы больш складаная і разнастайная, чым дно акіянаў і мораў. Самымі буйнымі марфалагічнымі тыпамі паверхні сушы з’яўляюцца: раўнінныя краіны (больш за 1/3 плошчы), буйныя ўзвышшы і плато з вял. ўпадзінамі, горныя сістэмы, хрыбты і інш. горныя пабудовы. Паводле марфалагічнай выяўленасці, вышыні над узр. ак. вылучаюцца: высакагор’і, якія ўздымаюцца вышэй снегавой лініі, маюць ледавікі, вострыя вяршыні, трогі, ледавіковыя цыркі (Гімалаі, Кардыльеры, Альпы, Каўказ); сярэднягор’і з акруглымі вяршынямі, вышыннай пояснасцю, без слядоў абледзяненняў (Карпаты, Паўд. Урал); нагор’і з горнымі хрыбтамі і міжгорнымі масівамі, высока размешчанымі над узр. ак. (Армянскае, Іранскае, Усх. Памір); плато і пласкагор’і ў выглядзе прыўзнятых эразійных раўнін, абмежаваных уступам; нізкагор’і з градамі, гарамі і ўзгоркамі выш. да некалькіх соцень метраў, якія маюць мяккія абрысы і пакатыя схілы (Казахскі драбнасопачнік, Бадхыз, Карабіль); раўніны з плоскімі хвалістым і перасечаным Р., невял. амплітудамі вышынь, часта ўскладненымі градавымі, увалістымі, узгоркавымі і інш. дробнымі формамі (Прыкаспійская, Зах.-Сібірская раўніны). У пераўтварэнні Р. вял. роля належыць чалавеку (гл.Антрапагенны рэльеф) які свядома (тэрыконы, дамбы, адвалы, кар’еры) або ўскосна, пры няправільнай гасп. дзейнасці (яры, прасяданне паверхні, разбурэнне і размыванне схілаў і берагоў) зменьвае яго. Р. мае важнае гасп. значэнне. Ён уплывае на кліматычныя ўмовы, расліннасць, глебаўтваральныя працэсы, на спецыялізацыю земляробства і жывёлагадоўлі; яго асаблівасці ўлічваюцца пры праектаванні і буд-ве дарог, трубаправодаў, каналаў, вадасховішчаў, на спосабы здабычы карысных выкапняў і інш. Р. і гісторыю яго фарміравання вывучае геамарфалогія.
На Беларусі асн. формамі Р. з’яўляюцца ўзвышшы, раўніны і нізіны, характэрныя рысы якіх вызначаны дзейнасцю ледавікоў. Найб. пашыраныя формы ўласналедавіковыя (марэнныя грады, раўніны і ўзгоркі), флювіягляцыяльныя (зандравыя раўніны, камавыя ўзгоркі, озавыя грады, тэрасы), алювіяльныя (даліны рэк, тэрасы, поймы, старыцы), азёрныя і азёрна-ледавіковыя (нізіны, катлавіны, тэрасападобныя пляцоўкі), эолавыя (дзюны, пясчаныя грады і ўзгоркі), крыягенныя (бугры пучэння).
Літ.:
Махачек Ф. Рельеф Земли: Опыт регионального морфол. описания поверхности Земли. Т. 1—2. М., 1959—61;
Райс Р.Дж. Основы геоморфологии: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў,
горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс.ж. (1998).
Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн.Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл.Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У часвайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс.ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс.ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл.Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс.ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.
Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл.Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл.Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесьгар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.
Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.
Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.Да арт.Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.У цэнтры Мсціслава.Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСТВА (ад бел. селянін — жыхар сяла, вёскі),
традыцыйная сац. група непасрэдных с.-г. вытворцаў, якія вялі гаспадарку сіламі сваёй сям’і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі; карысталіся пэўнымі правамі і неслі абавязкі (павіннасці); мелі ўласцівыя ім псіхал. рысы: прыхільнасць да традыцыі ў вытв-сці, побыце, свядомасці, схільнасць да мясц. замкнутасці і г.д. Ва ўсіх дакапіталіст. і раннекапіталіст. грамадствах С. складала асн. частку насельніцтва і аказвала значны ўплыў на іх гісторыю. З прагрэсам вытв. сіл і развіццём грамадскага падзелу працы сяляне ўцягваліся ў сац.-эканам. сувязі, што ствараліся таварна-грашовымі адносінамі, і падвяргаліся сац. расслаенню. З іх асяроддзя ў значнай ступені сфарміраваліся класы гар. наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў. З глыбокай старажытнасці існаваў комплекс сац.-эканам. і паліт. праблем, звязаных з сял.землекарыстаннем і землеўладаннем і канфліктамі паміж С. і інш. катэгорыямі землекарыстальнікаў (землеўладальнікаў) — т.зв. аграрнае пытанне. Для яго вырашэння на працягу ўсёй гісторыі дзярж. формы грамадства праводзіліся і праводзяцца шматлікія аграрныя рэформы, якія ў залежнасці ад таго, якія сац.-паліт. сілы іх праводзяць, маюць розны змест і па-рознаму адбіваюцца на лёсах сялян. У развітым рыначным грамадстве С. — адносна нешматлікі сац. слой (напр., у с.-г. вытв-сці Германіі ў 1990-я г. было занята 6% працаздольнага насельніцтва, Нідэрландаў — 4%, Вялікабрытаніі — 1,2%). У адных з гэтых краін амаль завершаны, у інш. працягваецца працэс замены традыц.сял. гаспадарак на чыста капіталіст. фермерскія і памяншэння колькасці С. У краінах, што развіваюцца, эвалюцыя С. ўскладнена агульнай адсталасцю сац.-эканам. развіцця. Тут, як і раней, С. складае большую ч.эканам. актыўнага насельніцтва (у 1990-я г. ў Індыі 65%, Кітаі 60%, Кеніі каля 80% і г.д.), адыгрывае значную ролю ў эканам. і грамадска-паліт. жыцці. З разбурэннем пазямельнай абшчыны С. розных краін здаўна аб’ядноўваецца ў пэўныя формы с.-г.кааперацыі. У СССР фарсіраванае каапераванне сельскай гаспадаркі адбывалася ў выглядзе калектывізацыі. З развіццём індустрыялізацыі колькасць сельскага насельніцтва тут значна паменшылася (34% у 1987). У б. рэспубліках СССР з ліквідацыяй сацыяліст.эканам. і грамадскіх адносін далейшы лёс фактычна рассяляненага сельскага насельніцтва залежыць ад шляхоў і поспеху праводзімых рыначных рэформ.
Як грамадскі клас С. складвалася на аснове аддзялення рамяства ад земляробства пры распадзе першабытнага грамадства і ўсталяванні прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці. На тэр. Беларусі гэты працэс адбываўся ў канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. З развіццём феадалізму С. разам з феадаламі складала адзін з 2 асн. класаў грамадства. У ВКЛ, куды з 13—14 ст. уваходзіла Беларусь, сяляне знаходзіліся ў эканам. і юрыд. залежнасці ад дзяржавы, свецкіх феадалаў і рэліг. устаноў, зямлёй якіх яны карысталіся, выконваючы за гэта пэўныя павіннасці (паншчына, аброк, чынш і інш.). У 15—16 ст. сфарміравалася прыгоннае права і розныя катэгорыі феад. залежных сялян (людзі «пахожыя», людзі «непахожыя», отчычы, закупы і інш.) ператварыліся ў адзінае саслоўе прыгонных сялян, якія фактычна з’яўляліся ўласнасцю феадалаў. У апошняй чвэрці 18 ст. на Беларусі дзяржава валодала 24,6% сял. гаспадарак, свецкія феадалы — 65%, царква — 10,4%. З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі (1772—95) становішча С. істотна не змянілася. Пасля сялянскай рэформы 1861, якая скасавала прыгоннае права, пачаўся працэс класавай дыферэнцыяцыі С. на сельскую буржуазію (кулацтва) і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. Грамадз. правы С. заставаліся істотна абмежаванымі, яно несла асн. цяжар падаткаў і вайсковай павіннасці. У 1897 сельскае насельніцтва Беларусі (пераважна С.) складала 5774 тыс.чал. (86,5% усяго насельніцтва). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 прыватная ўласнасць на зямлю скасавана, частка канфіскаванага памешчыцкага і інш. буйнога землеўладання размеркавана сярод беззямельных і малазямельных сялян.
Калектывізацыя 1930 — пач. 50-х г., якая суправаджалася раскулачваннем, спрыяла ўтварэнню якасна новай сац.-класавай групы — калгаснага С. У выніку індустрыялізацыі і працэсаў урбанізацыі колькасць сельскага насельніцтва (пераважна сялян-калгаснікаў і блізкіх да іх рабочых саўгасаў) увесьчас скарачалася. У 1939 яно складала 7057 тыс.чал. (79,2% усяго насельніцтва), у 1959—5575 тыс. (69,2%), у 1979—4297 тыс. (44,9%), у 1999—3084 тыс. (30,7%). З б. сялян паходзіць асн. маса сучасных рабочых, служачых, інтэлігенцыі. З пач. 1990-х г. адбываецца рэфармаванне і пераўтварэнне калгасаў і саўгасаў на аснове прынцыпаў рыначнай эканомікі праз стварэнне на іх базе калектыўна-долевых сельгаспрадпрыемстваў, акц. т-ваў і інш. новых фарміраванняў, што аб’ектыўна вядзе да далейшага скарачэння колькасці занятага ў іх С. Фарміруецца сац. слой індывід.с.-г. прадпрымальнікаў — фермерства (гл.Фермерская гаспадарка), якое выкарыстоўвае працу наёмных с.-г. рабочых.
Літ.:
Сказкин С.Д. Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;
Аграрный вопрос и роль крестьянства в развивающихся странах // Проблемы мира и социализма. 1978. № 12;
Классы и сословия средневекового общества. М., 1988;
История крестьянства России с древнейших времен до 1917 г.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1987—93;
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), у Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У часірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял. гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у часПаўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач. 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз. абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У часграмадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр. звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам у суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж. перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар. скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА АД ВЫТОКАЎ ДА ПАЧАТКУ 20 ст.
Тэатр — адзін з найб.стараж. і распаўсюджаных відаў мастацтва на Беларусі. Яго вытокі ў міфалогіі, нар. рытуалах, карагодах, карнавальных шэсцях і гуляннях. Многія каляндарна-абрадавыя святы, звязаныя з гадавым кругаваротам сонца, утрымліваюць элементы драматургіі, славеснага і фізічнага дзеяння, гульнёвую імправізацыю, што ўласціва тэатр. мастацтву. Нар. святы, рытуалы, тэатралізаваныя гульні прымяркоўваліся да кожнай пары года: з вясенняга цыкла — гуканне вясны, Сёмуха, русаллі, з летняга — Купалле, зажынкі, дажынкі, з асенняга — Пакроў, Багач, з зімовага — Каляды, масленіца і інш. Асабліва вылучаліся сваёй яркасцю, багатай тэатралізацыяй Купалле і Каляды — час летняга і зімовага сонцастаяння. Купалле праводзілася на працягу толькі адной ночы, але па насычанасці драматургічнымі элементамі, гульнёва-тэатр. ігрой яго можна назваць вялікай нар. містэрыяй. Каляды адзначаліся на працягу 2 тыдняў і яшчэ больш звязаны са сцэн. дзеяннямі, выканальніцкай традыцыяй (выкарыстанне калядоўшчыкамі масак і грыму, пераапрананне ў мядзведзя, казу і інш., паказ драм. сцэн, выступленні з дыялогамі, маналогамі і г.д.). Другой крыніцай узнікнення і фарміравання фалькл. тэатра стаў «кругаварот» чалавечага жыцця. Рытуаламі, нар. абрадамі, магічнымі дзеяннямі, у якіх таксама ёсць выразныя элементы драм.-тэатр. ігры, адзначаюцца ўсе асн. жыццёвыя вехі чалавека: ад нараджэння (адведкі, хрэсьбіны) да памінання памерлага. Найвышэйшы іх узлёт — вяселле, якое складаецца з трох асноўных цыклаў: давясельнага (сватанне, агледзіны, заручыны), уласна вясельнага і паслявясельнага (працягваецца значны час). Яно суправаджаецца элементамі ігры, тэатр. дзейства. Цэнтр. яго частка — сам ход вяселля, дзе адбываецца акрэслены падзел на гледачоў (запрошаныя госці за сталом і незапрошаныя, якія назіраюць за падзеямі збоку) і непасрэдных дзеючых асоб абраду. Асн. персанажы, на якіх ускладаюцца кіраўніча-рэжысёрскія функцыі, — сват і свацця. Іншыя дзеючыя асобы, у т. л. жаніх і нявеста, таксама выконваюць прызначаныя ім ролі. Е.Раманаў назваў бел. вяселле нар. операй.
На пачатку зараджэння сцэн. мастацтва не было відавочнага падзелу на выканаўцаў і гледачоў — усе маглі выконваць абедзве функцыі. З развіццём грамадства і дасягненнем пэўнага ўзроўню цывілізацыі ўзнікла патрэба ў адмысловых майстрах, спецыялістах сваёй справы. Так з’явіліся першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх пачынаецца з даўніх часоў. У залежнасці ад заняткаў іх называлі па-рознаму (гудцы, плясцы і інш.). З 11 ст. замацоўваецца тэрмін «скамарохі» (паводле галоўнага творчага занятку ўжываюцца таксама паняцці «бахары», «мядзведнікі»). Яны падзяляліся на вандроўных і аселых. Найб. распаўсюджанне і вядомасць набылі вандроўныя скамарохі, якія выступалі на кірмашах, плошчах і інш. людных месцах. Іх мастацтва, разлічанае на самыя шырокія нар. масы, вызначалася глыбокім дэмакратызмам, крытычнай скіраванасцю ў бок чалавечых заган і пануючых класаў, а ўмовы выступленняў вымагалі імправізацыйнасці, умення прыстасоўваць паказы да розных абставін. У рэпертуары — фалькл. і жыццёва рэальныя сюжэты пераважна камедыйна-фарсавага і сатыр. плана. Пазней, калі ў грамадстве склаліся пануючыя класы, узніклі аселыя скамарохі. Яны выступалі ў княжацкіх палацах, магнацкіх і панскіх маёнтках, абслугоўвалі гаспадароў і іх гасцей. Іх мастацтва мела ўвесяляльны характар, але вызначалася высокім выканальніцкім майстэрствам і культурай. Творчасць скамарохаў спалучала ўсе асн. віды сцэн. мастацтва — драм., муз., вакальнае, танцавальнае, цыркавое, эстраднае. Яны выступалі не толькі выканаўцамі, а вялі і арганізатарскую, пастановачна-рэжысёрскую працу. Дзейнасць аселых скамарохаў спынілася ў 19 ст., вандроўныя выступалі і ў пачатку 20 ст. З 16 ст. пашырыліся школьныя тэатры, створаныя на тэр. Беларусі пад уплывам краін Захаду. Яны існавалі пры духоўных навуч. установах (акадэміях, калегіумах, семінарыях, брацкіх школах). Спачатку — у каталіцкіх, а пазней ва уніяцкіх і правасл. вучэльнях, дзе выхаванцы авалодвалі сцэн. маўленнем і тэатр.-выканальніцкім умельствам. Драм. творы розных жанраў — літургічныя драмы, містэрыі, міраклі, маралітэ — ствараліся на сюжэты Бібліі, антычнай міфалогіі, тэмы гісторыі. Іх аўтарамі звычайна былі выкладчыкі навуч. устаноў. У галіне драматургіі працавалі Сімяон Полацкі (пазней ён пераехаў у Маскву, дзе стаў заснавальнікам школьнай драмы і тэатра ў Расіі), К.Марашэўскі (асаблівую папулярнасць набыла яго «Камедыя», сюжэт і вобразы якой выкарыстоўваюцца і ў сучасным бел.сцэн. мастацтве), М.Цяцерскі (найб. вядомы яго твор — «Доктар па прымусе» паводле Ж.Б.Мальера) і інш. Папулярнасцю ў гледачоў карысталіся ўстаўныя сцэнкі — інтэрмедыі, не звязаныя з асн. сюжэтам, пераважна камед. і сатыр. плана на тагачасныя свецкія і фалькл. тэмы. Іх аўтарамі выступалі самі шкаляры-навучэнцы. З найб. каларытных інтэрмедый — «Чорт Асмалейка», «Іван і царкоўны вартаўнік», «Селянін і студэнт», «Селянін і студэнт-уцякач», «Літаратар, селянін і Самахвальскі», «Мужык», «Змітрок і Свірыд», «Селянін у касцёле», «Селянін на споведзі». Вобразы беларусаў з іх характэрнай лексікай выведзены ў асобных інтэрмедыях да школьных драм «Уладатворчы воблік», «Уваскрэсенне мёртвых», «Стэфанотакас», «Камічнае дзеянне», «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» і інш. Пастаноўшчыкамі спектакляў былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі, а выканаўцамі — навучэнцы. Спектаклі ставіліся паводле эстэтыкі сцэн. класіцызму са строгім захаваннем прынцыпаў і манеры выканання. У інтэрмедыях дапускаліся адступленні ад устаноўленых правіл, яны выконваліся больш у жыццёва-побытавым плане. Паказы школьных драм, часам з выкарыстаннем даволі складанай тэатр. машынерыі і дэкарацыйна-светлавой сістэмы афармлення, адбываліся ў вучэбных памяшканнях. Былі выпадкі, калі навучэнцы-шкаляры, каб атрымаць пэўны заробак, у час канікул вандравалі па розных населеных пунктах і разыгрывалі інтэрмедыйныя сцэны перад шырокай публікай. У розны час школьныя тэатры працавалі ў Полацку, Пінску, Гродне, Віцебску, Навагрудку, Мінску, Нясвіжы, Брэсце, Оршы, Слуцку, Магілёве, Слоніме, Бабруйску. Яны праіснавалі да пач. 19 ст.
Самы папулярны від фалькл.сцэн. мастацтва — лялечны тэатр батлейка. Яго назва паходзіць ад польскай назвы г. Віфлеем — месца нараджэння Хрыста. Батлейка ўяўляла сабой маляўніча аздобленую драўляную скрынку ў форме хаткі ці царквы, падзеленую на 2 ярусы: верхні і ніжні. У падлозе кожнага з іх былі проразі, па якіх на шпянях батлейшчык вадзіў лялькі. Падзеі, што адбываліся ў батлейцы, асвятляліся свечкамі. Лялькавод знаходзіўся за шырмай, адкуль прамаўляў за дзеючых асоб інтанацыйна-індывідуалізаваны тэкст. Паказы суправаджаліся музыкай (звычайна скрыпкі, бубна). Яны складаліся з 2 аддзяленняў: рэліг. часткі, у якой паказвалася містэрыя «Цар Ірад» (апавяданне пра нараджэнне Хрыста і пра каварныя ўчынкі, якія здзяйсняў цар Ірад, каб утрымацца на троне), і свецкай, дзе разыгрываліся асобныя сцэнкі на быт. і фалькл. тэмы, не звязаныя з асн. тэкстам драмы. Падзеі 1-й часткі паказваліся на верхнім ярусе, 2-й — на ніжнім. Спектаклі былі сінтэтычныя, убіралі ў сябе драм., вакальна-муз., танцавальнае мастацтва. Асабліва шырока выкарыстоўваліся песні і скокі ў 2-й інтэрмедыйнай частцы паказу. Выканаўцамі напачатку выступалі шкаляры-семінарысты, пазней — рамеснікі, сяляне. Прафесія батлейшчыка нярэдка перадавалася з пакалення ў пакаленне па спадчыне. Мастацтва батлейкі спалучала ў сабе сярэдневяковыя містэрыяльную строгасць і ўзнёсласць з весялосцю і карнавальнай культурай. Паказы батлейкі, распаўсюджанай па ўсёй Беларусі, адбываліся на вуліцах, плошчах, інш. людных месцах, а найчасцей — у дамах, выконваючы ролю своеасаблівага хатняга тэатра. У сваім развіцці батлейка прайшла вялікі эвалюцыйны шлях — ад «Цара Ірада» да інтэрмедый, камедыйна-сатырычных па жанры і глыбока дэмакратычных па змесце, у якіх знайшла адлюстраванне нар. філасофія. Сярод інтэрмедый: «Вольскі — купец польскі», «Мацей і доктар», «Барыня і доктар», «Волжскі дваранін і Ванька», «Яўрэй і казак», «Цыган і цыганка», «Скамарох з мядзведзем». У Беларусі вядомы каля 40 лялек-персанажаў, увасоблены асн. тыпы тагачаснага грамадства і фалькл. вобразаў, дзякуючы чаму батлейка мела шырокія магчымасці для адлюстравання самых розных тэм і сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ставіліся спектаклі і без «Цара Ірада». Тады паказы адбываліся ў аднаяруснай скрынцы. Выступалі батлейшчыкі і ў жывым плане, у т.зв. батлеі. З пач. 20 ст. ў спектаклях часам адлюстроўваліся надзённыя падзеі той мясцовасці, дзе адбываліся паказы, і батлейка выконвала ролю своеасаблівай жывой газеты (напр., тэатр Патупчыка ў Докшыцах). Напр., у 1915 у Мінску 90 разоў быў наладжаны паказ такой жывой батлейкі. Мастацтва бел. батлейкі М. і І. Барашкі дэманстравалі ў 1923 у Маскве на сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы.
Вышэйшы этап развіцця фалькл.тэатр. творчасці — нар. драма, якая сінтэзавала дасягненні скамарохаў, батлейшчыкаў, выканальніцкае мастацтва школьных інтэрмедый, вядомая на Беларусі з 17 ст. Асноўны драм. твор — «Цар Максімілян» — меў шмат варыянтаў. Іншы раз яго замянялі «Цар Ірад» у жывым выкананні ці кантамінацыя абодвух твораў — «Трон». Як і ў батлейцы, у нетрах якой фактычна і сфарміравалася нар. драма, паказы падзяляліся на 2 часткі: сур’ёзную, дзе разыгрываўся асн. сюжэт (узыходжанне Максіміляна на царскі трон, яго барацьба з сынам Адольфам, смерць апошняга, пахаванне) і камедыйную, у якой разыгрываліся інтэрмедыйныя сцэнкі, нярэдка ў пашыраных і паглыбленых варыяцыях батлейкі. Асн. сюжэт і разрозненыя, не звязаныя адна з адной інтэрмедыі аб’ядноўвала агульная карнавальная накіраванасць і танальнасць, нар. «смехавая» культура, дзе прыніжалася высокаўзнёслае, а фамільярнасць трактавалася як нармальная форма зносін паміж людзьмі; смехам нішчыліся сац. няроўнасць, прыгнёт, чалавечыя заганы. Нар. драма наблізілася да мастацтва прафес. тэатра: паказы па працягласці часу былі прыкладна раўназначныя спектаклям, вяліся рэпетыцыі, выканаўцы завучвалі тэкст, распрацоўвалі мізансцэны, выкарыстоўвалі грым, спец. касцюмы, рэквізіт, які замяняў дэкарацыі. У якасці рэжысёра была сцэн. традыцыя. Нар. драма канчаткова сфарміравала і зацвердзіла прыёмы і манеру ігры ў фалькл. тэатры: сцэн. дэкламацыйнасць, гукавая ўзмоцненасць і напеўнасць маўлення, шырокія, узбуйненыя жэсты і рухі, знешняя кідкасць, падкрэсленая ўмоўнасць існавання ў вобразе, спец. выкарыстанне эфектаў, імправізацыйнасць, непасрэдная апеляцыя да гледачоў і інш.Нар. драма зрэдку ставілася аматарамі і ў 20 ст. (апошнія паказы вядомы ў 1963), выкарыстоўвалася і ў прафес. тэатры (1924, 1926).
Фалькл. сцэн. мастацтва — скамарохі, інтэрмедыі школьнага тэатра, батлейка, нар. драма — паўплывала на станаўленне і развіццё нац. прафесійнага тэатра. У 18 ст. створаны шматлікія прыдворныя гарадскія і маёнткавыя тэатры, якія нярэдка з аматарскіх перарасталі ў прафес. калектывы. Напр., у Альбе пад Нясвіжам 13.6.1746 сыграна камедыя Ф.У.Радзівіл «Дасціпнае каханне» (на 10 гадоў раней, чым першы спектакль «бацькі рускага тэатра» Ф.Волкава ў Яраслаўлі). Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, заснаваны ў 1746 Ф.У.Радзівіл, працаваў з некаторымі перапынкамі да 1791. У 1747—48 для яго пабудаваны спец. будынак, спектаклі ставіліся і ў інш. месцах. Для гэтага тэатра Ф.У.Радзівіл стварыла 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Сярод пастановак яе п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Убачанае не мінае» (1749), «Забава фартуны», «Суцяшэнне ў клопатах» і «Золата ў агні» (усе 1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751). Рэжысёрамі былі Ф.У.Радзівіл, Я.Фрычынскі і інш. Разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі запрошаныя майстры. Сярод найб. вядомых выканаўцаў К.Аўсінскі, Я.Закжэўскі, М.Лазанская, М.Перажынская, В.Ясінскі. Падзеяй стала пастаноўка 17.10.1784 оперы «Агатка, або Прыезд пана» (музыка Я.Голанда, лібрэта М.Радзівіла), прымеркаваная да прыезду ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тэатр. справу, пачатую Ф.У.Радзівіл, працягвалі інш. прадстаўнікі роду Радзівілаў. У 1751 Г.Ф.Радзівіл стварыў тэатр у Слуцку (спец. памяшканне для яго пабудавана ў 1765), дзе ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі; з выканаўцаў — Мараўскі, Ажэльскі, у пастаноўках удзельнічалі кадэты, падданыя Радзівіла. У 1769—80 працаваў Гродзенскі тэатр А.Тызенгаўза, які набыў вядомасць высокім выканальніцкім майстэрствам. Ставіліся творы італьян., ням., франц. аўтараў. Трупа папаўнялася і запрошанымі з-за мяжы акцёрамі, і выпускнікамі мясц.муз.-тэатр. школы (у 1780 у ёй налічвалася больш за 70 чал.). Сярод найб. вядомых акцёраў М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Сітанская, М.Чаклінская. У 1771—91 у Слоніме працавала прыдворная тэатр. трупа М.К.Агінскага. Спачатку яна існавала як «плывучы тэатр» (паказы наладжваліся на баржах на Агінскім канале), у 1780 пабудавана адмысловае шыкоўнае памяшканне, прыстасаванае для грандыёзных па маштабе спектакляў з вялікай колькасцю выканаўцаў і ў пышным маст. афармленні. Частка сцэны запаўнялася вадой з канала, і па ёй плавалі лодкі, білі асветленыя бенгальскімі агнямі 2 фантаны, паказваліся розныя водныя феерыі з дапамогай піратэхнікі, баталіі коннікаў. Ставіліся оперы, балеты, муз. камедыі, трагедыі, у т. л. «Альзіра» і «Мар’яна» Вальтэра, «Зменены філосаф» і «Елісейскія палі» М.К.Агінскага. Філіялы Слонімскага тэатра працавалі ў г. Седльцы (Польшча) і мяст. Целяханы.
Маштабнасцю і пышнасцю паказаў вызначаўся Шклоўскі тэатр графа С.Зорыча, які дзейнічаў у 1778—1800 (памяшканне пабудавана ў 1780). У ім выступалі замежныя гастралёры, навучэнцы кадэцкага корпуса, прыгонныя выканаўцы. Асабліва славіўся драм. акцёр П.Мяшчэрскі, выканальніцкая манера і майстэрства якога паўплывалі на творчасць рэфарматара рус. сцэны М.Шчэпкіна. Вядомасць набылі прыгонныя акцёры — сёстры П. і К. Азарэвічы, Г. і Р. Бекеры, К.Буткевіч, М.Бушынская, Г.Максімовіч, Я.Палітыка, К.Скорабагаты, Н.Соніна, Л.Суворава, Я.Чуцікаў, Ф.Шамборскі, А.Янкілевічава. Асабліва грандыёзнае тэатр. відовішча (пантаміма з алегорыямі з выкарыстаннем да 70 пышных дэкарацый) наладжана 30.5.1780 з нагоды сустрэчы ў Шклове імператрыцы Кацярыны II і аўстр. імператара Іосіфа II. На прадстаўленні прысутнічаў увесь расійскі двор. Пашыранымі ў 18 ст. былі і маёнткавыя сцэн. калектывы. Сярод іх тэатры князёў Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, тэатры Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах. У г. Магілёў працаваў тэатр графа З.Р.Чарнышова. Пры буйнейшых тэатр. калектывах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове) арганізоўваліся школы, якія рыхтавалі акцёраў, музыкантаў. Высокімі патрабаваннямі і дакладна арганізаваным навуч. працэсам славілася муз.-тэатр. школа Тызенгаўза ў Гродне. Выкладаць у ёй запрашалі замежных спецыялістаў, а таксама найб. таленавітых выхаванцаў уласных школ. Шэраг выпускнікоў з Гродна, Шклова пазней сталі вядучымі творцамі Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У канцы 18 ст. на Беларусі з’явіліся першыя прафес. антрэпрызы камерцыйных агульнадаступных тэатраў, якія сталі пашыранымі ў пач. 19 ст. У 1801 М.Кажынскі ў Гродне арганізаваў оперна-драм. трупу, якая ў 1802—05 працавала ў Мінску, гастраліравала ў Маскве, Віцебску, Полацку, Бешанковічах і інш. У 1811—32 мінскую антрэпрызу ўзначальваў А.Жукоўскі. У 1812 Я.Ходзька з групай паліт. і культ. дзеячаў паставіў у Мінску сваю п’есу пра падзеі вайны 1812 «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». Даволі інтэнсіўным было тэатр. жыццё ў Гродне. З 1794 тут выступала трупа актрысы і антрэпрэнёра С.Дэшнер. У 1802 яна атрымала дазвол мясц. улад на сталую арэнду памяшкання гар. тэатра. З 1806 гэты калектыў узначальваў Я.Шыманскі. Сярод спектакляў «Зоська, ці Вясковыя залёты» М.Каменскага, «Служанка-пані» Дж.Паізіела, «Данос» В.Капніста. З пач. 19 ст. арганізоўваліся тэатр. трупы ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Полацку, Слуцку, Шклове і інш., але працавалі яны не заўсёды стабільна. Сярод найб. вядомых кіраўнікоў тэатраў-антрэпрэнёраў К. і Я. Камінскія, Ю.Мілеўскі, А.Руткоўскі, Р.Скібінскі, Я.Хелмікоўскі. З пач. 19 ст. па 1861 на Беларусі працавала больш за 50 антрэпрэнёраў.
Самая маштабная постаць у бел. драматургіі і тэатр. мастацтве 19 ст. — В.Дунін-Марцінкевіч, які заклаў асновы нац. тэатра. У пач. 1840-х г. ён ствараў драм. творы і ўдзельнічаў у іх пастаноўках: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (выканаў ролю Іагана Бенатана), «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Сялянка» (апублікавана ў 1846). З 2-й пал. 1840-х г. В.Дунін-Марцінкевіч вёў мэтанакіраваную працу па стварэнні прафес.нац. тэатра, які адкрыўся 9.2.1852 у Мінску спектаклем «Сялянка» (рэж. В.Дунін-Марцінкевіч, музыка С.Манюшкі, К.Кжыжаноўскага і інш.). Пастаноўка сінтэзавала драм., вакальна-муз. і танц. мастацтва. Акрамя выканаўцаў роляў (у складзе трупы было больш за 20 чалавек), удзельнічалі хор і аркестр. Найб. поспех меў В.Дунін-Марцінкевіч — выканаўца цэнтр. ролі Навума Прыгаворкі. У спектаклі выступалі яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, Кжыжаноўскі, Лопат, Ляўданскі, Кабылінскі, Прушынскі і інш. Спектакль вызначаўся маштабнасцю і сцэн. маляўнічасцю, наследаваў традыцыі нар.фалькл. і прафес.тэатр. мастацтва. Пасля першага паказу «Сялянкі» дзейнасць тэатра забаронена ўладамі. Нелегальныя паказы адбываліся да 1856 у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. Пазней В.Дунін-Марцінкевіч працягваў тэатр. дзейнасць у фальварку Люцынка (каля г. Івянец) разам з вучнямі ў створанай ім школе. Сярод яго драм. твораў, якія захаваліся, — фарсы-вадэвілі «Пінская шляхта» (1866), «Залёты» (1870). Пачынанні В.Дуніна-Марцінкевіча ў драматургіі працягвалі Я.Баршчэўскі (рамант. драма «Жыццё Сіраты», 1849), П.Шпілеўскі (п’еса «Дажынкі», 1857), Г.Марцінкевіч (камедыя «Аказія пры Палкоўніцах», паст. ў Віцебску ў 1862), А.Вярыга-Дарэўскі (драма «Гордасць», камедыя «Гнеў», лібрэта камедыі-оперы «Грэх», усе ў 1863 канфіскаваны), Ядвігін Ш. (камедыя «Злодзей», 1892). Аднак царскай цэнзурай яны былі забаронены да пастаноўкі, і большасць з іх не захавалася.
У пач. 20 ст. разгарнуўся інтэнсіўны рух за адраджэнне бел. тэатра. У 1902 без дазволу цэнзуры, нелегальна пастаўлена п’еса «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў Радашковічах і маёнтку Карлсберг пад Радашковічамі, у 1906 — у Пятроўшчыне пад Мінскам. У 1909 у в. Кленікі на Гродзеншчыне ўвасоблена п’еса «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага. У 1910-я г. набылі папулярнасць бел. вечарынкі, на якіх ставіліся драм. спектаклі, чыталіся творы бел. пісьменнікаў, выконваліся нар. песні і танцы. Найб. значнай стала Першая бел. вечарынка ў Вільні, праведзеная 12.2.1910. У ёй удзельнічалі 3 калектывы: драм., створаны Ф.Аляхновічам (паказана п’еса «Па рэвізіі», выканаўцы роляў А.Бурбіс, Ч.Родзевіч, Ф.Мурашка, У.Арлоўскі, Г.Корсак, Ф.Аляхновіч); харавы пад кіраўніцтвам Л.Рагоўскага, які праспяваў «А хто там ідзе?» (музыка Л.Рагоўскага на словы Я.Купалы), бел.нар. песні; танцавальны на чале з І.Буйніцкім. Удзельнічала каля 100 выканаўцаў, прысутнічала каля 1 тыс. гледачоў. Трыумфальна праведзеная вечарынка стала штуршком і асновай для стварэння нац.прафес. тэатра — Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Калектыў, арганізаваны І.Буйніцкім у 1907 у в. Палівачы, быў папоўнены новымі выканаўцамі, у т. л. і ўдзельнікамі вечарынкі ў Вільні, і ўжо як прафес. тэатр — Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — летам 1910 выехаў на гастролі па Беларусі. У аснову дзейнасці тэатра быў пакладзены прынцып бел. вечарынак: у адзін вечар ставілася п’еса, хор выконваў нар. песні, паказваліся танцы, выступалі дэкламатары з чытаннем бел. вершаў. Тэатр быў вандроўны, праводзіў маст.-асветную работу і карыстаўся ў гледачоў вялікім поспехам. Выступаў у Мінску, Полацку, Дзісне, Слуцку, Нясвіжы, Смаргоні, Капылі і інш. гарадах і мястэчках Беларусі, у Пецярбургу (1911, 1912), Варшаве (1913). Сярод пастановак: «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава. У спектаклях удзельнічалі І.Буйніцкі, А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч), Воінаў, Карскі, Карповіч і інш. У 1913 тэатр з-за матэрыяльных цяжкасцей і цэнзурнага ўціску спыніў сваю дзейнасць. Справу Буйніцкага прадоўжыў Ф.Ждановіч. З прафес. акцёрамі і аматарамі Мінска ён падрыхтаваў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы і летам 1913 паказаў яго ў Радашковічах. Нягледзячы на поспех спектакля, Ф.Ждановіч не атрымаў дазволу на адкрыццё ў Мінску новага тэатра — Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Адкрыццё тэатра адбылося значна пазней — 23.4.1917. На сцэне Мінскага гар. тэатра былі паказаны «Паўлінка» і «У зімовы вечар». Пазней Першае таварыства бел. драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча працавала ў клубе «Беларуская хатка», у т. л. ў складаных умовах германскай і польскай акупацыі (1918—20). Упершыню тут былі пастаўлены «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «Мікітаў лапаць» М.Чарота. Побач з вопытнымі акцёрамі [Ф.Ждановіч і Ф.Аляхновіч, якія займаліся і рэжысёрска-адміністрацыйнай дзейнасцю, Г.Грыгоніс, К.Міронава, П.Мядзёлка, А.Ліпніцкая, А.Крыніца (сапр. А.Ждановіч)] у тэатры працавалі і пачаткоўцы (І.Ждановіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, С.Станюта), якія пазней сталі выдатнымі майстрамі сцэны.
Значны след у гісторыі тэатр. мастацтва пакінуў Бел. музычна-драм. гурток у Вільні, які распачаў дзейнасць 19.5.1910 пастаноўкай Ф.Аляхновічам п’есы К.Каганца «Модны шляхцюк». Афіц. адкрыццё адбылося 31.3.1911, калі быў зацверджаны статут. Гурток упершыню даў сцэн. жыццё «Паўлінцы» Я.Купалы (27.1.1913, рэж. А.Бурбіс, у ролі Паўлінкі — С.Маркевіч) і «Залётам» В.Дуніна-Марцінкевіча на музыку М.Ячыноўскай (25.1.1915, рэжысёры А.Бурбіс і М.Ячыноўская, у ролях К.Душэўскі, А.Бурбіс, З.Бядуля). Калектыў ставіў «Міхалку» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.Валодзьскага і інш. З-за акупацыі герм. войскам Вільні дзейнасць гуртка спынілася, але ўжо 1.6.1916 быў адкрыты Бел. клуб, у якім разгарнула працу Бел.драм. дружына пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Тут пастаўлены яго п’есы «На Антокалі», «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк», «Чорт і Баба», сцэн. фантазія «У купальскую ноч», а таксама «Паўлінка», «Антось Лата» і інш. У 1918 калектыў, рэарганізаваны ў Нар. тэатр, узначаліў А.Бароўскі. На яго аснове меркавалася стварыць у Вільні Бел.дзярж. тэатр, але задума засталася няздзейсненай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ Ў 1920—80-я г.
Гісторыя Узбр. Сіл Беларусі цесна звязана з зараджэннем і развіццём Беларускай ваеннай акругі (БВА). Узбр. фарміраванні, створаныя на ўзор Чырвонай гвардыі, з’явіліся на тэр. Беларусі ў сак. 1917. Гэта былі баявыя дружыны рабочых Оршы і рабочая міліцыя Мінска. Да кастр. 1917 у 44 нас. пунктах Беларусі налічвалася больш за 16 тыс. чырвонагвардзейцаў, у пач. 1918 — больш за 20 тыс.чал. Пазней гэтыя атрады былі перафарміраваны ў часці Чырв. Арміі, якія дзейнічалі на Зах. фронце.
Ідэя стварэння вайск. фарміраванняў з ураджэнцаў бел. губерняў узнікла напярэдадні крушэння Рас. імперыі, калі на розных франтах 1-й сусв. вайны з’явіліся т.зв. гурткі бел. ваенных. Адзін з першых такіх гурткоў, які паклаў пачатак бел.ваен. руху, створаны 8.5.1917 у Рызе; напачатку ім кіраваў Бел.нац. камітэт (БНК). Больш масавы і легальны характар рух набыў у жн. 1917, калі Часовы ўрад выдаў спец. дэкрэт, паводле якога дазвалялася пераўтварыць у нацыянальныя тыя адзінкі рас. арміі, дзе большасць складалі прадстаўнікі «нярускіх» нацыянальнасцей. Шырокі размах руху патрабаваў каардынацыі, выпрацоўкі сумеснай праграмы дзеянняў разрозненых арг-цый, стварэння кіруючых цэнтраў. Па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР) у кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах адбыліся з’езды воінаў-беларусаў. Пачаткам гэтай кампаніі стаў з’езд Зах. фронту, які адбыўся 18—24.10(31.10—6.11). 1917 у Мінску. На ім таксама прысутнічалі прадстаўнікі 12-й арміі Паўн. фронту, Балтыйскага флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў стварэнне бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Па асн. пытанні «арганізацыя беларускай арміі» з’езд прыняў рэзалюцыю, у якой адзначалася неабходнасць стварэння бел. арміі. З’езд выпрацаваў канцэпцыю яе арганізацыі, пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), выбраў часовую ЦБВР і яе выканком; прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агіт., фін., гасп. і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі войска; прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езд Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых з’ездаў воінаў-беларусаў падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах.ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
На другі дзень пасля Кастр. рэвалюцыі (за 2,5 месяцы да Дэкрэта аб стварэнні РСЧА) у Мінску па ініцыятыве бальшавікоў была сфарміравана першая рэгулярная часць рэв. арміі. У яе склад увайшлі салдаты і унтэр-афіцэры рас. 10-й арміі Зах. фронту, якія за адказ ісці ў наступленне былі арыштаваны і накіраваны ў Мінск на гарнізонную гаўптвахту. Арыштанты кожнай камеры выбралі камандзіраў, якія ўзяліся фарміраваць роты, батальёны, штаб палка. Таму 25.10(7.11).1917, калі Мінскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў абвясціў, што бярэ ўладу ў свае рукі, камандзір прапаршчык М.Т.Рэмнеў вывеў калону ў горад і накіраваў яе на Петраградскую (цяпер Ленінградскую) вуліцу, дзе тады знаходзіўся Мінскі Савет. Тут адбыўся мітынг, на якім вырашылі назваць полк «1-м рэвалюцыйным імя Мінскага Савета». Полк папоўніўся добраахвотнікамі з ліку чыгуначнікаў і рабочых-гарбароў, атрымаў зброю і боепрыпасы. У далейшым удзельнічаў ва ўстанаўленні і ўмацаванні сав. улады на Беларусі, Украіне, у грамадз. вайне ў Расіі, вызваленні Мінска ад польскіх акупантаў у 1920, падаўленні Кранштацкага паўстання 1921 і інш.
Пытанне фарміравання рэв. войск упершыню разглядалася ў Мінску на нарадзе Зах. фронту прадстаўнікамі 2-й, 3-й і 10-й армій у снеж. 1917. Паводле прынятай пастановы арганізацыя рэв. часцей ускладвалася на рэўкомы, салдацкія к-ты і мясц. Саветы. Планавалася ствараць рэв. дружыны, атрады, роты, батальёны, палкі і нават дывізіі. У Мінскім гарнізоне аб сваёй прыхільнасці да сав. улады заявілі салдаты і прапаршчыкі 37-га і 289-га пях. палкоў, кав. эскадрон і батарэя зенітных пушак. У 2-й арміі быў створаны сацыяліст. атрад нар. арміі колькасцю больш за 1 тыс.чал. У складзе 3-й арміі створаны 1-я і 2-я дывізіі народна-сацыяліст. гвардыі (па 1 тыс.чал. у кожнай). У выніку дзейнасці бальшавікоў Беларусі і Зах. фронту на іх бок да пач. 1918 перайшло 15 пях. палкоў і 3 артыл. брыгады. Найб. прыток у армію беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі адбыўся пасля захопу ням. войскамі Мінска (21.2.1918). Да крас. 1918 у Чырв. Армію з Зах. вобласці ўступілі каля 10 тыс.чал., да канца 1918 з Віцебскай і Магілёўскай абл. — больш за 30 тыс.чал. Былі сфарміраваны 1-ы, 2, 3, 4 і 5-ы чырвонаармейскія палкі імя Віцебскага Савета, Сенненскі нар. полк, 1-ы Мсціслаўскі нар. батальён, 1-ы Рэвалюцыйны полк Аршанскага Савета. Фарміраванні Чырв. Арміі меліся таксама ў Быхаўскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і інш. паветах.
Фарміраванне бел.нац.вайск. часцей працягвалася і пасля Кастр.рэв. 1917. Стварэнню рэв.нац.ваен. адзінак садзейнічала тагачасная палітыка цэнтр. бальшавіцкіх органаў. Аднак паміж імі і мясц. бальшавіцкай уладай не было ўзгодненасці і вяліся спрэчкі па пытанні стварэння ваен.бел. фарміраванняў. Цэнтр. органы ў Петраградзе і Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага М.В.Крыленкі дазволілі фарміраванне бел.ваен. адзінак, а Ваен.-рэв.к-тПаўн.-Зах. вобласці і Зах. фронту, старшынёй якога быў А.Ф.Мяснікоў, выступалі супраць. Так, 23.11.1917 Вярх. галоўнакамандуючы выдаў загад, паводле якога дазвалялася стварэнне нац. палкоў, і на наступны дзень нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага М.Дз.Бонч-Бруевіч даў дазвол на стварэнне 1-га пях. Мінскага бел. палка. Аднак галоўнакамандуючы Зах. фронтам Мяснікоў адмяніў загад Крыленкі, і дэкрэтам выканкома СНКЗах. вобласці і Зах. фронту ад 30.1.1918 ЦБВР была ліквідавана. Стварэнне бел.вайск. адзінак найб. актыўна праводзілася ў 1917 — пач. 1918 на Рум. фронце, дзе агульная колькасць вайскоўцаў-беларусаў дасягала больш за 100 тыс.чал. Найбольшай вайск. адзінкай быў 4-ы армейскі корпус, які складаўся пераважна з беларусаў і адным з першых загадам па фронце названы Беларускім (да вайны корпус доўгі час дыслацыраваўся на тэр. Беларусі). Таксама загадам па фронце Таўрагенскі пагран. полк (амаль увесь асабовы склад — беларусы) названы Беларускім гусарскім нацыянальным палком. Рабіліся захады аб перайменаванні інш. часцей і злучэнняў, дзе ў асабовым складзе пераважалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі.
28.11.1918 Рэўваенсавет Рэспублікі прыняў пастанову аб стварэнні Мінскай ваен. акругі, а 14.12.1918 загадам РВСЗах. арміі абвешчана аб перайменаванні акругі ў Заходнюю ваен. акругу (Зах.ВА). Кіраўніцтва акругай ажыццяўляў акруговы ваенны камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). Першымі акруговымі камісарамі былі чл. Рэўваенсавета Зах. арміі І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў, ваен. кіраўніком акругі — Я.З.Барсукоў. Стварэнне акругі спрыяла падрыхтоўцы рэзерву для дзеючай арміі. У сак.—крас. 1919 сталі фарміравацца Ельнінскі, Віцебскі, Рагачоўскі запасныя стралк. палкі, Рослаўскі, Магілёўскі запасныя стралк. батальёны, запасны кав. полк у Барысаве, асобныя запасныя лёгкая і гаўбічная батарэі ў Смаленску. Акруговаму ваен. камісарыяту таксама падпарадкоўваліся каравульныя і рабочыя батальёны, каменданцкія роты, канвойныя каманды, маршавыя фарміраванні, якія ахоўвалі тыл і камунікацыі, выконвалі інш. задачы. Адначасовае існаванне на зах. напрамку франтавога камандавання і акруговага апарата тлумачылася спецыфікай будаўніцтва Чырв. Арміі. Рэўваенсавет Зах. арміі ажыццяўляў ваенна-аператыўнае кіраўніцтва дзеючымі вайск. часцямі, а акруга прыкрывала зах. напрамкі і была для франтавых аб’яднанняў крыніцай папаўнення людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Паводле дырэктывы Гал. камандавання Чырв. Арміі ад 12.2.1919 створаны Зах. фронт. Войскі фронту мелі 80 тыс. штыкоў і шабель, часці, што прыкрывалі Літву і Беларусь, складалі 46 тыс.чал. Кіруючыся дырэктывай «Аб аб’яднанні савецкіх сацыялістычных рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам» ад 1.6.1919, Рэўваенсавет Рэспублікі перафарміраваў арміі Латышскую ў 15-ю, а Беларуска-Літоўскую ў 16-ю. Была наладжана цэнтралізаваная сістэма забеспячэння часцей фронту і акругі, размеркавання матэрыяльных сродкаў і баявых сіл. Да 1.6.1920 фронт папоўнены больш як 40 тыс. байцоў, часці і падраздзяленні атрымалі тэхніку і ўзбраенне. Аб’яднанне мела 91,4 тыс. штыкоў і шабель, 694 гарматы, 29 авіяц. атрадаў (у кожным па 6 самалётаў). Упершыню на Зах. фронце 4.7.1920 праведзена танк. атака на пазіцыі польск. арміі. У баях супраць польскіх войск удзельнічала Заходнядзвінская ваен. флатылія, сфарміраваная ў ліст. 1919.
Пасля заканчэння ваен. дзеянняў у ліст. 1920 Зах.ВА аб’яднана з Зах. фронтам. Адначасова была арганізавана пагран. служба: сфарміравана 1-я пагран. дывізія, 55-я стралк. брыгада пераўтворана ў 2-ю пагран. дывізію. Гэтыя злучэнні былі выведзены са складу фронту і прыступілі да выканання задач па ахове дзярж. граніцы). Дывізіі і палкі ў асн. перайшлі на штаты мірнага часу. У пач. 1923 Рэўваенсавет Рэспублікі вырашыў перавесці 9 палявых дывізій на тэр.-кадравы прынцып камплектавання. Першым тэр. злучэннем Зах. фронту стала 2-я Беларуская дывізія. Зах. фронт адзін з першых у Чырв. Арміі перайшоў на корпусную арганізацыю (у склад стралк. карпусоў уваходзілі 2—3 стралк. дывізіі, артыл. дывізіёны, шэраг падраздзяленняў забеспячэння). У 1924 пачалося фарміраванне кав. карпусоў. Паводле загаду Рэўваенсавета СССР ад 8.4.1924 Зах. фронт пераўтвораны ў Зах.ВА. У кастр. 1924 войскі акругі пераведзены на новыя штаты (у склад дывізіі ўваходзілі 3 стралк. палкі, лёгкі артыл. полк, асобны кав. эскадрон, сапёрная рота, роты сувязі і інш. падраздзяленняў забеспячэння). Колькасць асабовага складу вызначана ў 12,8 тыс.чал. На ўзбраенні меліся 54 гарматы, 189 станковых і 81 ручны кулямёт, 243 гранатамёты. Тэр. прынцып камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей быў пашыраны на інш. дывізіі і палкі. Для падрыхтоўкі камандных ваен. кадраў у ліст. 1924 створана Беларуская аб’яднаная вайсковая школа імя ЦВКБССР, якая за гады свайго існавання падрыхтавала значную колькасць спецыялістаў, у т. л. вядомых военачальнікаў (І.І.Якубоўскі, В.П.Маргелаў, В.А.Пянькоўскі і інш.). З 1925 штогод праводзіліся палкавыя вучэнні і манеўры. У кастр. 1926 Зах.ВА перайменавана ў БВА. Войскі акругі ўзмоцнены авіяцыяй і зенітнай артылерыяй (у 1928 пачалося фарміраванне 2 авіябрыгад, на базе асобных зенітна-артыл. батарэй і дывізіёнаў створаны полк і 8 зенітна-артыл. асобных дывізіёнаў, узброеных 76-мм мадэрнізаванымі зенітнымі пушкамі). У 1937 у складзе БВА налічвалася 15 стралк. і 7 кав. дывізій і дэсантная брыгада. У 1-й пал. 1930-х г. у акрузе ствараліся аўтабранятанкавыя і механізаваныя войскі. У 1930—33 на ўзбраенне паступілі танкі Т-24, Т-26, БТ, Т-28, танкеткі Т-27. Перааснашчалася вайсковая артылерыя: на ўзбраенне паступілі 122-мм і 152-мм гаўбіцы, 76-мм і 122-мм пушкі, 122-мм пушкі-гаўбіцы і інш. гарматы айч. вытв-сці. Авіяц. злучэнні і часці акругі атрымалі знішчальнікі І-15, І-16, І-153, бамбардзіроўшчыкі СБ, ТБ-3. Развіваліся войскі ППА, удасканальвалася тэхніка войск сувязі, інж. часцей і падраздзяленняў. У сістэме тылавога забеспячэння ствараліся рамонтна-аднаўленчыя батальёны. Працягвалася буд-ва ўмацаваных раёнаў (УР), якія пачалі ствараць у 1928 уздоўж Зах. граніцы СССР, у т. л. 4 на зах. мяжы БССР. У 1935—38 ажыццёўлены пераход ад змешанай тэр.-кадравай сістэмы да кадравага прынцыпу буд-ваУзбр. Сіл. У сувязі з гэтым тэр.стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. БВА была доследнай базай Чырв. Арміі, дзе праходзіла праверку новая арганізац.-штатная структура войск, выпрацоўваліся новыя тактычныя прыёмы і формы баявых дзеянняў. Вял. манеўры 1936 на тэр. Беларусі характарызаваліся выкарыстаннем парашутнага дэсанта (1800 чал.) і дэсанта, высаджанага пасадачным спосабам (5700 чал.). 26.7.1938 БВА перайменавана ў Беларускую асобую ваен. акругу (БАВА).
У вер. 1939 сав. ўрад загадаў Гал. камандаванню Чырв. Арміі ўзяць пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. З войск БАВА створаны Беларускі фронт, у склад якога ўвайшлі 3-я, 11-я, 10-я, 4-я арміі, конна-механізаваная рухомая група, 23-і асобны стралк. корпус. На Палессі па Прыпяці наступала Дняпроўская ваен. флатылія. На працягу 6 дзён фронт выканаў пастаўленую задачу. 14.11.1939 Бел. фронт зноў перайменаваны ў Беларускую асобую ваенную акругу, а з 11.7.1940 — у Зах. асобую ваен. акругу (Зах. АВА). Удасканальвалася структура войск акругі, пачалося фарміраванне артыл. процітанк. брыгад. Арганізац. мерапрыемствы праводзіліся ў бранятанк. войсках, ВПС, ППА, войсках сувязі і інш. У 1940 пачалося буд-ва новых умацаваных р-наў уздоўж новай зах. граніцы БССР, якая ўсталявалася пасля вер. 1939. Аднак правесці ўсе абарончыя мерапрыемствы да лета 1941 па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах не паспелі. Таму пачатак баявых дзеянняў супраць войск фаш. Германіі для Зах. АВА склаўся вельмі неспрыяльна.
З пач.Вял.Айч. вайны Зах. АВА стала наз.Зах. фронтам. Да 30.6.1941 з-за вял. страт у жывой сіле і баявой тэхніцы войскі фронту налічвалі ўсяго 16 дывізій; франтавая авіяцыя мела 150 самалётаў, з іх 52 знішчальнікі. Стаўка Вярх.гал. камандавання перадала фронту 4 рэзервовыя арміі. Вясной 1942 у складзе фронту з’явіліся стралк. і танк. карпусы, у войскі паступілі аўтаматычная стралк. зброя, процітанк. ружжы, цяжкія і сярэднія танкі (КВ і Т-34), новыя гарматы і самалёты (Іл-2, Як-1, Пе-2) і інш. Колькасць войск у параўнанні з 2-й пал. 1941 павялічылася ў 6 разоў. 25.9.1943 войскі Зах. фронту вызвалілі Смаленск, 26 вер.сав. войскі авалодалі Хоцімскам — першым на іх шляху райцэнтрам Беларусі. У крас. 1944 Зах. фронт быў падзелены (яго левае крыло — 33-я і 49-я арміі, а таксама 50-я армія 1-га Бел. фронту — стала наз. 2-м Бел. фронтам 2-га фарміравання), яго правае крыло стала наз. 3-м Бел. фронтам. Да пач. Беларускай аперацыі 1944 войскі бел. франтоў атрымалі значнае папаўненне асабовым складам і падмацаваны ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Пры садзейнічанні бел. партызан яны прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў, а таксама вялі баявыя дзеянні ў Прыбалтыцы, Польшчы і Германіі. У Вял.Айч. вайну сотні тысяч беларусаў (у чэрв.—жн. 1941—500 тыс.чал., у жн.—снеж. 1944 — больш за 700 тыс.чал.) былі прызваны ў Чырв. Армію і зрабілі значны ўклад у разгром ням.-фаш. войск. 440 воінаў-беларусаў сталі Героямі Сав. Саюза, 300 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Многія афіцэры, генералы і адміралы з Беларусі ў ходзе вайны сталі вядомымі военачальнікамі, у т. л.нач. Генштаба А.І.Антонаў, камандуючымі франтамі Ф.І.Кузняцоў, В.Д.Сакалоўскі, нач. штабоў франтоў У.Р.Вашкевіч, К.А.Каваленка, С.І.Любарскі, Б.А.Пігарэвіч, камандуючымі арміямі М.А.Антанюк, А.Р.Бацюня, В.М.Бібікаў, С.В.Вішнеўскі, А.І.Гасціловіч, П.М.Казлоў, П.П.Корзун, С.А.Красоўскі, А.І.Лапацін, А.І.Лізюкаў, У.М.Марцінкевіч, Ф.І.Перхаровіч, А.В.Петрушэўскі, У.П.Свірыдаў, М.С.Філіпоўскі, У.А.Чыстоў, С.І.Чарняк, В.А.Юшкевіч. Многія камандзіры часцей і злучэнняў (напр., ген. Л.Даватар), шэраг інш. афіцэраў і салдат (напр., М.Гастэла, А.Гаравец, Ф.Смалячкоў) сталі легендарнымі асобамі.
Значны ўклад у перамогу над фаш. Германіяй зрабіла партыз. армія Беларусі (налічвала каля 40 партыз. злучэнняў, каля 200 партыз. брыгад, 1255 партыз. атрадаў, а таксама інш. фарміраванняў з асабовым складам больш за 374 тыс.чал. і каля 400 тыс.чал. скрытых рэзерваў). Партыз. рух і падпольная барацьба на тэр. акупіраванай Беларусі ў гады 2-й сусв. вайны набылі ваен.стратэг. характар і сталі па сутнасці адным з важных франтоў Вял.Айч. вайны. У Беларускай аперацыі 1944 актыўны ўдзел прынялі сотні тысяч партызан і падпольшчыкаў Беларусі (каля 150 тыс. з іх потым улілося ў шэрагі Чырв. Арміі, у т. л. ў гвардз. злучэнні).
Ужо ў кастр. 1943 было сфарміравана ўпраўленне БВА (у Смаленску, са жн. 1944 — у Мінску). У ліп. 1944 у склад БВА уключана таксама тэр.Літ. ССР (у студз.—ліп. 1945 БВАназ. Беларуска-Літоўскай ваен. акругай). У ліп. 1945 яна падзелена на Мінскую і Баранавіцкую ваен. акругі. Да вер. 1945 амаль усе злучэнні, часці, штабы і ўстановы, якія ўвайшлі ў склад акруг, былі перадыслацыраваны на тэр. Беларусі. Упраўленне Мінскай ваен. акругі знаходзілася ў Мінску, Баранавіцкай ваен. акругі — у Бабруйску. У лютым 1946 гэтыя акругі аб’яднаны ў БВА. У 1950-я г. войскі акругі адначасова з паўсядзённай вучобай, нясеннем унутр. і каравульнай службаў асвойвалі новыя ўзоры зброі і баявой тэхнікі. Асабовы склад вучыўся дзеянням ва ўмовах магчымага выкарыстання ядз. зброі, інш. сродкаў барацьбы. Злучэнні акругі атрымлівалі ракетную зброю рознага прызначэння. Удасканальваліся і звычайныя сродкі паражэння: на ўзбраенне паступалі новыя артыл. сістэмы, танкі, самаходна-артыл. ўстаноўкі, процітанкавыя сродкі, бронетранспарцёры, проціпаветраныя зенітныя ракеты ў комплексе з радыётэхнічнай апаратурай, самалёты з дагукавой і звышгукавой скорасцю, удасканальваліся інж. і хім. войскі, сродкі сувязі і разведкі. У 1960-х г. працягвалася ўдасканаленне форм і метадаў кіраўніцтва войскамі на полі бою. Праверкай вывучкі войск і штабоў акругі з’явіліся манеўры «Дняпро» (1967), «Нёман» (1968), «Дзвіна» (1970), «Вясна — 75». У гэты перыяд войскамі акругі камандаваў І.М.Траццяк, пад кіраўніцтвам якога ў войсках адбывалася сапраўдная тэхн. рэвалюцыя; асабліва паскоранымі тэмпамі будаваліся паркі часцей і злучэнняў, абсталёўваліся запасныя раёны, вучэбныя цэнтры, бранядромы, танкадромы, аўтадромы і многае інш. У 1968 за ўклад у справу ўмацавання абароннай магутнасці СССР і яго ўзброенай абароны, поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы і ў сувязі з 50-годдзем Сав. Арміі і ВМФБВА узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Войскі акругі працягвалі ўдасканальваць наступальныя і абарончыя дзеянні як ва ўмовах магчымага выкарыстання зброі масавага знішчэння, так і ў аперацыях з выкарыстаннем звычайнай зброі. Універсальнасць такога падыходу да навучання і выхавання войск пацвердзілі вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Захад-81» і інш. У канцы 1980-х г. войскі БВА лічыліся адным з самых аснашчаных у ваен. адносінах аб’яднаннем. Толькі групоўка стратэг. сіл уключала 180 злучэнняў і ўстаноў (каля 40 тыс.чал.), тут знаходзіўся 81 носьбіт з ядз. зарадамі. На ўзбраенні злучэнняў і часцей была самая сучасная зброя і тэхніка, якія мела на той перыяд Сав. Армія (танкі Т-72, баявыя машыны пяхоты БМП-2, бронетранспарцёры БТР-80, самалёты МіГ-29, Су-24, Су-25, Су-27, баявыя верталёты Мі-24). У 1985—91 (у час перабудовы) войскі акругі практычна не мянялі колькасць і структуру. На практыцы гэты курс выявіўся ў прыняцці абарончай ваен. дактрыны СССР: мець Узбр. Сілы меншага складу, каб забяспечыць эканомію сіл і сродкаў.