Першыя генетычна-селекцыйныя працы на Беларусі праводзіліся М.В.Рытавым у Горы-Горацкім земляробчым ін-це з сярэдзіны 19 ст. У самастойную навук. дысцыпліну генетыка сфарміравалася ў пач. 20 ст. У 1920—30-я г.навук. цэнтрам па генетыцы і селекцыі была БСГА, дзе даследавалі селекцыю агароднінных і пладовых (М.В.Рытаў), сельскагаспадарчых (У.У.Вінер) і бабовых сідэральных культур (Я.К.Аляксееў), дробныя расавыя прыкметы сельскагаспадарчых і дэкаратыўных раслін, міжвідавую і міжродавую гібрыдызацыю (А.І.Лапо, К.Р.Рэнард), развіццё маладняку буйной рагатай жывёлы і значэнне экстэр’еру ў селекцыі сельскагаспадарчай жывёлы (М.В.Найдзёнаў), распрацоўвалі матэм. падыходы (П.Р.Лепер). Найб. актыўна генетыка і селекцыя развіваліся ў сярэдзіне 20 ст. (працы А.Р.Жэбрака і яго школы, у якіх даследавалася эксперыментальная поліплаідыя сельскагаспадарчых раслін). Жэбрак абгрунтаваў магчымасць утварэння новых відавых форм у межах роду трыцікум, што спрыяла перспектыўнаму развіццю селекцыі пшаніцы. Далейшы этап генетычных даследаванняў звязаны з імем М.В.Турбіна і ўтварэннем аддзела, а потым Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (1965). З 1955 вяліся даследаванні па генетыцы гетэрозісу, эксперыментальным мутагенезе, антымутагенезе, нехрамасомнай спадчыннасці, радыяцыйнай генетыцы, генетыцы паліплоідных папуляцый. М.В.Турбін сфарміраваў генетычную канцэпцыю гетэрозісу, заснаваную на тэорыі генетычнага балансу, Л.У.Хатылёва з супрацоўнікамі — тэорыю і метады генетычна збалансаваных гетэрозісных папуляцый раслін, навукова абгрунтавала генетычныя прынцыпы біяэнергетычнай канцэпцыі гетэрозісу. Даследаванні ў галіне эксперыментальнай поліплаідыі і гетэрозісу ў цукровых буракоў спрыялі ўтварэнню першай у СССР калекцыі тэтраплоідных форм, эксперыментальнаму вырошчванню паліплоідных гібрыдаў (У.Я.Борматаў, М.В.Турбін і інш.). За працы па статыстычнай генетыцы і выкарыстанні матэматычна-статыстычных метадаў у біялогіі П.Ф.Ракіцкаму ў 1974 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. За цыкл прац «Генетыка гетэрозісу і шляхі яго выкарыстання ў селекцыі раслін» у 1984 Дзярж. прэмія Беларусі прысуджана супрацоўнікам Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі У.Я.Борматаву, Я.А.Бычко, Л.М.Камінскай, А.А.Кедраву-Зіхману, Б.Ф.Матросаву, А.І.Палілаву, У.К.Саўчанку, Л.А.Таруцінай, М.В.Турбіну, Л.У.Хатылёвай. Тэарэтычныя распрацоўкі па гетэрозісе сталі асновай стварэння (сумесна з БелНДІ агародніцтва) шэрагу новых сартоў памідораў (Старт і інш.) і перцаў (Залацісты і інш.). Шэраг высокаўрадлівых і высокацукрыстых сартоў цукровых буракоў (Беларускі ПГ-31, МС-27, Белдан, Данібел, Кавебел) створаны разам з супрацоўнікамі Ганусаўскай занальнай доследнай станцыі. У 1970—80-я г. актыўна развіваліся малекулярная генетыка і генетычная інжынерыя. Даследаванні па структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, малекулярна-генетычным картаванні, генетычнай трансфармацыі праводзяць у Інстытутах генетыкі і цыталогіі (М.А.Картэль), лесу (Р.Р.Ганчарэнка, У.Я.Падутаў), Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі (У.М.Рашэтнікаў), БДУ (А.М.Еўтушэнкаў). Бел. генетыкі А.Г.Давыдзенка, Г.М.Палілава зрабілі ўклад у даследаванні праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм раслін. Створана тэарэтычная мадэль узаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры фарміраванні цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. У сельскагаспадарчых культур выяўлена роля ўстойлівасці чужародных цытаплазмаў да біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя. За цыкл прац «Распрацоўка фундаментальных і прыкладных праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм у раслін» супрацоўнікі Ін-та генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі П.А.Арлоў, А.А.Валуевіч, Г.М.Палілава ў 2002 адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі.
У Ін-це генетыкі і цыталогіі і Ін-це земляробства і кармоў Нац.АН Беларусі праведзены цыкл даследаванняў па ўтварэнні і генетычным вывучэнні новых форм трыцікале. Створаны і вывучаецца новы тып пшанічна-аржаных гібрыдаў — секалатрыцікум (І.А.Гардзей). Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблемах мутацыйнага працэсу, радыяцыйнай генетыцы, генетычных наступствах Чарнобыльскай катастрофы. Сфарміравана канцэпцыя антымутагенезу (Р.І.Ганчарова), выяўлены і вывучаны (І.Б.Масэ) некат. радыеахоўныя злучэнні (меланін). Выкананы даследаванні па генетыцы азотфіксавальных бактэрый і створаны штамы, на аснове якіх распрацавана бактэрыяльнае ўгнаенне (М.А.Троіцкі). Вядуцца даследаванні па механізмах ракавай анергіі (Г.В.Краскоўскі), шэрагу храмасомных і нехрамасомных сіндромаў прыроджаных заган развіцця (Г.І.Лазюк), ролі спадчыннасці ў патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч, В.П.Кулажанка), псіхічных хвароб (Т.Ц.Сарокіна), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш. Наладжана сістэма медыка-генетычнага кансультавання насельніцтва на базе рэсп. медыка-генетычнага цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абласных гарадах. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па генетыцы мікраарганізмаў вядуцца ў БДУ (Н.П.Максімава, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш.), па экалагічнай генетыцы (узаемадзеянне генатыпу раслін з асяроддзем) — у БСГА (А.У.Кільчэўскі), па генетыцы збожжавых і зернебабовых — у Ін-це земляробства і кармоў Нац.АН Беларусі, БСГА і БДУ (В.С.Анохіна, А.З.Латыпаў, М.П.Шышлоў і інш.). Даследаванні па розных праблемах генетыкі вядуцца таксама ў НДІ спадчынных і прыроджаных хвароб Мін-ва аховы здароўя, НДІ жывёлагадоўлі Нац.АН Беларусі, Віцебскім і Мінскім медыцынскіх, Брэсцкім пед. ун-тах, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і інш.
Літ.:
Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).