ГА́ЎЯ,

нацыянальны парк у Латвіі, у бас. р. Гаўя. Засн. ў 1973 для комплекснай аховы прыродных ландшафтаў, помнікаў прыроды і культуры, арганізацыі турызму і адпачынку. Пл. 83,75 тыс. га. У парку вылучаны ахоўныя зоны (каля 40% плошчы з рэжымам заказніка) і ўчасткі некранутай прыроды, на якіх выключана ўмяшанне чалавека. Лясы пераважна з хвоі, елкі, бярозы. Пашыраны: лось, дзік, казуля, заяц, бабёр і інш.; каля 150 відаў птушак. Рэакліматызаваны высакародны алень. Турызм.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАС-ВЕ́ГАС

(Las Vegas),

горад на З ЗША, у штаце Невада. Горад з 1905. 258 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 500 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Развіта індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, у т.л. ігральныя дамы. Большая частка насельніцтва занята ў гандлі і сферы абслугоўвання. Прам-сць: хім., паліграф., шкляная, эл.-тэхн., харчовая. Каляровая металургія. Ун-т. Буйны цэнтр турызму. Кліматычны курорт.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ-МА́ЎНТЫНС

(Blue Mountains),

Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч. Вял. Водападзельнага хр. Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс. га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАКРУ́С

(Veracruz),

горад на У Мексікі, на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва, у штаце Веракрус. Засн. ў 1519 Э.Картэсам. 327,5 тыс. ж. (1990). Гал. марскі (пераважна імпарт) порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр гал. нафтаздабыўнога раёна. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць, каляровая (выплаўка алюмінію) і чорная металургія, металаапрацоўка, зборка аўтамабіляў. Развіты таксама суднабудаванне, трубапракатная, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), баваўняная, джутавая прам-сць. Рыбалоўства. Курорт і цэнтр замежнага турызму. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА

(Województwo Bielskie),

на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс. км², нас. 906,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц.г. Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб. выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л. аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет. прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБЕ́НА

(Албена),

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 30 км ад г. Варна, на беразе Чорнага м., непадалёку (14 км) ад курорта Залатыя Пяскі. Развіваецца з канца 1960-х г. Мяккі марскі клімат, малавоблачнае надвор’е, брызы, цёплае мора з працяглай паласой (5 км, шыр. да 500 м) пясчанага пляжа — спрыяльныя ўмовы для аздараўленчага адпачынку, клімата- і таласатэрапіі. Шмат гасцініц, кемпінгаў, культ. і старт. комплексы, прывязаныя да навакольнага ландшафту. Цэнтр адпачынку і міжнар. турызму, месца правядзення фестываляў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОТ

(франц. grotte ад італьян. grotta),

1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.

2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.

3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).

4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап. садова-паркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУА́Н

(стараж. назва Сіене, Сіена),

горад на ПдУ Егіпта. Адм. ц. мухафазы Асуан. Порт на р. Ніл. Трансп. вузел. 192 тыс. ж. (1986). Хім. (азотныя ўгнаенні), тэкст., харч. прам-сць, здабыча жал. руды, буд. каменю. Каля горада гідраэнергет. комплексы Асуанскіх плацін. Цэнтр турызму і месца паломніцтва мусульманаў — ісмаілітаў, філіял Каірскага музея старажытнасцяў. Помнікі архітэктуры: скальная грабніца намарха Сарэнпута II (20 ст. да нашай эры), Абу-Сімбел, хрысц. манастыр св. Сімяона (8—13 ст.), мінарэт і маўзалеі (10—11 ст.). Батанічны сад. Курорт. Сухі трапічны клімат з умовамі для лячэння хвароб нырак.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДГАСТА́ЙН

(Badgastein),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Аўстрыі. На Пд ад г. Зальцбург ва Усх. Альпах на выш. каля 1000 м. Развіваецца з 14 ст., міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Клімат горны, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Каля 20 крыніц тэрмальных (да 50 °C) радонавых мінер. водаў (адкрыты ў 7 ст.), якія выкарыстоўваюць пры лячэнні органаў руху і апоры, кровазвароту, нырак і мочаправодных шляхоў. Спелеатэрапію (пры хваробах суставаў, сасудаў, перыферычнай нерв. і эндакрыннай сістэм) праводзяць у штольнях з павышанай радыеактыўнасцю паветра. Цэнтр міжнар. турызму і зімовага спорту.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ДЭН

(Baden),

Бадэн-бай-Він, горад у Аўстрыі, у перадгор’ях Венскага Лесу, зямля Ніжняя Аўстрыя. Засн. Стараж. рымлянамі. Каля 24 тыс. ж. (1991). Вінаробства. Бальнеалагічны курорт. Міжнар. вядомасць набыў у канцы 18—19 ст., калі стаў месцам адпачынку і летняй рэзідэнцыяй аўстр. двара. 15 крыніц тэрмальных (да 36 °C) серных мінер. водаў для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай, перыферычнай нерв., апорна-рухальнай і інш. сістэм. Санаторыі, гасцініцы, пансіянаты, НДІ рэўматалогіі і бальнеалогіі. Буйнейшы ў Ніжняй Аўстрыі цэнтр турызму. Музеі. Гатычныя касцёлы. Замкі 12 і 13 ст. (перабудаваныя). Старадаўнія камяніцы, у т. л. «Дом Моцарта».

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)