БУТАДЫЕ́Н-СТЫРО́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́, дывініл-стырольныя каўчукі,

сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і стыролу (ці ɑ-метылстыролу), [—CH2—CH=CH—CH2—]n—[CH2—CH(C6H5)—]m. Прадукты светла-жоўтага колеру, шчыльн. 900—990 кг/м³. Раствараюцца ў араматычных і аліфатычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў і к-т. Атрымліваюць суполімерызацыяй у эмульсіі ці растворы. Вулканізуюцца серай, атрыманая гума мае высокую трываласць, эластычнасць і зносаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці аўтамабільных шын, канвеерных стужак, гумавага абутку.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасці інш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАЦІ́НЫ,

бялкі верхняга слоя скуры і яе вытворных (валасоў, пер’я, кіпцюроў, капытоў, рагоў і інш.). Выяўлены 2 канфармацыі: β-К. (структура нерасцягнутых валокнаў) і β-К. (расцягнутая форма). Абумоўліваюць мех. трываласць скуры і скурных утварэнняў. У складзе К. шмат глутамінавай кіслаты, лейцыну, цыстэіну. Нерастваральнасць у вадзе, арган. растваральніках, устойлівасць да пратэалітычных ферментаў абумоўлена шматлікімі дысульфіднымі сувязямі паміж поліпептыднымі ланцугамі. Парушэнне абмену К. прыводзіць да захворванняў скуры.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬ (галанд. kiel) судна, 1) асноўная падоўжная бэлька ў дыяметральнай плоскасці карабля (судна), якая служыць асн. мацаваннем і сувяззю днішчавага набору, забяспечвае яго агульную трываласць. Бывае брусковы (у выглядзе бруса або некалькіх стальных палос), верт., гарыз., тунэльны і інш. 2) Вертыкальная ч. апярэння самалёта, верталёта, дырыжабля, ракеты. Служыць для надання ўстойлівасці і кіроўнасці лятальнаму апарату. К. авіяц. ракеты для зручнасці транспартавання і падвескі можа быць складным.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ЛЫ (ад грэч. tylos уздуцце, патаўшчэнне),

вырасты клетак восевай ці прамянёвай парэнхімы раслін. Запаўняюць поласці сасудаў і трахеід у ядровай драўніне або ў пашкоджаных участках ксілемы. Характэрны пераважна для дрэвавых раслін. Спыняюць транспарт рэчываў па сасудах, з’яўляюцца мех. перашкодай на шляху гіфаў грыба, якія пранікаюць па сасудах. Рэчывы, што назапашваюцца ў Ц. (смолы, камедзі, таніны), маюць антысептычныя ўласцівасці і павышаюць трываласць драўніны да загнівання.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРКА́С (ад франц. carcasse шкілет),

касцяк, шкілет якога-небудзь вырабу, збудавання. Складаецца з асобных, змацаваных паміж сабой элементаў (стрыжняў, бэлек, калон, ферм, панэлей і інш.). Вызначае трываласць, устойлівасць, даўгавечнасць, форму вырабу (збудавання). Робіцца з металу, жалезабетону, дрэва і г.д. У буд-ве К. — нясучая канструкцыя з верт. стоек і замацаваных на іх гарыз. элементаў. Пашыраны зборныя К. з нясучымі вонкавымі агараджэннямі будынкаў і лёгкімі навяснымі панэлямі (гл. Каркасна-панэльныя канструкцыі).

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШОЎК (ад стараж.-сканд. silki),

натуральная тэкстыльная нітка жывёльнага паходжання. Выдзяляецца спец. залозамі вусеняў тутавага шаўкапрада пры звіванні коканаў. Складаецца з бялковых рэчываў фібраіну (70—80%) і серыцыну (20—30%), воскаў, тлушчаў, мінер. рэчываў. Пры размотванні коканаў атрымліваюць Ш.-сырэц для вытв-сці шаўковых тканін. Вызначаецца тонкасцю, вял. гіграскапічнасцю, умераным бляскам; лёгка афарбоўваецца, устойлівы да дзеяння мінер. к-т, малаўстойлівы да дзеяння шчолачаў. Пад уздзеяннем святла і кіслароду паветра траціць трываласць.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАСЦЕНЬ, берасцянік,

гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай у беларусаў. Берасцяная аплётка надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць глінянага посуду, прызначанага для захоўвання ці халоднага прыгатавання ежы. Рабілі таксама берасцяную аплётку пашкоджанага посуду (пасля гэтага яго ўжо не ставілі ў печ). Даўнасць і масавасць бытавання такога прыёму выклікалі пашырэнне назвы «берасцень» нават на посуд, пазбаўлены берасцяной аплёткі (пераважна гладышы). Берасцені найбольш пашыраны былі на Паазер’і; у наш час выйшлі з ужытку.

Я.​М.​Сахута.

Берасцені.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),

фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля ​1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)