БЕЛАКО́З (Адольф Сцяпанавіч) (каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у т. л. «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ (Марыя Уладзіміраўна) (парт. псеўд. Рэгіна, Ванда, Вянеда; 4.1.1865, в. Цаперка Клецкага р-на Мінскай вобласці — 1887),

дзяячка рэв. руху ў Польшчы і на Беларусі. Па маці з роду Касцюшкаў. З 1874 жыла ў Варшаве. У 1881 здала экзамен на званне настаўніцы. У 1884 уступіла ў партыю «Пралетарыят». З ліп. 1884 на чале ЦК партыі. Вяла рэв. прапаганду, наладзіла выданне парт. газ. «Proletariat» («Пралетарыят»). Устанавіла кантакты з польскай сацыяліст. эміграцыяй ў Жэневе і Парыжы, з рэвалюцыянерамі Вільні, Беластока, Гродна, Мінска. 30.9.1885 арыштавана. У 1887 выслана ў Сібір. Памерла ў краснаярскай перасыльнай турме.

Тв.:

Pamiętnik. Wrocław, 1955.

М.У.Багушэвіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЬ ((Giedroyć) Міхал Ян Генрык) (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),

англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.​Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛЕ́НЬЕЎ (Іван Іванавіч) (?—22.2.1784),

расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.​І.​Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.

Н.​Ю.​Бярозкіна.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАШО́Ў (Валянцін Сяргеевіч) (6.8. 1915, Масква — 29.8.1994),

расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Новасібірскае муз. вучылішча (1939), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1946—62 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Амурскай флатыліі, Сібірскага нар. хору, з 1962 — Рускага народнага хору імя М.​Пятніцкага. Аўтар запісаў і апрацовак сібірскіх нар. песень. Сярод твораў: аперэта «Вятры вясновыя» (1964); паэма-кантата «Мая Сібір» (1950), «Паэма аб Амуры» (1949); аркестрава-хар. і вак.-харэаграфічныя сюіты; творы для аркестра нар. інструментаў, для голасу і фп.; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́Л,

2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.

Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.

Э.​Р.​Самусенка.

Марал..

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Юзаф Ануфрыевіч) (1800, в. Белічаны Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1840),

польскі пісьменнік, удзельнік нац.вызв. руху. З роду Масальскіх, брат Э.Т.А.Масальскага. Канд. філасофіі. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, скончыў Полацкую езуіцкую) акадэмію (1818). Служыў гувернёрам у Ю.​Славацкага ў Вільні. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філаматаў. За ўдзел у паўстанні 1830—31 сасланы ў Сібір. Аўтар аповесці «Яцак» (1823), зб. «Паэзія» (Вільня, т. 1—2, 1827—28), у якіх адбілася бел. тэматыка, папулярных баек, эпіграм, песень, у т. л. «Далібог, скажу маме...», музыку да якой напісаў С.​Манюшка (1842).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед. ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.​Урублеўскім, В.​Свянціцкім, І.​Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.

В.​М.​Чарапіца.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),

польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМО́ВІЧ (Вікенцій Восіпавіч) (каля 1830, в. Пярэсека Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — каля 1880),

удзельнік рэв. руху ў Беларусі ў 1850—60-я г., кампазітар. З казённых сялян. Працаваў арганістам і настаўнікам музыкі ў Навагрудку, настаўнікам сельскай школы і валасным пісарам ў мяст. Паланэчка Навагрудскага пав. Належаў да мінскай рэв. арг-цыі «чырвоных», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, вёў прапаганду сярод сялян. Сябраваў з паэтам В.​Каратынскім, мастаком Э.​Паўловічам. Аўтар музыкі да элегіі Каратынскага «Туга на чужой старане». У сак. 1863 арыштаваны і пасля працяглага зняволення ў мінскай турме сасланы ў Сібір. Памёр у Іркуцку.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)